Генеалогія і сямейная гісторыя Беларусі: актуальныя праблемы і задачы
21 верасня ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбылася Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Генеалогія і сямейная гісторыя Беларусі: актуальныя праблемы і задачы»
Канферэнцыя такога кшталту праводзіцца ў Беларусі ўпершыню. Яна сабрала гісторыкаў, генеалогаў, архівістаў, музейных супрацоўнікаў, культуролагаў, краязнаўцаў з Мінска, Віцебска, Гродна і Гродзенскай вобласці.
У час вітальнага слова ад імя акадэміка-сакратара аддзялення гуманітарных навук НАН Беларусі Аляксандра Аляксандравіча Кавалені была падкрэслена актуальнасць канферэнцыі і запатрабаванасць вынікаў яе працы.
Вучоны сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Вольга Сяргееўна Юшкевіч уручыла грамату калектыву Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі за актыўны ўдзел у гуманітарна-асветніцкім выхаванні насельніцтва, значны ўклад у захаванне і папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.
У дакладах пленарнай часткі ўвага надавалася эвалюцыі ў стаўленні да генеалогіі ў навуковым полі ХХ ст., сучаснаму выкліку грамадскай увагі да гэтай гістарычнай дысцыпліны, праблемам супрацоўніцтва дзяржавы і грамадскага сектара ў пытанні доступу да генеалагічнай інфармацыі.
На секцыі «Гістарыяграфія і крыніцы па генеалогіі Беларусі» гаворка вялася пра крытычны падыход да звестак са шляхецкіх родавых спраў першай паловы ХІХ ст., методыку працы над радаводам Святаполк-Мірскіх, складаны шматэтапны працэс апісання Койданаўскага некропаля, малавядомыя крыніцы па генеалогіі з фондаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці, патэнцыял метрычных кніг, рэвізскіх сказак і судовых спраў.
На секцыі «Гісторыя сям’і ў кантэксце гісторыі горада і вёскі» былі агучаны даклады па гісторыі і генеалогіі баярскіх, зямянскіх, шляхецкіх родаў у XIV–XIX стст., праявах дэвіяцыі ў сямейным жыцці ХІХ ст., уплывах сямейнага заканадаўства 1920-х гг., розных баках асвятлення аднаго факту ў архіўным дакуменце і сямейным наратыве, генеалогіі сельскага насельніцтва асобных населеных пунктаў.
Напрыканцы канферэнцыі было заяўлена пра намер арганізатараў правесці аналагічную канферэнцыю ў наступным годзе.
Сайт собирает неперсонифицированные данные о пользователях посредством файлов cookie для улучшения пользовательского опыта, обеспечения удобства использования и сбора статистики.
Персональные данные пользователей обрабатываются в соответствии с Политикой в отношении обработки персональных данных.