Прэзентацыя выдання «Лінгвістычны мікраатлас Тураўшчыны»
Унікальнае выданне “Лінгвістычны мікраатлас Тураўшчыны” было прэзентавана 24 лістапада ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэмміі навук Беларусі.
![]() |
Тураў і Тураўшчына займаюць выключнае месца ў гісторыі нашай краіны. Гэта старажытныя плямёны дрыгавічоў, гэта ўсім вядомыя крыжы, гэта Кірыла Тураўскі, гэта культурны цэнтр, упісаны залатымі літарамі ў гісторыю Беларусі.
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
Палессе неаднаразова станавілася аб’ектам для даследаванняў вучоных, аднак матэрыял, які пакладзены ў аснову выдадзенай кнігі, ахоплівае менавіта адзін з найбольш старажытных рэгіёнаў – Тураўскую зямлю.
Выданне змяшчае ўнікальнае моўнае багацце, сабранае ў населеных пунктах культурна-гістарычнага і прыродна-геаграфічнага рэгіёна Тураўшчыны, і яго праекцыю на картах мікраатласа. Цэнтральнае становішча Тураўшчыны ў межах Беларускага Палесся дазволіла прасачыць яго сувязь з іншымі дыялектнымі зонамі.
Як падкрэсліў першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Аляксандравіч Лукашанец, гэта яшчэ адзін уклад у скарбонку нацыянальнай беларускай культуры, багацце, без якога мы не можам прэтэндаваць на дастойнае месца ў свеце.
![]() |
Гістарычна склалася так, что спадчына знікае і адных намаганняў вучоных недастаткова. Неабходна падтрымка дзяржавы, мясцовых органаў кіравання. Падчас экспедыцыі на Тураўшчыне такая дапамога навукоўцам была аказана. На мерапрыемстве прысутнічаў прадстаўнік мясцовых органаў улады, намеснік старшыні жыткавіцкага райвыканкама Леанід Міхайлавіч Валатоўскі. Ён адзначыў, што жыткавіцкая зямля вельмі багатая, і на сённяшні дзень задача органаў улады – прыкладаць усялякія намаганні для захавання спадчыны Тураўшчыны, а таксама развіцця яе эканомікі. Неабходна рабіць усё дзеля таго, каб людзі, наведаўшы палескія абшары, зноўку жадалі вярнуцца на гэтыя выдатныя мясціны. Не абышоў увагай Леанід Міхайлавіч і той важны факт, што выданне выйшла ў Год культуры. Ён выразіў удзячнасць аўтарам працы і запрасіў навукоўцаў да далейшага супрацоўніцтва.
![]() |
Цікава было паслухаць аўтарскі калектыў, які шмат гадоў працаваў над кнігай. Магчымасць наведаць мерапрыемста, прысвечанае выданню каштоўнай працы, на жаль, была не ва ўсіх укладальнікаў. Перад публікай выступілі Генадзь Апанасавіч Цыхун, Фёдар Данілавіч Клімчук і Тамара Мікалаеўна Трухан.
“Чаму мы спыніліся на гэтай тэрыторыі? Таму што гэта адзін з асяродкаў, дзе пачынае фарміравацца наша гістарычная супольнасць. Адсюль фактычна распаўсюджваецца славянства. Гэта ўнікальны выпадак, калі мы можам назіраць прасоўванне моўнага фронту”, – адзначыў Генадзь Апанасавіч Цыхун.
![]() |
Тамара Мікалаеўна Трухан падзялілася ўспамінамі пра той час, калі Фёдар Данілавіч Клімчук упершыню прапанаваў ёй быць удзельнікам экспедыцыі – пачынальнік ідэі пошуку матэрыялаў для кнігі: “Мяне ўразіў ландшафт, раскіданыя дубы, рака Прыпяць з цудоўнымі берагамі, а лексіка народа – сапраўдная экзотыка. Матэрыялы, прадстаўленыя у выданні, з’яўляюцца змястоўнай крыніцай звестак для напісання дысертацый, дыпломных, курсавых і іншых прац”.
![]() |
У сваю чаргу, Фёдар Данілавіч Клімчук пазнаёміў прысутных з матэрыялам, над якім давялося працаваць менавіта яму. Шмат часу ён патраціў на складванне легенд, на тлумачанне рысак і значкоў, кожныя з якіх валодаюць пэўным значэннем у мове.
![]() |
Сакратар грамадскага аб’яднання “Тураўскае навукова-асветніцкае таварыства” Мікалай Аляксеевіч Саскевіч падарыў аўтарскаму калектыву і намесніку старшыні жыткавіцкага райвыканкама выданне, якое таксама датычыцца гістарычна багатай мясцовасці ўсходне-палесскага краю, – “Сведения о Селе Погост в имении Туров Мозырского уезда”.
![]() |
Цёплыя словы ўдзячнасці ў адрас укладальнікаў прагучалі ад беларускага мовазнаўца Веранікі Мікалаеўны Курцовай. Яна заклікала ўсіх, хто цікавіцца Тураўшчынай, працягваць даследаванне яшчэ не да канца вывучанай прасторы.
![]() |
Змястоўным было выступленне Дзмітрыя Васільевіча Дзятко, загадчыка кафедры беларускага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Ён падкрэсліў неабходнасць існавання падобных выданняў дзеля адукацыйнай сферы і важнасць таго, што калектыў лінгвістаў змог спрацавацца і дасягнуць высокіх вынікаў сваіх даследаванняў.
![]() |
Да мерапрыемства таксама была падрыхтавана выстава "Кніжная экспедыцыя па Палескаму краю. Тураўшчына". Гэты самабытны край заўседы вабіў да сябе падарожнікаў, паэтаў, вучоных-этнографаў, лінгвістаў. На выставе дэманстраваліся найбольш цікавыя працы, у якіх адлюстравана гісторыя народнай культуры Ўсходняга Палесся. Сярод іх даследаванні такіх знакамітых вучоных як А. Сержпутоўскі, К. Машынскі, Ч. Пяткевіч. Сучасныя выданні былі прадстаўлены атласамі, зборнікамі навуковых прац, матэрыяламі канферэнцый, калектыўнымі і аўтарскімі манаграфіямі. Частка выданняў была прысвечана гісторыі старажытнага горада Турава.
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |