Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Імя ў беларускай навуцы: Дзмітрый Іванавіч Шыраканаў

Шыраканаў Дзмітрый Іванавіч – філосаф. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1989; чл.-кар. З 1974), доктар філасофскіх навук (1972), прафесар (1974).

Дзмітрый Іванавіч Шыраканаў нарадзіўся 20 мая 1929 г. у в. Галкі Брагінскага раёна Гомельскай вобласці. У дзяцінстве застаўся без маці, перажыў голад і нястачу нямецка-фашысцкай акупацыі. У 1947 г. скончыў Брагінскую сярэднюю школу з залатым медалём. У школе быў лепшым вучнем па фізіцы і матэматыцы, і настаўнікі ўскладалі на яго вялікія надзеі як на будучага матэматыка. Але нечакана для ўсіх ён зрабіў іншы выбар -- паступіў у Беларускі дзяржаўны універсітэт на аддзяленне філасофіі і закончыў яго ў 1952 г. з чырвоным дыпломам.

Пасля заканчэння аспірантуры і абароны кандыдацкай дысертацыі ў 1955 г. Дз. І. Шыраканаў працуе ў Інстытуце філасофіі і права Акадэміі навук. Спачатку на пасадзе малодшага навуковага супрацоўніка, затым старшага навуковага супрацоўніка, а з 1962 г. -- загадчыкам аддзела. У 1972 г. паспяхова абараняе доктарскую дысертацыю па тэме "Узаемасувязь катэгорый дыялектыкі". У 1974 г. выбіраецца членам-карэспандэнтам, а ў 1989 г. -- акадэмікам Акадэміі навук. Здольнасці і талент арганізатара навукі, клапатлівага кіраўніка навуковага калектыву раскрываюцца на пасадзе дырэктара Інстытута філасофіі і права, на якую ён быў абраны на альтэрнатыўнай аснове ў 1988 годзе і выконваў гэтыя абавязкі ў цяжкі перабудовачны час да 1994 года. З 1994 года узначальваў аддзел логікі і метадалогіі навуковага пазнання.

Асноўнымі кірункамі навуковых даследаванняў Дз.І. Шыраканава  з'яўляюцца распрацоўка праблем дыялектыкі, логікі, тэорыі навуковага пазнання, выяўленне іх метадалагічнай функцыі ў сучаснай навуцы і сацыяльным жыцці; аналіз працэсаў развіцця і ўнутранай узаемасувязі філасофскіх катэгорый і паняццяў, іх змястоўнай ролі ў вывучэнні грамадства і прыроды; даследаванне філасофскіх праблем прыродазнаўства, сучасных заканамернасцей яго развіцця; вывучэнне працэсаў фарміравання філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі.

Д.I. Шыраканавым на аснове прынцыпу гістарызму распрацавана канцэпцыя пазнавальнай і эўрыстычнай сутнасці філасофскіх паняццяў і катэгорый як цэласнай сістэмы. Ім была паказана аднабаковасць і неабгрунтаванасць прынцыпу жорсткага дэтэрмінізму, які атрымаў шырокую распаўсюджанасць у філасофскай літаратуры. Была прапанавана разгорнутая характарыстыка паняццяў рознай ступені агульнасці і іх лакальных і глабальных узаемасувязей, даследаваны шляхі (канкрэтна-навуковыя, агульнанавуковыя і філасофскія) фарміравання такіх паняццяў у катэгарыяльных структурах і сістэмах, якія яны ўтвараюць. На аснове аналізу паняцця субстанцыі Д.I. Шыраканавым раскрыта ўзаемадзеянне дзвюх форм катэгарыяльных адносін -- каўзальна-дэтэрмінісцкай і структурна-сістэмнай, якія ўзаемадапаўняюць адна другую.Д.I. Шыраканаў вялікую ўвагу надае вельмі важнаму зараз прыкладн ому боку філасофскіх даследаванняў, у прыватнасці развіццю метадалогіі сацыяльных дзеянняў, выяўленню прадукцыйных форм сучаснага стылю мыслення, свядомасці і самасвядомасці чалавека, што дазваляе больш эфектыўна ўплываць на распрацоўку праграм грамадскага развіцця.

Дзмітрый Іванавіч Шыраканаў  з'яўляецца аўтарам 130 навуковых прац, у тым ліку 4 манаграфій, 14 буйных калектыўных манаграфічных даследаванняў. За калектыўную працу беларускіх даследчыкаў "Дэтэрмінізм, сістэмы, развіццё" ён узнагароджаны Залатым медалём ВДНГ. Яго работы атрымалі высокія ацэнкі ў філасофскіх цэнтрах Расіі, Балгарыі, Польшчы.Дз.І. Шыраканаў падрыхтаваў 30 кандыдатаў і 12 дактароў навук.  За навуковую і грамадскую дзейнасць Д.I. Шыраканаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі, сярод якіх ордэн "Знак пашаны" (1967) і высокі ордэн Рэспублікі Беларусь -- Францыска Скарыны (1990).

Працы вучонага, якія ёсць у бібліятэцы

Працы вучонага на сайце НАН Беларусі