Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Навігацыя па сайце

Язэп Драздовіч: Паэт, які ўспяваў Беларусь

Постаць Язэпа Драздовіча сапраўды ўнікальна для еўрапейскай культуры: ахопленыя ягонай дзейнасцю галіны творчасці і навукі не могуць не ўражваць. Нездарма яго часам клічуць «беларускі Леанарда да Вінчы», «павятовы Мікеладжэла» і адносяць да «Homo universalis». 
Цыкл нашых публікацый, які закліканы раскрываць розныя бакі дзейнасці выдатнага беларускага мастака, этнографа і лінгвіста, падыйшоў да постаці Драздовіча–паэта. На прыкладзе матэрыялаў з рукапіснага фонду Язэпа Драздовіча, які захоўваецца ў Цэнтры даследаванняў старадрукаў і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі, будзе паказана як мастак не толькі фарбамі, але і словам успяваў Беларусь.

Досыць часта Язэпа Драздовіча называюць адным з пачынальнікаў гістарычнай тэматыкі ў беларускім выяўленчым мастацтве, але разам з гэтым неабходна заўважыць, што вялікі ўнёсак пакінуў Драздовіч і як прадаўжальнік гістарычнай тэматыкі ў паэзіі. І ў гэтым сэнсе ён актыўна ўступае ў канатацыю з творчасцю Максіма Багдановіча, але інакш пераасэнсоўвае культурна-гістарычны вопыт Беларусі.

На працягу 1935 – 1937 гг. Драздовіч здолеў стварыць адзіны з самых значных сваіх твораў – «Трызна мінуўшчыны». Гэты твор па сваёй задумцы сапраўды падобны на Эпапею: распачынаючыся са старажытнасці, ён імкнецца ахапіць амаль усю гісторыю Беларусі. Зразумела, што Язэп Драздовіч не прэтэндую на нейкае наватарства і «адкрыццё» ў гістарычным сэнсе, але ў новых мадэрных рэаліях ён імкнецца па-старому, згодна з фальклорнай беларускай традыцыяй, праспяваць трызну мінуламу часу.

Пачынаецца паэма з эпіграфа:

Сярод пушч-лясоў па-над водамі,
Дзе жылі калісь людзі родамі,
Рыбаловілі ды змагаліся,
Гарадзішчаў сляды пазасталіся…

Пры чытанні твору зразумелы галоўны заклік аўтара: абудзіць беларускі народ, нагадаўшы яму слаўнае мінулае, якое ён захаваў у сваіх паданнях, песнях. Першая частка паэмы пачынаецца так:

Старана мая, старасвецкая, 
Ты была калісь маладзецкая.
Ты была калісь маладзецкая,
І адважная, і лавецкая.
Са звяр’ём з ражном – паляўнічая, 
З лютым ворагам – ваяўнічая.
Ваяўнічая ды харобрая,
З кім – у загрудкі, а з кім – добрая.
У правах сваіх вечавалася,
Пад прымус ярма не давалася.
Не здавалася, не карылася,
З лютым ворагам не мірылася.
Не мірылася – адбівалася,
За чужой спіной не хавалася.
Не хавалася, не прасілася,
Колькі сіл было – баранілася.

Цікавым з’яўляецца і тое, што напісана паэма была па-беларуску кірыліцай, але некаторыя ўрыўкі з яе Драздовіч напісаў, выкарыстоўваючы лацінку.

Наступным, вартым увагі, гістарычным творам Язэпа Драздовіча з’яўляецца паэма «Давыд Скамарох». Нягледзячы на тое, што цалкам паэма не была напісана, але каштоўнымі яўляюцца захаваныя ў нас яе эскізы. Неабходна адзначыць, што вобраз Давыда Скамароха ўпершыню з’явіўся ў «аповесці-легендзе» «Гарадольская пушча», але ў ёй Драздовіч не раскрыў вобраз героя. Таму праз час Давыду Скамароху быў прысвечаны асобны твор:

Дзе ні глянь – ўсё лясы ды лясы…
Дзе ні глянь – ўсё бары ды бары, верасы…
Колькі дзіўнай, но дзікай красы…
Стыне бор, стынуць хвоі, шумяць,
Быццам нейкае сіняе мора.

Напоўненым смуткам і адзінокасцю ўяўляецца верш Драздовіча «Кій мой верны друг»:

Людзі едуць нас 
Абмінаючы
А мы з табой
Кавыляючы…
Нам не старшны свет
Даль далёкая
Абы сыт жывот
Хада лёгкая.

Напэўна, нездарма на адным з аўтапартрэтаў Язэп Драздовіч адлюстраваў сябе з «верным другам».

Нягледзячы на грунтоўна даследаваную постаць Драздовіча як мастака, літаратурны пласт ягонай дзейнасці яшчэ не адкрыты беларускаму чытачу.

Сам жа Язэп Нарцызавіч пісаў пра сябе так:

Я художнік мастак
Бедакоў
Я працоўнага люду
Мастак
Я ні знаю паноў
Ні панкоў
Па прыродзе сваёй
Я прастак.

Выкарыстаныя крыніцы:

  1. Гісторыя Беларусі ў інтэрпрэтацыі Язэпа Драздовіча : на матэрыяле рамана Язэпа Драздовіча “Гарадольская пушча” / Маргарыта Пятухова // Маладосць : штомесячны літаратурна-мастацкі і грамадска-палітычны ілюстраваны часопіс / заснавальнікі: Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, грамадскае аб’яднанне “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова “Выдавецкі дом “Звязда” / А гармонік грае, грае. — 2015. ― № 5. ― С. 111―118.
  2. Ліс, А. С. Вечны вандроўнік : нарыс пра мастака Язэпа Драздовіча : [для старэйшага школьнага ўзросту] / Арсень Ліс ; [прадмова М. Танка ; мастак М. М. Купава]. – Мінск : Юнацтва, 1984. — 251, [2] с., [9] л. іл., партр.
  3. Архіў Цэнтра даследаванняў старадрукаў і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. – Ф.2. Воп. 1. Адз.зах. 16. Вершы. Чарнавікі.
  4. Архіў Цэнтра даследавання старадрукаў і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. – Ф.2. Воп. 1. Адз.зах. 17. Паэма «Трызна мінуўшчыны» ў пяці частках.

Матэрыял падрыхтаваў культуролаг Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі Р. А. Колас 

×
Войти в личный кабинет
Адрес электронной почты *
Пароль *
Забыўся пароль?
×
Логин *
E-mail *
Пароль *
Повторите пароль *
×
Генерацыя пароляў
Введите адрес электронной почты и мы вышлем вам ссылку для сброса пароля