Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Імя ў беларускай навуцы: Крапіва Кандрат Кандратавіч

Кандрат Кандратовіч Крапіва (Атраховіч) – драматург, байкапісец, празаік, мовазнаўца, грамадскі дзеяч. Акадэмік (1950; чл.-кар. з 1940), доктар філалагічных навук (1953). Народны пісьменнік БССР (1956). Герой Сацыялістычнай Працы (1975). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1978). Удзельнік Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай вайны.

Кандрат Кандратавіч Крапіва (Атраховіч) нарадзіўся 22 лютага (5 сакавіка) 1896 года ў вёсцы Нізок, Уздзенскай воласці, Ігуменскага павета, Мінскай губерні (цяпер Дзяржынскага раёна, Мінскай вобласці), у сялянскай сям'і.

Вучыўся К. Крапіва ў царкоўна-прыходскай школе ў в. Нізок, Уздзенскім народным вучылішчы, Стаўбцоўскім і Койданаўскім чатырохкласных гарадскіх вучылішчах. Восенню 1913 г. экстэрнам здаў у Мінску экзамен на званне народнага настаўніка. Зімой 1914 г. разам з бацькам працаваў на пабочных заработках, вясной і летам – рознарабочым на цагельні. Восенню 1914 г. атрымаў месца настаўніка ў земскім народным вучылішчы ў в. Мнішана Пяршайскай вол. Мінскага пав. У жніўні 1915 г. прызваны ў царскую армію і праз некаторы час накіраваны ў Гатчынскую школу прапаршчыкаў, якую скончыў у сакавіку 1916 г. Вясну і лета 1916 г. праслужыў у запасным батальёне ў г. Асташкаве Цвярской губ. (цяпер Калінінская вобл.) у якасці ўзводнага афіцэра. Восенню таго ж года накіраваны з маршавай ротай на Заходні фронт, а потым разам з вайсковай часцю на Румынскі фронт. Там жа сустрэў і Кастрычніцкую рэвалюцыю. У пачатку студзеня 1918 г. як настаўнік быў дэмабілізаваны і ў лютым вярнуўся ў родную в. Нізок. Са жніўня 1920 г. да 1923 г. служыў у Чырвонай Арміі, камандзір узвода.

У часе службы ў Чырвонай Арміі К. Крапіва паспрабаваў пісаць. Пачаў з газетных карэспандэнцый, вершаў і фельетонаў на бытавыя і палітычныя тэмы. Пісаў спачатку на рускай мове. 13 красавіка 1922 г. газета Заходняга фронту «Красноармейская правда» надрукавала першы яго фельетон «Жылі-былі». У жніўні 1922 г. «Красноармейская правда», атрымаўшы ад яго сшытак вершаў, змясціла артыкул «Паэт-камандзір», у якім адзначала, што «сярод паэтаў Захфронту Атраховіч – адзін з самых моцных, калі не першы».

Восенню 1923 г. К. Крапіва дэмабілізаваўся, год жыў у роднай вёсцы, працаваў на бацькавай гаспадарцы, затым пераехаў з сям'ёй у в. Астравок, куды быў прызначаны настаўнікам пачатковай школы. У маі 1925 г. пераехаў у Мінск, працаваў інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інстытуце беларускай культуры. Тут ён пазнаёміўся з творамі беларускіх паэтаў і паспрабаваў сам пісаць на роднай мове. Жывую беларускую мову ведаў добра, і гэта вызначыла яго пісьменніцкі лёс. 3 восені 1922 г. сатырычныя вершы і вершаваныя фельетоны К. Крапівы пачалі часта друкавацца на старонках «Савецкай Беларусі». Станоўча паўплывала на творчую працу сатырыка і тое, што ён, уступіўшы ў «Маладняк», апынуўся ў асяродку літаратурнага жыцця Беларусі. Неўзабаве адна за адной выходзяць у свет яго кнігі: «Асцё» (1925 г.), «Крапіва» (1925 г.), «Біблія» (1926 г.), «Апавяданні» (1926 г.), Байкі» (1927 г.).

У 1926 г. К. Крапіва паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педфака Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, якое скончыў у 1930 г.

Прыйшоўшы ў літаратуру ў пачатку дваццатых гадоў, К. Крапіва адлюстраваў тыповыя рысы таго часу, калі працоўныя масы з энтузіязмам пачалі будаваць новае жыццё.

У 1930 г. Кандрат Крапіва скончыў навучанне ў Беларускім дзяржаўным універсітэте. Тады ён ужо быў вядомым пісьменнікам, аўтарам каля дзесятка кніг паэзіі і прозы. Некаторыя з іх набылі шырокую папулярнасць у Беларусі: зборнік сатырычных вершаў і баек «Крапіва» выйшаў ужо трыма выданнямі, а кнігі «Байкі» і «Біблія» – двума. У беларускай прозе пачатку трыццатых гадоў цяжка знайсці іншы твор, які даў бы такую ж яркую карціну дакалгаснай вёскі, як «Мядзведзічы». Толькі ў нямногіх кнігах той пары можна ўбачыць і такое шырокае выкарыстанне багацця народнай лексікі. «Мядзведзічы» належаць да лепшых здабыткаў даваеннай беларускай прозы, стаяць у адным радзе з раманамі і аповесцямі Я. Коласа, К. Чорнага, П. Галавача, 3. Бядулі, М. Лынькова, М. Зарэцкага.

У 1932–1936 гг. працаваў загадчыкам аддзела рэдакцыі часопіса «Полымя рэвалюцыі».

1933 г. з'явіўся датай нараджэння Крапівы–драматурга: ён напісаў п'есу «Канец дружбы» (пастаўлена ў 1934 годзе Першым беларускім драматычным тэатрам, цяпер Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы). Большасць літаратурна-крытычных артыкулаў і выступленняў пісьменніка ў тыя гады таксама прысвечана праблемам драматургіі.

Вялікім мастацкім дасягненнем беларускага драматурга з'явілася сатырычная камедыя «Хто смяецца апошнім» (1939 г.), якая па праву лічыцца адным з лепшых здабыткаў усёй савецкай камедыяграфіі. Гэта камедыя вызначаецца высокімі сцэнічнымі якасцямі. За камедыю «Хто смяецца апошнім» у 1941 г. яму была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР.

У верасні 1939 года Кандрат Крапіва ў якасці камандзіра стралковай роты ўдзельнічаў ва ўз'яднанні Заходняй Беларусі з БССР. У 1939–1940 гг. ён прымаў удзел у савецка-фінляндскай вайне.

На пачатку Вялікай Айчыннай вайны К. Крапіва працаваў у рэдакцыі газеты «Красноармейская правда», затым у рэдакцыі франтавой газеты Заходняга фронта «За Савецкую Беларусь». У 1941 уступіў у КПСС. 3 сакавіка 1943 г. і да канца вайны быў адказным рэдактарам ілюстраванай сатырычнай газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». Адразу пасля вайны прызначаны адказным рэдактарам сатырычнага часопіса «Вожык» (1945–1947).

3 чатырох п'ес, напісаных Кандратам Крапівой у пасляваенны час, дзве прысвечаны падзеям вайны: драмы «3 народам» (1948 г.) і «Людзі і д'яблы» (1957 г.).

У 1974 г. за фантастычную камедыю «Брама неўміручасці» (1973) яму была прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР імя Янкі Купалы.

Камедыі К. Крапівы вызначаюцца вастрынёй мастацкага аналізу рэчаіснасці, значнасцю грамадскіх праблем, якія вырашаюцца ў іх. Гэта творы наватарскія па самому характеру асваення жыццёвага матэрыялу.

Немагчыма перабольшыць значэнне таго укладу, які ўнёс К. Крапіва ў скарбніцу беларускай літаратуры. I ў паэзіі, і ў прозе, і – асабліва – у драматургіі ён сказаў сваё самабытнае слова, узбагаціўшы родную літаратуру творамі, якія зрабілі значны ўплыў на развіццё яе рэалістычных традыцый, спрыялі ўмацаванню ў ёй прынцыпаў партыйнасці і народнасці. Натуральна і тое, што найбольшага поспеху К. Крапіва – сатырык па таленту – дасягнуў у сатырычным жанры, як аўтар выдатных баек і камедый, у якіх асабліва выразна выявілася нацыянальная самабытнасць і глыбокая народнасць яго творчасці.

Займаўся К. Крапіва і перакладамі на беларускую мову прац К. Маркса, Ф. Энгельса, У. Леніна. Ім былі перакладзены мастацкія творы Д. Фанвізіна, I. Крылова, А. Пушкіна. М. Гогаля, A. Астроўскага, А. Чэхава, У. Маякоўскага, А. Твардоўскага. Т. Шаўчэнкі, А. Міцкевіча, Я. Гашака, B. Шэкспіра і інш.

У 1956 г. К. Крапіве прысвоена званне Народнага пісьменніка Беларусі.

Сумесна з літаратурнай працай, многа сіл К. К. Крапіва аддаваў навуковай дзейнасці. 3 1947 г. ён працуе ў Акадэміі навук БССР. На працягу пяці год пісьменнік кіраваў мовазнаўчым сектарам у Інстытуце літаратуры і мовы. У 1940 г. К. К. Крапіва абраны членам-каррэспандэнтам, а ў 1950 г. правадзейным членам Акадэміі навук БССР. У 1952 г. К. Крапіва ўзначаліў Інстытут мовазнаўства, а з 1956 па 1982 гг. з'яўляўся віцэ-прэзідэнтам акадэміі. Ён прымаў удзел у стварэнні руска-беларускага і беларуска-рускага слоўнікаў, «Дыялектычнага атласа беларускай мовы»; апублікаваў шэраг навуковых прац па праблемах беларускай мовы, і інш. За удзел у комплексе прац па беларускай лінгвагеаграфіі К. Крапіва быў узнагароджан у 1971 г. Дзяржаўнай прэміяй СССР.

У 1961–1964 гг. К. К. Крапіва з’яўляўся галоўным рэдактарам часопіса «Весці АН БССР. Серыя грамадскіх навук».

Узнагароджаны 4 ордэнамі Леніна (1940, 1949, 1966, 1977), ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі (1971), ордэнам Чырвонага Сцяга (1943), ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1955), ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, ордэнам Дружбы народаў, ордэнам Чырвонай Зоркі (1943), медалямі, Ганаровымі Граматамі Вярхоўнага Савета БССР.

У 1946 г. у складзе дэлегацыі БССР К. К. Крапіва ўдзельнічаў у рабоце 1-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Лондане, ва Усеславянскім кангрэсе ў Чэхаславакіі, у 1963 г. – у Міжнародным кангрэсе славітаў у Балгарыі.

Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР у 1947–1985 гг.

Памёр К. К. Крапіва 7 студзеня 1991 года.

Працы вучонага, якія ёсць у бібліятэцы

Працы вучонага на сайце НАН Беларусі