Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Імя ў беларускай навуцы: Гутараў Іван Васільевіч (110 год)

Іван Васільевіч Гутараў нарадзіўся 15 красавіка 1906 г. у вёсцы Волкаўка Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці.

Яшчэ ў раннім дзяцінстве ён асірацеў. Калі П. Лепяшынскі стварыў вопытную школу-камуну, туды пашчасціла трапіць Івану Гутараву. Пасля навучання ў школе-камуне (1920–1924 гг.) ён паступіў у музыкальны тэхнікум. Так ён атрымаў сярэднюю адукацыю i па пуцёўцы камсамола быў накіраваны на вучобу ў Беларускі ўніверсітэт. Калектыў выкладчыкаў хутка заўважыў здольнасці студэнта, яго пачалі прыцягваць да педагагічнай практыкі.

У 1928 годзе, пасля заканчэння ўніверсітэта, І. Гутарава накіравалі выкладчыкам беларускай мовы i літаратуры ў Магілёўскі педінстытут. Дыплом аб заканчэнні ўніверсітэта малады выкладчык атрымаў з рук Якуба Коласа, які доўгі час быў старшынёй экзаменацыйнай камісіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта i памог многім знайсці сваё месца ў жыцці.

Дзесяць год працы ў Магілёве былі часам сапраўды творчай працы выкладчыка Івана Гутарава. Ён прапагандаваў літаратуру не толькі з кафедры, але i ca старонак перыядычнага друку, на занятках літаратурных гурткоў i аб'яднанняў. У час працы ў Магілёве Іван Гутараў друкуе i першыя свае тэарэтычныя даследаванні: «К. Маркс i Ф. Энгельс аб сутнасці i спецыфіцы мастацкай літаратуры» (1933 г.), «Ленінскі этап у літаратуразнаўстве» (1934 г.), якія потым былі выдадзены кніжкамі.

У 1938–1939 гг. І. Гутараў вучыцца ў аспірантуры Маскоўскага інстытута філасофіі i літаратуры. У 1939 годзе ён паспяхова абараняе кандыдацкую дысертацыю «Паэтычнае майстэрства Ўладзіміра Маякоўскага».

У перадваенныя гады Іван Васільевіч Гутараў працуе ў Акадэміі навук БССР. Перад вучоным адкрыліся больш шырокія гарызонты навуковай дзейнасці. Свае творчыя сілы i тэарэтычныя веды ён праяўляе, будучы вучоным сакратаром Аддзялення грамадскіх навук АН БССР (1939–1941 гг.).

У гады Вялікай Айчыннай вайны Іван Гутараў ідзе добраахвотнікам ў рады абаронцаў Радзімы. Спачатку, камандаванне ставіць яго камісарам палка, потым ён – старшы інструктар палітаддзела па рабоце сярод войск праціўніка i па рабоце сярод акупіраванага насельніцтва. Сіламі лёсу І. Гутараў апынуўся ў славутых Бранскіх лясах, славутых i грознымі партызанскімі злучэннямі. Адным з арганізатараў партызанскіх злучэнняў быў І. Гутараў.

Праводзячы шырокую прапагандысцкую i арганізацыйна-масавую работу ў партызанскай зоне Браншчыны, дзе ў тыя часы канцэнтраваліся таксама некаторыя партызанскія сілы Беларусі, Украіны, I. В. Гутараў актыўна ўдзельнічаў у падпольным друку. Ён змяшчае прапагандысцкія артыкулы, сатырычныя нарысы i гумарэскі ў «Партизанской правде» газеце Арлоўскага абкома ВКП(б), пасылае свае «Рассказы о войне» у маскоўскі часопіс «Знамя» (№ 2–3, 1943), ні на хвіліну не спыняючы прытым дзейнасці фалькларыста i даследчыка. Працу гэту вучоны прадоўжыў i пасля таго, як быў адкліканы Центральным Камітэтам партыі i ваенным камандаваннем у Маскву (1943 г.). Зусім заканамерным было з'яўленне ў друку такіх цікавых даследаванняў І. В. Гутарава, як «Савецкі патрыятызм – вялікая жыватворная сіла» (1948 г.), «Литература в строю» («Октябрь» № 3–4, 1946) i многія іншыя працы, змешчаныя ў «Советской книге» (№ 3–4, 1946) i г. д.

Сярод гэтых прац самай значнай і грунтоўнай па глыбіні тэарэтычнай думкі i навізне даследавання сабранага аўтарам арыгінальнага партызанскага фальклору самых разнастайных жанраў з'яўляецца паспяхова абароненая доктарская дысертацыя I. В. Гутарава «Партызанская вайна ў народнай творчасці».

На працягу доўгіх год I. В. Гутараў сумяшчаў навукова-даследчую i педагагічную дзейнасць з выкананнем адказных партыйных абавязкаў. З 1945–1947 гг. ён быў адказным сакратаром партыйнай арганізацыі Саюза савецкіх пісьменнікаў СССР, а затым (1947–1953 гг.) загадчыкам аддзела навукі, літаратуры i мастацтва ЦК КПБ, не спыняючы разам з тым навукова-педагагічнай дзейнасці. У гэты перыяд ён быў дацэнтам, а потым прафесарам Маскоўскага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава (1946–1954 гг.) i загадчыкам кафедры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. I. Леніна (1947 – 1957 гг.).

У 1953 г. І. В. Гутараў становіцца членам-карэспандэнтам АН БССР.

З 1957 г. І. В. Гутараў працуе загадчыкам сектару Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР.

Па ініцыятыве вучонага i пад яго непасрэдным кіраўніцтвам выйшла каштоўная кніга «Беларускі фальклор Вялікай Айчыннай вайны». У 1959 годзе выйшла з друку кніга І. Гутарава «Вуснапаэтычная творчасць беларускага народа», a ў 1963 г. – «Беларускі сучасны фальклор».

Аўтар звыш 150 навуковых прац, у тым ліку 5 манаграфій.

Узнагароджан ордэнам Леніна (1943), Чырвонага Сцяга (1942), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1949), медалямі.

Памёр І. В. Гутараў 8 лютага 1967 года.

Працы вучонага, якія ёсць у бібліятэцы