Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Імя ў беларускай навуцы: Аляксандр Іосіфавіч Падлужны


Падлу́жны Аляксандр Іосіфавіч – беларускі мовазнавец, доктар філалагічных навук (1982), прафесар (1989), акадэмік АН Беларусі (1994), сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі (1997–2002), дырэктар Інстытута мовазнаўства (1989–2003), заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (1999).

А. І. Падлужны нарадзіўся 16 жніўня 1935 г. у вёсцы Залессе Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сям'і калгаснікаў. Пасля заканчэння Мсціслаўскага педагагічнага вучылішча ў 1954 г. ён паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які паспяхова закончыў у 1959 г. Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Раснянскай сярэдняй школе на Магілёўшчыне. У1962 г. А. І. Падлужны паступіў у аспірантуру пры Інстытуце мовазнаўства імя Я. Коласа Акадэміі навук БССР. У 1967 г. ён абараняе кандыдацкую дысертацыю па тэме «Фаналагічная сістэма беларускай літаратурнай мовы».

У 1969 г. А. I. Падлужны стварае лабараторыю эксперыментальнай фанетыкі (з 1990 года – аддзел эксперыментальнай фанетыкі) пры Інстытуце мовазнаўства, дзе праводзіць агромністую працу па даследаванні артыкуляцыі беларускіх гукаў, іх акустычнай будовы і ўспрымання, што дазволіла сістэмна апісаць асноўныя характарыстыкі артыкуляцыйнай базы беларускай мовы, стварыць навукова абгрунтаваную артыкуляцыйна-фізіялагічную класіфікацыю гукаў беларускай мовы, параўнаць іх з тыпалагічна падобнымі гукамі суседніх славянскіх моў. У гэтым жа годзе выходзіць яго першая манаграфія «Фаналагічная сістэма беларускай мовы».

У 1973 г. выходзіць кніга А. І. Падлужнага "Гукі беларускай мовы" (сумесна з В. М. Чэкманам) у якой разгледжаны асаблівасці ўтварэння галосных і зычных гукаў беларускай мовы. У манагафіі "Нарыс акустычнай фанетыкі беларускай мовы" (1977) на аснове даных самых новых на той час электронна-акустычных прыбораў прааналізаваны ўласцівасці вуснай беларускай мовы.

У 1981 г. А. I. Падлужны абараняе доктарскую дысертацыю на тэму "Фанетычная сістэма беларускай мовы", дзе ўпершыню ў беларускім мовазнаўстве прыведзены атрыманыя эксперыментальным шляхам звесткі пра акустычную будову маўлення і асаблівасці яго ўспрымання, зроблена іерархічная класіфікацыя акустычных прымет маўленчага сігналу, устаноўлена сегментная структура беларускага маўлення і прапанавана акустычная класіфікацыя гукаў на аснове гэтай структуры.

З 1983 г. А. І. Падлужны працуе на пасадзе намесніка дырэктара Інстытута мовазнаўства па навуковай рабоце, з 1989 па 2003 гг. – з'яўляецца яго дырэктарам. З 1992 г. – узначальвае аддзел сучаснай беларускай мовы. Адначасова з 1997 па 2002 гг. А. I. Падлужны быў акадэмікам-сакратаром Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі. Апошнія гады свайго жыцця працаваў загадчыкам аддзела сучаснай беларускай мовы Інстытута мовазнаўства.

Асноўныя напрамкі навуковай дзейнасці А. I. Падлужнага – гэта фанетыка і фаналогія роднай мовы. Вучоны займаўся праблемамі нармалізацыі беларускага літаратурнага маўлення, граматыкай і арфаграфіяй сучаснай мовы, пытаннямі лексікалогіі і лексікаграфіі, сацыялінгвістыкі. Так, праведзеныя даследаванні фаналагічнай сістэмы беларускай літаратурнай мовы з'явіліся асновай распрацоўкі пытанняў правапісу і арфаэпіі, што знайшлі адлюстраванне ў раздзелах «Фанетыка» і «Арфаэпія» ў выдадзенай у 1985 годзе нарматыўнай акадэмічнай граматыцы «Беларуская граматыка», а таксама ў нарматыўным «Слоўніку беларускай мовы: Арфаэпія. Арфаграфія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне», які пабачыў свету 1987 г.

А. І. Падлужны акцэнтаваў увагу на стане, працэсе развіцця, статусе беларускай мовы ў грамадстве, на пэўных складанасцях, што існавалі ў моўнай сферы ў канцы XX ст. Пад кіраўніцтвам акадэміка А. І. Падлужнага была распачата падрыхтоўка новай рэдакцыі «Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі».

Асноўныя працы А. I. Падлужнага маюць прыкладны характар, адрасаваны тым, хто вывучае беларускую мову. Ён – адзін з аўтараў кнігі «Белорусский язык для небелорусов» (1973, 1978), якая дапоўненая і перапрацаваная выйшла пад назвай «Белорусский язык для говорящих по-русски» у 1990 г. Акрамя гэтага ён з'яўляўся сааўтарам шэрага вучэбных дапаможнікаў для ВНУ.

Пад кіраўніцтвам А. І. Падлужнага 14 аспірантаў атрымалі дыплом кандыдата філалагічных навук і 1 – доктара навук. З 1989 па 2003 гг. ён працаваў на пасадзе старшыні савета па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый пры Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі.

А. І. Падлужны быў членам Міжнароднай камісіі агульнаславянскага лінгвістычнага атласа пры Міжнародным камітэце славістаў, кіраўніком Нацыянальнай камісіі і адным з аўтараў гэтага міжнароднага праекта.

У 1989–2005 гг. – галоўны рэдактар штогодніка «Беларуская лінгвістыка», у 1997–2003 гг. – галоўны рэдактар часопіса «Весці НАН Беларусі. Серыя гуманітарных навук».

Як адзін з актыўных арганізатараў мовазнаўчай навукі ў Беларусі А. І. Падлужны ўзнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР (1983), ордэнам «Знак Пашаны» (1986), стаў заслужаным дзеячам навукі Рэспублікі Беларусь (1999).

Прэмія НАН Беларусі (1995) за падручнік беларускай мовы.

А. I. Падлужны – аўтар 120 навуковых прац, у тым ліку 14 манаграфій па розных праблемах беларускай фанетыкі і фаналогіі, сучаснай беларускай лексікалогіі, граматыкі, правапісу і культуры мовы, моўнай палітыкі.

Памер 21 лістапада 2005 г.

Працы вучонага, якія ёсць у бібліятэцы

Працы вучонага на сайце НАН Беларусі