Міжнародная канферэнцыя ІІІ Кісялёўскія чытанні
20 красавіка ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прайшла Міжнародная канферэнцыя ІІІ Кісялёўскія чытанні.
Арганізаваная Філіялам «Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы» Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі сумесна з Цэнтральнай навуковай бібліятэкай НАН Беларусі, канферэнцыя была прысвечана рознаскіраваным дыскурсам у беларускай літаратуры ХІХ – ХХ стст. і прымеркавана да 225-годдзя Адама Міцкевіча, 215-годдзя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і 200-годдзя Уладзіслава Сыракомлі.
Варта адзначыць, што дадзеная канферэнцыя — гэта адзіная ў краіне адмысловае мерапрыемства, прысвечанае грунтоўнаму вывучэнню беларускай літаратуры ХІХ ст. Яна здолела аб’яднаць даследчыкаў не толькі Беларусі, але і Іспаніі, Польшчы, Расіі.
Дырэктар Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук Станіслаў Сцяпанавіч Юрэцкі прывітаў удзельнікаў канферэнцыі, пажадаў поспехаў у прадстаўленні сваіх навуковых дасягненняў.
Дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі акадэмік Аляксандр Іванавіч Лакотка выступіў з дакладам, прысвечаным творчасці і дзейнасці слынных беларускіх песняроў ХІХ ст., у якім адзначыў іх вялікі ўнёсак у фарміраванне нацыянальнай літаратуры.
Дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы, доктар філалагічных навук Іван Васілевіч Саверчанка прысвяціў свой выступ творчасці невядомых шырокаму колу чытачоў літаратараў ХІХ ст. Падзяліўся планамі далейшай працы па выданні твораў беларускіх пісьменнікаў мінулага і сучаснасці ў серыі «Беларускі кнігазбор», а таксама падкрэсліў важнасць дзяржаўнай палітыкі ў галіне распаўсюджвання нацыянальнай літаратуры.
Мадэратарам урачыстай часткі была доктар філалагічных навук, загадчык аддзела тэорыі і гісторыі Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы, дацэнт Ганна Мікалаеўна Кісліцына.
Ганна Мікалаўна распавяла гісторыю ўзнікнення ідэі і арганізацыі Кісялёўскіх чытанняў, якія сталі сімвалам пашаны і павагі вядомаму беларускаму літаратуразнаўцу, пісьменніку, гісторыку, доктару філалагічных навук, кандыдату гістарычных навук Ганаддзю Васілевічу Кісялёву.
Важнай часткай мерапрыемства стала прэзентацыя выставы кніг А.Міцкевіча, В.Дуніна-Марцінкевіча, У.Сыракомлі, якія захоўваюцца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі. Алена Пятроўна Дзенісенка (навуковы супрацоўнік аддзела кнігазнаўства Цэнтра даследаванняў старадрукаваных выданняў і рукапісаў) і Надзея Міхайлаўна Слука (загадчык сектара абслугоўвання Цэнтра даследаванняў старадрукаваных выданняў і рукапісаў) прадставілі выставу «Кніжная спадчына В.Дуніна-Марцінкевіча, У.Сыракомлі, А.Міцкевіча ў фондах ЦНБ НАН Беларусі». Арганізатары выстаў азнаёмілі ўдзельнікаў з рэдкімі прыжыццёвымі выданнямі твораў юбіляраў, распавялі шмат цікавага пра жыццё, лёс і дзейнасць нацыянальных класікаў.
Вялікія дыскусіі разгарнуліся падчас прэзентацыі прац сучасных беларускіх даследчыкаў.
Выданне «Нарысы па гісторыі беларускага літаратуразнаўства» прадставіў літаратуразнаўца, паэт і крытык Яўген Гарадніцкі. Як адзін з аўтараў прэзентуемага выдання, ён падзяліліся ўласным меркаваннем наконт існавання беларускай літаратурнай крытыкі ў ХІХ ст., фармаваннем беларускага літаратуразнаўства ў савецкі час і на сучасным этапе.
Вялікую ўвагу выклікала манаграфія кандыдата гістарычных навук, гісторыка-некрапаліста Сяргея Грунтова «Фатаграфія і культура памяці ў беларусаў у другой палове ХІХ – пачатку ХХІ ст». Аўтар акрэсліў галоўныя моманты феномену гістарычнай памяці, сувязі традыцый і ўвядзенне элемента фатаграфавання ў традыцыйную культуру беларусаў.
Кандыдат гістарычных навук Дзяніс Лісейчыкаў прадставіў новае выданне кнігі «Epitaphium ІІ: пахавальная культура народаў Вялікага Княства Літоўскага». Дадзены зборнік раскрывае адную з важнейшых тэмаў у сучаснай гістарычнай навукі: культура «Memento mori».
Значнай манаграфіяй ў айчыннай гуманітарыстыкі апошняга часу стала кніга навуковага супрацоўніка Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Наталлі Леанідаўны Бахановіч «Абліччы Іншага ў шматмоўнай літаратуры Беларусі XIX cтагоддзя». Гэтай кнігаў аўтарка ўводзіць у навуковы зварот не толькі новыя, яшчэ няшмат даследаваныя крыніцы, але і значна пашырае праблемнае поле імагалогіі ў айчыннай навуцы.
Далейшая праца канферэнцыі адбывалася па 4-х секцыях, на якіх шырока разгортваліся дыскурсы ў галінах літаратуразнаўства, гісторыі, лінгвістыкі і г.д. Нягледзячы на вузкасць праблемнага поля, канферэнцыя здолела аб’яднаць як вядомых навукоўцаў, так і маладых даследчыкаў з усёй краіны і па-за яе межамі.
ІІІ Кісялёўскія чытанні – гэта яскравы прыклад зацікаўленасці з боку навуковай супольнасці і грамадскасці да нацыянальнай літаратуры ХІХ ст. Міжнародная канферэнцыя добра паказала важнасць дыялогу паміж рознымі навуковымі дысцыплінамі ў іх адзіным шляху назапашвання і паглыблення ведаў гісторыі ХІХ стагоддзя.
Сайт собирает неперсонифицированные данные о пользователях посредством файлов cookie для улучшения пользовательского опыта, обеспечения удобства использования и сбора статистики.
Персональные данные пользователей обрабатываются в соответствии с Политикой в отношении обработки персональных данных.