Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Пн - Пт: 8:45 - 20:00

Адам Станкевіч. Шлях да Беларусі – шлях да Бога

6 студзеня гэтага года спаўняецца 130 гадоў са дня нараджэння беларускага святара Адама Вінцэнтавіча Станкевіча. Гэтая постаць з’яўляецца своеасаблівым сімвалам духоўнага адраджэння, пошуку і нацыянальнага сцвярджэння беларускага народа на пачатку бурлівага ХХ стагоддзя. Ягонае імя вельмі важна не толькі для каталіцкай, але і для агульнахрысціянскіх супольнасцяў Беларусі, на чыім падмурку будаваліся і працягваюць будавацца каштоўнасці беларускага народа.

Артыкул можна прачытаць на рускай мове.


Адам Станкевіч. 1930 г.

Паводле старога стылю (юліанскага календара) Адам Станкевіч нарадзіўся на каляды 24 снежня 1891 года ў вёсцы Арляняты Ашмянскага павету Віленскай губэрні. Паходзіў ён з простай сялянскай сям’і беларускіх каталікоў Вінцука Станкевіча і Антаніны Дасюкевіч. Разам з ім у сям’і раслі дзве сястры і старэйшы брат Валянцін. Вельмі важна тое, што Адам быў каталіком толькі ў другім пакаленні. Ягоныя продкі лічылі сябе ўніятамі і даволі доўгі час захоўвалі ўніяцкія традыцыі. Так, напрыклад, старэйшыя браты і сёстры бацькоў будучага ксяндза Адама Станкевіча яшчэ былі ахрышчаныя ва ўніяцкай царкве. Толькі падчас ліквідацыі ўніяцкай царквы Полацкім саборам у 1839 г. частку з іх перавялі ў праваслаўе, іншыя ж здолелі запісацца каталікамі лацінскага абраду. Сам Станкевіч быў ахрышчаны ўжо паводле каталіцкага абраду ў Гальшанах.


Выпіска з метрычнай кнігі пра нараджэнне і хрышчэнне А. Станкевіча. 1905 г.

Бацькі заўважылі, што хлопчык досыць схільны да навучання і аддалі яго ў царкоўна-прыхадскую школу ў вёсцы Баруны, а праз год перавялі ў Гальшанскую народную школу. Далей Станкевіч працягваў навучанне ў гарадскім вучылішчы ў Ашмянах. Гісторыя абірання шляху адукацыі ў Станкевіча досыць цікавая. Яна адлюстроўвае ваганні чалавека паміж абіраннем жыцця простага і жыцця, прысвечанага Богу.

Самастойна вывучаючы курс пяці класаў гімназіі, Адам Станкевіч паехаў увесну 1910 года ў Маскву здаваць іспыт пры Маскоўскай вучэбнай акрузе. Менавіта там, адарваны ад сваёй Бацькаўшчыны, ад свайго народа, ён больш умацаваўся і ўпэўніўся ў сваім жаданні паступіць у духоўную семінарыю, пакінуўшы думкі пра ўніверсітэт.


Атэстат А. Станкевіча. 1918 г.

У гэтым жа годзе Станкевіч паступіў у Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю, дзе арганізаваў беларускі гурток, у якім будзе разам з сябрамі-аднадумцамі абмяркоўваць пытанні, звязанныя з беларускім нацыянальным адраджэннем. Тут у яго з’явіцца ідэя стварэння беларускай бібліятэчкі, за дазволам на ўтварэнне якой ён звернецца да рэктара семінарыі, і той пагадзіцца.

Трэба адзначыць, што менавіта ў гэты час і пачынаецца моцнае сцвярджэнне і разуменне Станкевічам сябе як беларуса. На фармаванне яго нацыянальнай свядомасці асабліва паўплывалі газета «Наша Ніва», у якой ён пачне друкавацца пад сваім імем з лістапада 1913 года, сяброўства з Вацлавам Ластоўскім і Іванам Луцкевічам, якое завязалася пад час наведвання Вільні. Моцны ўплыў аказаў і паплечнік Адама Станкевіча, ягоны настаўнік і сябар Адам Лісоўскі, які быў навучэнцам Пецярбургскай духоўнай акадэміі і прывозіў творы Францішка Багушэвіча для яго.

Далей Адам Станкевіч працягваў навучанне ў найвышэйшай у Расійскай імперыі ўстанове для каталіцкага духавенства — Пецярбургскай духоўнай акадэміі, куды быў рэкамендаваны як выдатны вучань. Тут ён таксама далучыўся да шэрагу беларускай моладзі, якая распаўсюджвала ідэі нацыянальнага самавызначэння і права на нацыянальную незалежнасць. У Пецярбургу ён супрацоўнічае з газетамі «Светач» і «Дзянніца». Напрыканцы 1914 года Станкевіч быў пасвячоны ў ксяндзы, а на новы 1915 год у Крэўскім касцёле правёў сваю першую імшу.


Памятка першай імшы, адпраўленай А. Станкевічам. 1915 г.

У час моцных грамадска-палітычных пераўтварэнняў, у момант пераацэнкі духоўных каштоўнасцяў і звальвання ў галечу грамадска-палітычнага крызісу Станкевіч праявіў сабе з найлепшага боку не толькі як годны святар, але і як адданы сын сваёй Радзімы. У траўні 1917 года Станкевіч стаў адным з арганізатараў у Мінску з’езду каталіцкага духавенства, дзе выступіў з важнай для таго часа прамовай аб беларускім нацыянальным руху і яго адносінах да рэлігійнага жыцця. У 1917 годзе, калі была заснавана Беларуская хрысціянская дэмакратычная злучанасць, ён актыўна ўключыўся ў яе дзейнасць, спачатку як сябра, а потым і як адзін з яе кіраўнікоў.

Атрымаўшы ступень кандыдата кананічнага права ў 1918 годзе, Адам Станкевіч пачаў сваю пастырскую дзейнасць, якая шмат у чым выклікала здзіўленне і часам незадаволенасць царкоўных уладаў: так, ён адзін з першых беларускіх ксяндзоў, які пачаў ужываць на набажэнствах родную мову. Спачатку Станкевіч працаваў на Дзісеншчыне. У ліпені паклаў пачатак прамаўленню казанняў на беларускай мове (яны прамаўляліся ў Дзісне, Друі, Барадзенічах, Германавічах, Ідолце, Іказні, Мёрах, Пагосце, Шаркаўшчыне). Увосень 1918 годза быў прызначаны вікарыем парафіі ў Драгічыне над Бугам. А з 1919 года вёў набажэнствы ў Віленскім касцёле святога Мікалая, з якім яго моцна звяжа лёс у самы страшны час жыцця...

У Віленскай беларускай гімназіі Адам Станкевіч пачынае выкладаць рэлігію і лацінскую мову, таксама працуе рэдактарам газеты «Крыніца», уваходзіць у камітэт Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны.


А. Станкевіч сярод вучняў Віленскай беларускай гімназіі. 1930-я гг.

Падчас усталявання на тэрыторыі Заходняй Беларусі польскага ўраду, ён быў абраны паслом польскага сойму ад нацыянальных меншасцяў (з 1922 па 1928 гады), дзе доўгі час адстойваў нацыянальныя, сацыяльныя і рэлігійныя правы заходнебеларускага насельніцтва.


Службовае пасведчанне А. Станкевіча 1922 г.
А. Станкевич сярод паслоў і сенатараў Беларускага пасольскага клуба. 1922 г.

Пасведчанне пасла ў Польскі сейм на імя Адама Станкевіча. 1925 г.
Кніжка пратаколаў Віленскага гуртка Беларускага Інстытуту Культуры і Гаспадаркі на 1927/28 год

Адстойваў правы навучання беларусаў па-беларуску: узначальваў у 1924–1926 гадах Таварыства беларускай школы, стварыў рукапісны лемантар для беларускіх дзетак. За дабрачынную дзейнасць яго называлі «вялікім філантропам».


Рукапісны буквар для беларускіх дзетак. 1920-я гг.

У 1926 годзе Станкевіч засноўвае ў Вільні беларускую друкарню імя Францішка Скарыны, працуе рэдактарам і выдаўцом часопіса «Хрысціянская думка». Нягледзячы на каталіцкае веравызнанне, з боку польскіх уладаў ён падвяргаўся ціску праз правядзенне палітыкі беларусізацыі каталіцкага касцёлу.

Адам Станкевіч вёў актыўную асветніцкую працу ў галінах вяртання нацыянальнай спадчыны і абуджэння нацыянальнай свядомасці беларусаў. Сярод такіх прац можна вылучыць кнігу «Доктар Францішак Скарына — першы друкар беларускі (1525 — 1925)», якая выйшла ў свет у 1925 годзе. Гісторыі беларускага народа прысвечаны ягоныя працы «Вітаўт Вялікі і беларусы», «Кастусь Каліноўскі: „Мужыцкая праўда“ і ідэя незалежнасці Беларусі». Трэба адзначыць, што дзяржаўнасць Беларусі Станкевіч вёў з часоў Полацкага і Тураўскага княства. Пытанням ўжывання роднай мовы ў рэлігійным жыцці, у беларускіх школах, у мінуўшчыне прысвечаны такія працы як «Беларуская мова ў школах Беларусі XVI і XVII ст.» і «Родная мова ў святынях». Шмат увагі Адам Станкевіч надваў гісторыі хрысціянства і хрысціянска-дэмакратычнага руху на Беларусі: «Беларускі хрысціянскі рух», «Хрысціянства і беларускі народ».

Станкевіч быў таксама і аўтарам падручніка па айчыннай гісторыі для пачатковай школы.


Друкаваныя працы А. Станкевіча. 1925 – 1933 гг. 
Друкаваныя працы А. Станкевіча. 1933 – 1940 гг. 
Друкаваныя працы А. Станкевіча. 1935, 1938 гг.

У 1938 годзе польскімі ўладамі ксёндз Станкевіч быў высланы з Вільні ў Слонім тэрмінам на 5 год з прычыны правядзення беларусізацыі касцёлу. З пачаткам Другой сусветнай вайны ён вярнуўся ў Вільню, дзе стаў на чале беларускай дзяржаўнай прагімназіі, а пасля арганізаваў беларускі цэнтр. У 1940 годзе беларуская культурная грамадскасць шырока адзначыла 25-я ўгодкі святарскай дзейнасці А. Станкевіча. Гэтай падзеі былі прысвечаны шматлікія публікацыі ў заходнебеларускім друку (напрыклад, асобны юбілейны нумар газеты «Крыніца»), а таксама і ў польскіх і літоўскіх перыядычных выданнях.


Пастанова Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы аб высылцы А. Станкевіча з Вільні і Віленскага ваяводства на 5 гадоў. 1939 г.
Нумар газеты “Крыніца”, прысвечаны 25-годдзю святарскай і грамадскай дзейнасці А. Станкевіча. 1940, № 3, 12 студзеня.

Як было напісана вышэй, вельмі моцна лёс Станкевіча быў звязаны з касцёлам святога Міхаіла. Менавіта тут у гады нацысцкай акупацыі ён абмяжоўваўся рэлігійнай працай, дапамагаў ратаваць ад рабавання экспанаты Віленскага беларускага музея, выдаў «Вучнёўскі малітаўнічак» і «Патрэбнейшыя выняткі з Рытуалу», праводзіў набажэнствы ў касцёле, бласлаўляў маладых, хрысціў немаўлят і, як мог, падтрымліваў сваіх суайчыннікаў у нялёгкіх для іх выпрабаваннях, што прынесла фашысцкая акупацыя. Сам Станкевіч адмовіўся ад супрацоўніцтва з акупацыйнымі ўладамі. Рызыкуючы жыццём, выратаваў некалькіх віленскіх савецкіх актывістаў і былых заходнебеларускіх камсамольцаў, падтрымліваў сувязь з антыфашыстамі.


А.Станкевіч. “Гісторыя Беларусі (сістэматычны нарыс)”. Чарнавы аўтограф. 1944 г.

У 1944 годзе пачаў пісаць кнігу «Гісторыя Беларусі (сістэматычны нарыс)», дзе сцвярджаў, што гісторыя беларускага народа — гзта рэалізацыя яго нацыянальнай ідэі, рух да «гарманічнай нацыянальнай цэласнасці», але з запланаваных пяці частак да свайго арышту напісаў толькі дзве. Тут жа, у Вільні, ён і застаўся пасля вайны.


Пратакол вобыску. 1944 г.

7 снежня 1944 у Станкевіча быў праведзены ператрус. Ён быў арыштаваны, а праз пэўны час адпушчаны.


Завяшчанне А.Станкевіча “Мая апошняя воля”. Аўтограф. 1944 г.

У гэты час ён складае запавет — «Мая апошняя воля». 13 красавіка 1949 — арыштаваны другі раз і абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасці. 31-га жніўня 1949 года Асобай нарадай пры МДБ СССР асуджаны на 25 гадоў пазбаўлення волі. Зняволенне адбываў у віленскай турме Лукішкі, потым у Азярлагу (Тайшэт, Іркуцкая вобласць).

4 снежня 1949 года ў Азярлагу Адам Станкевіч памёр. Указаная прычына смерці — «ожирение сердца».


Адам Станкевіч і помнік яму на могілках каля Крэва

Постаць Адама Станкевіча — гэта постаць нацыянальнага героя Беларусі, святло вачэй якога, плён працы якога па сённяшнія дні ратуе і дае надзею ў душы і сэрцы беларусаў. Ягоны лёс — гэта адлюстраванне трагічнага шляху беларускага народа. Душпастырская дзейнасць Станкевіча была, ёсць і будзе прыкладам найвялікшага самаахвяравання, наймацнейшай веры ня толькі ў Бога, але і ў свой народ.

Дадзеныя матэрыялы, а таксама рукапісны архіў Адама Вінцэнтавіча Станкевіча захоўваюцца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Аўтар тэксту: культуролаг ЦНБ НАН Беларусі Радзівон Колас, фотаматэрыялы падрыхтаваны супрацоўнікамі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі Таццянай Жук і Марынай Ліс.

топ-услуги
Платежные системы Беларуси