Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Імя ў беларускай навуцы: Каваленя Аляксандр Аляксандравіч

Каваленя Аляксандр Аляксандравіч – гісторык. Член-карэспандэнт (2014), доктар гістарычных навук (2000), прафесар (2004). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (2014). Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь (2002).

Аляксандр Аляксандравіч Каваленя нарадзіўся 14 сакавіка 1946 г. у гарадскім пасёлку Капыль Мінскай вобласці ў сям'і настаўніка. У 1962 г. пасля заканчэння дзевяці класаў паступіў у Мінскае ПТВ № 23, якое скончыў на выдатна і атрымаў спецыяльнасць слесара. Навучанне ў прафесійным вучылішчы А. А. Каваленя сумяшчаў з вучобай у школе рабочай моладзі, якую паспяхова закончыў у 1964 г. У 1970 г. – паступіў на гісторыка-геаграфічны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М. Горкага (МДПІ імя М. Горкага ). З 1974 па 1979 гг. А. А. Каваленя ўзначальваў студэнцкі прафсаюзны камітэт інстытута.

У 1979 г. А. А. Каваленя паступіў у аспірантуры кафедры гісторыі КПСС МДПІ імя М. Горкага. У 1983 г. – абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Идейно-политическая работа подпольных партийных организаций КП(б)Б в партизанских зонах».

Ca снежня 1982 г. Аляксандр Аляксандравіч Каваленя працаваў на пасадзе асістэнта кафедры гісторыі КПСС МДПІ імя М. Горкага, а ў маі 1987 г. быў абраны на пасаду дацэнта гэтай кафедры. 3 1983 па 1991 г. ён з’яўляўся членам Рэспубліканскага каардынацыйнага савета па распрацоўцы праблем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, з 1987 г. падтрымліваў цесныя сувязі з аддзелам ваеннай гісторыі Інстытута гісторыі HAH Беларусі, удзельнічаў у распрацоўцы дзяржаўных праграм фундаментальных даследаванняў нацыянальнай гісторыі Беларусі. У 1994 г. быў залічаны ў дактарантуру, а ў 1996 г. абраны загадчыкам кафедры айчыннай і сусветнай гісторыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка. Пад кіраўніцтвам А. А. Кавалені кафедра стала адным з цэнтраў вывучэння і папулярызацыі гісторыі Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай войнаў. Выдадзеныя у той час яго манаграфіі і вучэбныя дапаможнікі атрымалі станоўчую ацэнку навуковай грамадскасці. Манаграфія А. А. Кавалені «Беларусь у гады Другой сусветнай вайны (1939–1945)» (1996) была адзначана прэміяй і Дыпломам лаўрэата конкурсу БДПУ імя М. Танка. Вынікам руплівага пошуку даследчыка стала манаграфія «Прагерманскія саюзы моладзі на Беларусі. 1941–1944. Вытокі. Структура. Дзейнасць» (1999). У 2000 г. па гэтай тэме А. А. Каваленя абараніў доктарскую дысертацыю. У 2004 г. яму было прысвоена навуковае званне прафесара.

Па даручэнні Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь А. А. Каваленей быў падрахтаваны вучэбна-метадычны комплекс «Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)» (2006–2009), які ўключае праграму, падручнікі для ВНУ і сярэдніх агульнаадукацыйных устаноў.

У 2004–2010 гг. А. А. Каваленя працаваў дырэктарам Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. За гэтыя гады Інстытут гісторыі ператварыўся ў дзяржаўны цэнтр арганізацыі сістэмных гістарычных даследаванняў; навукоўцы Інстытута паспяхова выканалі Дзяржаўную комплексную праграму навуковых даследаванняў на 2006–2010 гг. «Гісторыя беларускай нацыі, дзяржаўнасці і культуры». Упершыню за ўсю гісторыю краіны ў Інстытуце была адкрыта ўнікальная Археалагічная навукова-музейная экспазіцыя, якая яскрава раскрывае багатую гісторыка-культурную спадчыну Беларусі; вучонымі Інстытута былі падрыхтаваны і рэалізаваны на практыцы навуковыя канцэпцыі абноўленага Музея гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Музея прыроды і гісторыі Нацыянальнага парка «Белавежская пушча», а таксама распрацавана навуковая канцэпцыя Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.

У лютым 2009 г. А. А. Каваленя быў прызначаны акадэмікам-сакратаром Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў HAH Беларусі і ўведзены ў склад Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук.

Пад яго кіраўніцтвам паспяхова выканана Дзяржаўная праграма навуковых даследаванняў на 2011–2015 гг. «Гісторыя, культура, грамадства, дзяржава».

А. А. Каваленя ўзначальвае савет па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый у Інстытуце гісторыі HAH Беларусі. Ён – навуковы рэдактар, член рэдакцыйных калегій і саветаў часопісаў «Доклады Национальной академии наук Беларуси», «Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманітарных навук», «Архівы і справаводства», «Беларуская думка», «Беларускі гістарычны часопіс», «Гісторыя і грамадазнаўства», «Историческое пространство. Проблемы истории стран СНГ».

А. А. Каваленя неаднаразова адзначаўся Ганаровымі граматамі прафсаюзных камітэтаў розных узроўняў, двойчы – Пасведчаннем Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за асабісты уклад у развіцццё здольнасцей таленавітай моладзі, у 2002 г. з'яўляўся стыпендыятам Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у гэтым жа годзе ўзнагароджаны знакам «Выдатнік адукацыі», у 2005 г. – юбілейным медалём «60 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў», у 2006 г. – медалём Францыска Скарыны, у 2009 г. – Падзякай Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Ганаровай граматай HAH Беларусі, у 2016 г. – залатым медалём НАН Беларусі "За вялікі ўклад у развіццё навукі".

У 2006 г. А. А. Каваленя абраны сапраўдным членам Міжнароднай славянскай акадэміі адукацыі імя Я. А. Каменскага. З 2009 г. – галоўны рэдактар часопіса "Весці НАН Беларусі. Серыя гуманітарных навук".

Аляксандр Аляксандравіч Каваленя – аўтар больш за 450 навуковых і навукова-метадычных прац, у тым ліку 26 манаграфій, 17 падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў.

Працы вучонага, якія ёсць у бібліятэцы

Працы вучонага на сайце НАН Беларусі