Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Навігацыя па сайце

Яўгенія Янішчыц

Полымем зыркім душу апаліла.
Полымем белым ўзняло з небыцця.
… Ой жа зімой закіпае каліна,
Гронка яе – як надзея жыцця.  

У кожнай літаратуры ёсць вялікія і выдатныя паэткі. Яўгенія Янішчыц – адзін з самых яркіх і выдатных талентаў у нашай нацыянальнай паэзіі, пяснярка Палесся, вясковага жыцця, сялянскай працы. 

Яна нарадзілася 20 лістапада 1948 г. у вёсцы Рудка на Піншчыне. Родным мясцінам прысвяціла шматлікія прачулыя вершы: «Прыедзь у край мой ціхі…», «Старана мая азёрная», «Жыву сярод глухіх балот…»  і інш.

У літаратуры Яўгенія Янішчыц працавала крыху больш за дваццаць гадоў. У 11 год пачала пісаць вершы, якія былі прысвечаны маме. Свой першы афіцыйны верш (які захаваўся) яна напісала ў 1962 годзе «Ты – пясняр беларускі, паэт», прысвечаны 80-годдзю дня нараджэння Якуба Коласа. Ад яго вядзецца адлік яе творчага шляху. 

У 1963 годзе  пад кіраўніцтвам настаўніка рускай мовы і літаратуры Ф. Ф. Цудзілы ў 9-ым класе Парэцкай сярэдняй школы ўдзельнічала ў стварэнні нумароў «Літаратурнай газеты» і рукапіснага альманаха «Ясельда». Была аматаркай школьнай самадзейнасці, разам з іншымі выступала са сваімі вершамі на канцэртах у суседніх вёсках.

У 1966 г. Я. Янішчыц паступіла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Яна вучылася на адным курсе з Алесем Разанавым, Віктарам Ярацам, Таццянай Шамякінай, Генадзем Пашковым і іншымі будучымі літаратарамі. Ва ўніверсітэце лекцыі студэнтам чыталі Міхась Ларчан, Алесь Адамовіч, Алег Лойка і Ніл Гілевіч.

У студэнцкую пару Яўгенія Янішчыц шмат пісала і актыўна выступала ў беларускім друку. Некалькі яе вершаў адкрывае калектыўны зборнік студэнтаў Беларускага дзяржаўнага універсітэта «Натхненне» (1967). 

За год да заканчэння ўніверсітэта яна выдала першую ўласную кніжку – паэтычны зборнік «Снежныя грамніцы». Адзін з асобнікаў знаходзіцца ў фондзе Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі.

Паэтычны дэбют маладой аўтаркі ўхвалілі Н. Гілевіч, Дз. Бугаёў, Р. Бярозкін, А. Грачанікаў і інш. Натуральна, пасля такой прыхільнай і шырокай падтрымкі паэтка адчула новае дыханне. Адна за адной выходзілі яе кнігі – «Дзень вечаровы» (1974), «Ясельда» (1978), «На беразе пляча» (1980), «Пара любові і жалю» (1983), «Каліна зімы» (1987). Да Я. Янішчыц прыйшлі прызнанне і вядомасць, яна заслужана атрымала прэмію Ленінскага камсамола Беларусі і Дзяржаўную прэмію Беларусі імя Янкі Купалы (1986).

«Палеская ластаўка», «Палесся мілае дзіця», «палеская летуценніца» – так назвалі ў нашай літаратуры Яўгенію Янішчыц, якой, на жаль, было суджана пражыць усяго сорак гадоў. Жыццё паэткі трагічна абарвалася 25 лістапада 1988 г. 

А нам засталася яе творчая спадчына, сабраная ў кнігах, якія захоўваюцца ў фондах ЦНБ НАН Беларусі – «У шуме жытняга святла» (1988), «Выбранае» (1998, 2000, 2009), «Пачынаецца ўсё з любві…» (2008) і інш. 

Асаблівую ўвагу прыцягвае да сябе шматтомнае выданне «Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі». У гэтых тамах змешчаны ўсе вядомыя і невядомыя (апублікаваныя і выяўленыя ў сямейным архіве паэтэсы) вершы, паэмы, апавяданні, літаратурна-крытычныя артыкулы, пераклады, успаміны, лісты. Азнаёміцца з імі таксама магчыма, замовіўшы ў электронным каталогу (Ідэнтыфікатар запісу: BY-NLB-br0001340897)

×
Войти в личный кабинет
Адрес электронной почты *
Пароль *
Забыўся пароль?
×
Логин *
E-mail *
Пароль *
Повторите пароль *
×
Генерацыя пароляў
Введите адрес электронной почты и мы вышлем вам ссылку для сброса пароля