Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Пн - Пт: 8:45 - 20:00

Выстава «Этнакультурная спадчына беларускага краю»

У чытальнай зале гуманітарных навук дэманструецца выстава «Этнакультурная спадчына беларускага краю: праблемы вывучэння і захавання (2019-2021)».

Культура народа выступае мерай яго духоўнасці, цывілізаванасці, этнічнай своеасаблівасці. Культурны прагрэс нашай нацыі звязаны з незалежнасцю дзяржавы, развіццём беларускай мовы, традыцый, сцвярджэннем духоўных і маральных асноў у жыцці грамадства. Беларускі народ мае права ганарыцца найбагацейшымі вытокамі сваёй культуры, фальклорам, абраднасцю, прыгажосцю нацыянальнага касцюма, народнымі промысламі. Беларусь – поліэтнічная дзяржава і нацыянальнае багацце стваралася ўсімі нацыянальнымі супольнасцямі, якія пражываюць у краіне. Свабоднае развіццё культур, традыцый усіх нацыянальных супольнасцяў, якія пражываюць у нашай рэспубліцы, грунтуецца на дзяржаўнай палітыцы, якая ўлічвае інтарэсы ўсіх этнічных груп.

Матэрыялы выставы пазнаёмяць з актуальнымі праблемамі вывучэння і захавання гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, з найбольш цікавымі публікацыямі за 2019-2021 гг. па тэме. Сярод пытанняў, якія найбольш абмяркоўваюцца, можна вылучыць наступныя: этнакультурныя асновы фарміравання асобы і адраджэнне народнай педагогікі (этнопедагогікі), нематэрыяльная культурная спадчына, трансфармацыя відаў і жанраў беларускага фальклору, мужчынскае і жаночае ў традыцыйнай культуры беларусаў, экалогія мастацтва вусных традыцый і г.д. Закранаецца тэма традыцыйных рамёстваў, такіх як ганчарства, ткацтва, вышыўка, кавальства, саломапляценне, роспіс, мастацкая апрацоўка дрэва і іншых прыродных матэрыялаў.

Этнакультурная спадчына беларускага краю разглядаецца і з пазіцыі этнаграфічнага турызму, як навукі, якая вывучае матэрыяльную і духоўную культуры народаў. Так як асноўнымі прыкметамі этнасу з'яўляюцца самасвядомасць, мова, культура, то ва ўмовах глабалізацыі вялікае значэнне набывае этнаграфічны турызм, як важны кампанент міжкультурнага дыялогу народаў і эфектыўны спосаб рэалізацыі прынцыпаў сацыяльнага партнёрства на розных узроўнях узаемадзеяння. У рамках этнаграфічнага турызму адбываецца знаёмства з культурнымі дасягненнямі краіны, народнымі традыцыямі. Таму асабліва  перспектыўным лічыцца развіццё экскурсійна-турыстычных маршрутаў, правядзенне розных акцый у сферы культуры: выстаў, конкурсаў, святаў, фестываляў, кірмашоў і г.д., захаванне і развіццё рэгіянальнай культурнай спецыфікі, выкарыстанне новых тэхналогій і сучасных маркетынгавых інструментаў.

Прапануем для азнаямлення рэкамендацыйны спіс літаратуры.

Выстава працягне працу да 28 студзеня.

топ-услуги
Платежные системы Беларуси