Прэзентацыя кнігі «Кузьма Чорны. Чалавек – гэта цэлы свет»
Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі сумесна з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры 8 чэрвеня 2016 года а 16-й гадзіне ладзяць імпрэзу “Малітва за Бацькаўшчыну”, прысвечаную прэзентацыі кнігі “Кузьма Чорны. Чалавек – гэта цэлы свет” (Мінск, 2016), якая выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” у серыі “Жыццё знакамітых людзей Беларусі”. Укладальнік – Галіна Шаблінская.
У юбілейным выданні, аб’ёмам 500 старонак, сабраны ўспаміны, артыкулы, эсэ, інтэрв’ю родных і блізкіх класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага, яго сяброў, пісьменнікаў, літаратуразнаўцаў, дзеячаў мастацтва. Усе разам яны ствараюць партрэт жывога чалавека, на долю якога выпала шчасце быць Мастаком “боскай міласцю” і зведаць на ўласным лёсе жорсткую праўду свайго часу, aле не здрадзіць сабе, беларускаму слову і Бацькаўшчыне.
Канцэптуальна кніга складаецца з пяці раздзелаў. Першы прысвечаны сям’і і роду Раманоўскіх, другі ўключае ўспаміны пра К.Чорнага яго сучаснікаў, трэці – погляд літаратуразнаўцаў розных пакаленняў на творчасць класіка, чацвёрты – мемуарная і эпісталярная спадчына пісьменніка, пяты – ушанаванне яго памяці.
Упершыню друкуецца некалькі ўнікальных матэрыялаў з сямейнага архіва пісьменніка, а таксама лісты К.Чорнага з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Да імпрэзы супрацоўнікі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў і Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры падрыхтавалі выставу “Кузьма Чорны. Маштабнасць прозы і талент чалавечнасці”.
У экспазіцыі прадстаўлена друкаваная і рукапісная літаратурная спадчына Кузьмы Чорнага і даследаванні яго творчасці. Сярод твораў – раннія выданні 1920–1940-х гг., у тым ліку першыя кнігі пісьменніка “Апавяданні” (1925) і “Срэбра жыцця” (1925); зборнікі “Па дарозе” (1926), “Пачуцці”, “Хвоі гавораць” (1928), “Вераснёвыя ночы” (1929) і інш.; публікацыі ў часопісах “Маладняк”, “Узвышша”, “Атака”, “Полымя”, “Калоссе”. На многіх кнігах аўтографы і дарчыя надпісы пісьменніка. У гады Вялікай Айчыннай вайны К. Чорны ўдзельнічаў у выданні газеты-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”. У экспазіцыі выставы – 51 нумар гэтай газеты (1942), дзе пад псеўданімам “Арцём Чамярыца” змешчана публікацыя пісьменніка пад загалоўкам “Бандыцкаму фюрэру, крываваму людаеду, сусветнаму абармоту і прахвосту, дурному Адольфу Гітлеру – пішуць беларускія партызаны з атрада бацькі Міная”; у № 101 (1943) артыкул “Голы франт і берлінскі чорт” (подпіс Кузьма Чорны).
У рукапісным фондзе аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі і фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры захоўваюцца рэдкія цікавыя фотаздымкі К. Чорнага з членамі літаратурных аб’яднанняў “Маладняк” і “Узвышша”, фотаздымкі ваенных гадоў, пісьмы К. Чорнага да П. Глебкі, аўтографы апавяданняў “Забіяцкі пык”, “На тым беразе”, малюнак пісьменніка, зроблены алоўкам, успаміны пра Кузьму Чорнага і іншыя дакументы, якія экспануюцца на выставе.
У творчай імпрэзе прымуць удзел: літаратуразнаўцы Міхась Мушынскі, Міхась Тычына, Вячаслаў Рагойша, Пятро Васючэнка, Ірына Багдановіч, унук К.Чорнага, перакладчык Мікола Раманоўскі, дырэктар Літаратурнага музея Кузьмы Чорнага ў Цімкавічах Людміла Ніжэвіч, пісьменнікі Кастусь Цвірка, Анатоль Бутэвіч, Васіль Зуёнак, дырэктар БДАМЛiМ Ганна Запартыка, народныя артысты Беларусі Марыя Захарэвіч, Віктар Манаеў, бард Алесь Камоцкі.