Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Навігацыя па сайце

Жыціе Еўфрасінні Полацкай

5 чэрвеня – дзень памяці прападобнай Еўфрасінні Полацкай

Яе любілі яшчэ пры жыцці. Яна набыла славу барацьбіткі за народны дабрабыт. Сёння яе імя залатымі літарамі ўпісана ў беларускую гісторыю. Яна не проста постаць у беларускім пантэоне вялікіх асветнікаў, а князёўна і заступніца зямлі беларускай. Імя ёй – Еўфрасіння Полацкая.

Па сённяшні дзень у даследчыкаў няма адзінага меркавання наконт даты нараджэння Еўфрасінні Полацкай.  Гісторыкі лічаць, што нарадзілася княжна Прадслава (у манастве Еўфрасіння) паміж 1100 і 1120 гадамі ў сям’і князя Святаслава-Георгія, малодшага сына Усяслава Чарадзея. Род яе паходзіў ад князя Ізяслава полацкага, сына кіеўскага раўнаапостальнага князя Уладзіміра і полацкай княгіні Рагнеды Рагвалодаўны. А маці (па ўскосных сведчаннях) была адной з дачок Уладзіміра Манамаха і належыла па прамой лініі візантыйскаму імператарскаму дому Комніна.

3 дзяцінства князёўна Прадслава вельмі любіла чытаць: «Так любіла вучэнне яна, што дзівіўся бацька яе з любові такой да навук». Акрамя гэтага, дзяўчынка была вельмі прыгожая. Слава пра яе прыгажосць, рахманасць, мудрасць, здольнасці да навук разышлася па наваколлі. Многія князі хацелі б назваць яе сваёй нявестай. Але Прадслава вырашыла ахвяраваць сваё жыццё Богу.

Асноўная крыніца біяграфічных звестак пра асветніцу — «Жыціе Еўфрасінні Полацкай», арыгінальны помнік старажытна-беларускай літаратуры. Гэты твор быў напісаны на стараславянскай мове невядомым полацкім аўтарам і падрабязна апавядае пра жыццёвы шлях святой, яе духоўнае ўзыходжанне.

Вашай увазе прапанаваны цікавыя факты з жыцця Еўфрасінні Полацкай, складзеныя згодна з яе «Жыціем».

Нягледзячы на тое, што Еўфрасіння вядома як дзеячка асветы, нядаўна знойдзеная на Рурыкавым гарадзішчы ў Ноўгарадзе пячатка княжны, можа сведчыць пра нейкую ролю ігуменні ў палітычным жыцці. Ігумення праз полацкае веча магла ўплываць на прызначэнне епіскапаў і запрашэнне князёў. Магчыма, таму ў 1132 годзе палачане выгналі з горада князя Святаполка, пасажанага вялікім князем кіеўскім пасля выгнання полацкіх князёў у Візантыю, і пасадзілі на полацкі сталец роднага брата Еўфрасінні — Васільку.

Пазней, знаходзячыся ва ўласным манастыры, Еўфрасіння шмат часу адводзіла на адукацыю і спасціжэнне Святога Пісання, якое яна ўлюбёна перапісвала. Разам з тым яна вяла Полацкі летапіс, рабіла пераклады з грэчаскай і лацінскай моў і таксама пісала ўласныя творы. Па некаторых звестках, сярод яе шматлікіх асабістых казанняў, малітваў, асобнае месца займае еўфрасіннеўскае Полацкае евангелле, якое, на жаль, да нашага часу не дайшло. Працэс пісання быў надзвычай складаны і павольны, гэта была нялёгкая фізічная праца, ёю займаліся выключна мужчыны. Перапісчык пісаў не на стале, а трымаючы пергамент на далоні левай рукі, а каб неяк замацаваць яе становішча, упіраўся локцем у калена. Пісалі на пергаменце асобым статутам – буйным і прамым, без нахілу, кожная літара аддзялялася ад суседняй. Перапісчык павінен быў не толькі добра ведаць граматыку, але і мець мастацкія здольнасці, бо пачатковыя літары і загалоўкі раздзелаў трэба было афармляць арнаментам – жывёлай або раслінай. Акрамя таго, кнігі часта ўпрыгожваліся спецыяльна выпісанымі загалоўнымі літарамі (літарамі, або ініцыяламі) і мініяцюрамі. За дзень можна было спісаць не больш за чатыры старонкі.

«Жыціе» распавядае, што аднойчы анёл у сне ўзяў Еўфрасінню і прывёў яе ў Сяльцо, за дзве вярсты ад Полацка, на бераг ракі Палаты, і сказаў: «Тут належыць табе быць!». Сон паўтарыўся тройчы. Пасля гэтага полацкі біскуп Ілля, заклікаўшы полацкага князя Барыса, айца Святаслава і іншых шляхетных палачан, абвясціў, што аддае манашкам Сяльцо.

Такім чынам, Еўфрасіння стала ініцыятаркай будаўніцтва жаночага Спаскага манастыра. Каля 1133 года завяршылася будаўніцтва Спаскай царквы, што стала адной з галоўных падзей у полацкім дойлідстве таго перыяду.

З імем Еўфрасінні звязваецца набыццё Полацкім Сафійскім саборам абраза Багародзіцы Эфескай. У той час існавалі толькі тры такія выявы і лічылася, што пры жыцці Багародзіцы гэтыя абразы былі напісаны евангелістам Лукам. Еўфрасіння паслала слугу Міхаіла да візантыйскага імператара Мануіла і патрыярха Лукі Хрысаверга ў Канстанцінопаль за абразом святой Эфескай Багародзіцы для Багародзіцкага манастыра. Многіх гісторыкаў здзіўляе тое, што пасол быў накіраваны не полацкім біскупам, а самой ігуменняй, і яны лічаць, што ў XII стагоддзі вышэйшая царкоўная, а збольшага, і свецкая ўлада належала ігуменні полацкіх манастыроў. Большасць сучасных даследчыкаў лічаць, што насамрэч у Полацк былі дасланыя копіі цараградскай (а не Эфескай) Адзігітрыі і рэліквіі, а само падарожжа па абраз адбылося паміж 1156 і 1160 гадамі.

Намаганнямі Еўфрасінні пры манастыры былі адкрытыя іканапісная і ювелірная майстэрні. Яна застаецца натхняльніцай стварэння адной з самых легендарных беларускіх святынь – знакамітага каштоўнага крыжа. У 1161 годзе Еўфрасіння звярнулася да майстра-ювеліра Лазара Богшы, які зрабіў шасціканцовы крыж вышынёй – каля 52 см. Крыж быў выкананы з кіпарыса, абабіты залатымі і срэбранымі пласцінамі, упрыгожаны каштоўнымі камянямі і 20-ю абразкамі. Акрамя таго ў пяці паглыбленнях крыжа знаходзіліся хрысціянскія рэліквіі. У час Вялікай Айчыннай вайны крыж быў выкрадзены. І дагэтуль дакладна невядома, дзе ён знаходзіцца.

У канцы свайго жыцця Еўфрасіння выправілася ў паломніцтва ў Святую Зямлю, дзе праз некаторы час неўзабаве памерла і была пахавана ў Іерусаліме. Пасля захопу Іерусаліма мусульманамі труна з мошчамі полацкай княгіні была перанесена ў Кіева-Пячорскую Лаўру. Доўгі час Еўфрасінню шанавалі як святую на мясцовым узроўні. Былі спробы кананізацыі ў XVI стагоддзі, але афіцыйна яна стала агульнаправаслаўнай святой толькі ў 1893 г. Дазвол на перанос мошчаў у Полацк быў выдадзены імператарам Мікалаем ІІ. І ў 1910 г. з вялікімі ўрачыстасцямі рака з мошчамі святой вярнулася на радзіму. Зараз мошчы Святой Еўфрасінні знаходзяцца ў яе царкве.

Вядома, што на шляху ў Царград яна сустрэлася з імператарам Мануілам, які ў той час ішоў на вайну з венграмі. Сустрэча Еўфрасінні з імператарам ставіць пад сумненне агульнапрынятую дату пілігрымкі і смерці святой – 1173 г. Візантыйскі кесар апошні раз ваяваў з венграмі ў 1167 г., прычым выйшаў у паход 8 красавіка на Вялікдзень, прыкладна ў гэты час межаў Візантыі дасягнулі полацкія пілігрымы. У навуковай і царкоўнай літаратуры звычайна называецца год смерці святой Еўфрасінні – 1173 г., але ў гэтым годзе Мануіл Камнін ішоў вайной не на венграў, а на сербаў. Таксама пляменніц Еўфрасінні – Вольгу і Кірыяну перад ад’ездам пастрыгаў Дыянісій, які стаў полацкім біскупам у 1166 г. Таму годам смерці святой, паводле найноўшых даследаванняў, лічыцца 1167 г.

Цуды ацалення, якія звязваюць са святой Еўфрасінняй, адбываюцца і сёння. Іх летапіс вядзецца ў Спаса-Еўфрасінеўскім манастыры. Праваслаўныя храмы ў імя святой Еўфрасінні Полацкай існуюць у Лондане, Саўт-Рыверы (паблізу НьюЁрка), Таронта.

У фондзе Цэнтра даследаванняў старадрукаў і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі захоўваецца шэраг выданняў прысвечаных Еўфрасінні Полацкай і яе дзейнасці. Вялікую каштоўнасць уяўляюць выданні А.П. Сапунова 1888 г. «Жыціе Еўфрасінні Полацкай», складзенае ім з «Ступеннай кнігі» і «Зборніка XVI ст. Траецкай Лаўры», а таксама выданне 1893 г. «Некаторыя тлумачэнні да апісання жыцця прападобнай Еўфрасінні, князёўны Полацкай» Тырнова А.П. і «Жыціе прападобнай Еўфрасінні, князёўны Полацкай, з кароткім апісаннем заснаванага ёю ў Полацку жаночага манастыра» 1894 г. протаіерэя М. Дуброўскага.

У падрыхтаваным матэрыяле часткова выкарыстана інфармацыя з часопісу «Алеся».

×
Войти в личный кабинет
Адрес электронной почты *
Пароль *
Забыўся пароль?
×
Логин *
E-mail *
Пароль *
Повторите пароль *
×
Генерацыя пароляў
Введите адрес электронной почты и мы вышлем вам ссылку для сброса пароля