Культурна-адукацыйная імпрэза «Скарбы жыцця Максіма Гарэцкага»
У Міжнародны дзень роднай мовы 21 лютага Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі арганізавала культурна-адукацыйную імпрэзу “Скарбы жыцця Максіма Гарэцкага” для вучняў 8–10-х класаў, прымеркаваную да 125-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, драматурга, публіцыста, вучонага, педагога Максіма Гарэцкага (1893–1938).
Для юных чытачоў была арганізавана выстава кніг і рукапісаў Максіма Гарэцкага з фондаў ЦНБ НАН Беларусі, падрыхтавана цікавая пазнавальная праграма.
На сустрэчу з моладзю быў запрошаны беларускі вучоны-геолаг, акадэмік НАН Беларусі, пляменнік Максіма Гарэцкага – Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі. Звяртаючыся да дзяцей, Радзім Гаўрылавіч павіншаваў усіх са святам роднай мовы, заўважыў, што мова для кожнага народа – найдаражэйшы скарб, які трэба берагчы і захоўваць. Дзелячыся ўспамінамі пра бацьку Гаўрылу Іванавіча і дзядзьку Максіма Іванавіча, Р. Г. Гарэцкі падкрэсліў роль маці Ефрасінні Міхайлаўны ў выхаванні дзяцей. Менавіта ад яе старэйшы Максім пераняў многія песні. Ён часта граў на скрыпцы і дудах-жалейках. З вялікім захапленнем слухала ўся сям’я, асабліва мама, як пела і галасіла Максімава скрыпка. І ўжо пазней, дзякуючы Максіму Гарэцкаму, які запісваў песні сваёй мамы, яны были надрукаваны ў 1928 годзе асобным зборнікам.
Любоў да беларускай мовы і беларускай песні здаўна захоўваецца ў сям’і Гарэцкіх. Дэманструючы зборнік М. Гарэцкага і А. Ягорава “Народныя песні” (выданне Інстытута беларускай культуры) Радзім Гаўрылавіч не абмежаваўся цікавым аповедам пра запіс песен, а нават праспяваў адну з вядомых мелодый, якую ўсе змаглі адгадаць.
Вялікі інтарэс у ўдзельнікаў імпрэзы выклікала выстава, на якой дэманстраваліся дакументы з асабістага архіва Максіма Гарэцкага. Дакументы гэтага архіва, якія на працягу 1970-х гадоў перадавала ў ЦНБ НАН Беларусі дачка пісьменніка Галіна Максімаўна, сёння зберагаюцца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў.
Госці святочнай літаратурнай сустрэчы атрымалі магчымасць уласнымі вачыма ўбачыць рукапісы твораў М. Гарэцкага (“Камароўская хроніка”, “Віленскія камунары”, “Скарбы жыцця” і інш.), малавядомыя фотаздымкі пісьменніка, узоры яго перапіскі з роднымі і іншыя дакументы, якія адносяцца да біяграфіі класіка беларускай літаратуры.
Школьнікаў вельмі зацікавілі расказы арганізатараў выставы пра сям’ю М. Гарэцкага, пра лепшых прадстаўнікоў гэтага слаўнага ў Беларусі роду. Таму іх асаблівую ўвагу прыцягвалі стэнды экспазіцыі, прысвечаныя жонцы пісьменніка, аўтару шматлікіх кніг для дзяцей Леаніле Чарняўскай-Гарэцкай. Крануў юнакоў і дзяўчат лёс сына М. Гарэцкага Леаніда, які загінуў у баях пад Ленінградам у 1944 годзе. Яго лісты з фронту таксама дэманстраваліся на выставе і карысталіся ўвагай вучняў.
Звяртаючыся да творчай спадчыны пісьменніка Максіма Гарэцкага, нельга было абмінуць яго працы, як тэарэтыка і даследчыка беларускай літаратуры, беларускай мовы, песеннага фальклору.
Як вядома, М. Гарэцкі выкладаў беларускую мову і літаратуру на рабфаку БДУ, у Камуністычным універсітэце Беларусі, Мінскім ветэрынарным тэхнікуме, Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, вёў даследчую работу ў Інбелкульце і АН Беларусі. Вынікамі гэтай плённай працы сталі кнігі, падручнікі, слоўнікі, якія захоўваюцца і ў фондах ЦНБ НАН Беларусі.
Вучні з вялікай зацікаўленнасцю гарталі складзеныя М. Гарэцкім “Гісторыю беларускай літаратуры” 1921, 1924 і 1926 гадоў выдання і “Хрэстаматыю беларускай літаратуры” 1923 года выдання, спрабавалі свае сілы ў невялікіх лінгвістычных і тэксталагічных даследаваннях.
Імправізаваны ўрок беларускай літаратуры завяршыўся захапляльнай экспрэс-віктарынай, пад час якой вучні адказвалі на розныя пытанні аб жыцці і творчасці Максіма Гарэцкага – пісьменніка, вучонага, педагога, чалавека, улюблёнага ў родную мову.