Янка Хвораст: танчыць для Беларусі
Танец – гэта жыццё.
Айседора Дункан
22 лютага 1902(?) года ў вёсцы Кацёлкі, што ў Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці, нарадзіўся выдатны беларускі танцоўшчык і балетмайстар, збіральнік беларускага харэаграфічнага фальклору – Янка (Іван Маркавіч) Хвораст.
Месца нараджэння і сямейнае атачэнне шмат у чым паўплывала на зацікаўленасці і выбар далейшага жыццёвага шляху Янкі. Бацька Марк і маці Захвея шмат у чым былі увасабленнем беларускай народнай вясковай культуры і яе скарбніцай. Так, Захвея Васільеўна (у дзявоцтве Шырма) была вядомая ў наваколлі Кацёлак як заўзятая спявачка і досыць дасведчаная знаўца народнай песні. Яе пляменнік Рыгор Раманавіч Шырма пачаў запісваць народныя песні менавіта ад маці і бацькі Янкі Хвораста. Гэтыя песні пасля ўвойдуць у рэпертуар Дзяржаўнага ансамбля песні і танца (які і ўзначаліць стрыечны брат Хвораста) і будуць гучаць далёка за межамі іх роднай вёскі і Беларусі ўвогуле.
Досыць цікавай з’яўляецца гісторыя адносін паміж братамі. У іх была розніца ва ўзросце 10 гадоў, а гэта спрыяла таму, што Янка браў прыклад з Рыгора і часта знаходзіўся пад ягонай апекай. Пачатковую адукацыю Янка Хвораст атрымаў у царкоўна-прыходскім вучылішчы роднай вёскі, дзе скончыў тры класы навучання. Пасля, у 1923 ён паступіў ў чацвёрты клас гімназіі імя Адама Міцкевіча ў Пружанах, дзе і зблізіўся са старэйшым братам Рыгорам, які ўжо ў гэты час пачынаў там сваю культурна-асветніцкую працу.
У 1926 годзе Рыгор Шырма пераязджае ў Вільню для працягу дзейнасці і навучання, а следам за ім едзе і Янка Хвораст. Там ён паступае ў Віленскую беларускую гімназію, якая славілася ў той час наданнем досыць грунтоўных ведаў. Менавіта тут Янка і пачынае ўпершыню наведваць гімназійныя гурткі, удзельнічае ў тэатральных пастаноўках, спявае ў хоры – і ўсё гэта пад апекаю і патранажам Рыгора. Нягледзячы на гэта, Хвораст у гэты час пачынае станавіцца ўсё больш самастойным і разумець свой далейшы шлях, вымалёўваць будучыню: яго вельмі моцна вабіць мастацтва танца.
Апантаны гэтым мастацтвам, Янка Хвораст прысвячае свой вольны ад навучання час засвойванню асноў харэаграфіі. Гэта і прыводзіць яго ў прыватную балетную школу. Таксама ён працягвае удзельнічаць у розных імпрэзах беларускіх артыстаў-аматараў, выступае як саліст танцавальнай групы славянскай песні. Пасля сканчэння гімназіі Янка накіроўваецца на філалагічны факультэт Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя, дзе працягвае ўдзел у гуртках і нават арганізоўвае і кіруе студэнцкім танцавальным гуртком, удзельнічае ў дзейнасці Таварыства прыяцеляў беларусаведаў.
Тое, што Янка Хвораст стаяў на нацыянальных беларускіх пазіцыях, спаведваў праваслаўе, удзельнічаў і спрыяў беларускаму руху адраджэння, некалькі год не давала яму магчымасці ўладкавацца на працу нават з дыпломам магістра філасофіі, атрыманым у 1935 годзе.
Толькі ў 1938 годзе яму ўдалося атрымаць месца настаўніка польскай і лацінскай моў у Віленскай гімназіі імя Генрыка Сянкевіча. Таксама ён выкладаў тут псіхалогію і логіку.
Пасля аб’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі ў Беластоку, дзе і праходзіў Народны Сход Заходняй Беларусі, быў заснаваны Беларускі ансамбль песні і танца па даручэнні ўрада.
Узначальваў ансамбль брат Янкі – Рыгор Шырма. У 1950 годзе ансамбль рэарганізаваны ў Дзяржаўны хор БССР (з 1955 года – Дзяржаўная харавая капэла БССР). Янку Хворасту была даручана арганізацыя танцавальнай групы ансамбля. Таксама ён быў яго салістам і балетмайстрам. У гэтыя ж часы ён займаецца падрыхтоўкай рэпертуару: аднаўляе пяць народных танцаў з якімі і адбыліся першыя гастролі па Беларусі. Гэта быў першы буйны мастацкі поспех ужо сталага Янкі Хвораста. Дзякуючы ўхвалам партыйных органаў, у траўні 1941 года адбыліся першыя гастролі за межы роднай Беларусі. Трупа наведала Маскву, Ленінград, выступала на Каўказе і на Урале. Пасля пачатку баявых дзеянняў калектыў быў эвакуіраваны ў Краснаярск. Пад час вайны пачаліся гастролі па краінах Сярэдняй Азіі і Сібіры.
Для гледачоў Савецкага Саюзу падобныя танцы былі адкрыццём. Ані маскоўская, ані ленінградская публіка падобнага яшчэ не бачылі. Усё гэта спрыяла ўзнікненню цікавасці да беларускага народнага танца. Асаблівую ўвагу гледачоў выклікалі сольныя нумары Янкі Хвораста.
З пачаткам вызвалення Беларусі калектыў вяртаецца на радзіму і пачынае выступаць на заводах, фабрыках, у шпіталях, партызанскіх атрадах і на перадавой. Першы канцэрт ансамбль дае 31 снежня 1943 года падчас налёту нямецкай авіяцыі.
За час працы з ансамблем Янка Хвораст распрацаваў і паставіў больш за 60 танцаў, танцавальных кампазіцый, мініяцюр.
Ён самастойна распрацоўваў тэарэтычныя метады пастаноўкі танца, прыдумваў новыя формы рухаў, рупліва ставіўся да падбору новых кадраў, ўдасканальваў тэхніку танцавальнага ансамбля. Але нягледзячы на ўсё гэта, у 1951 годзе танцавальная група ансамбля спыніла сваё існаванне.
Некалькі год Янка Хвораст быў беспрацоўным. Але ў 1953 годзе яго запрасілі ў Беларускую дзяржаўную філармонію. Для калектыва Белдзяржфілармоніі ён ажыццявіў 10 пастановак народных танцаў, разам з імі гастраляваў па гарадах СССР. Пасля сканчэння сцэнічнай кар’еры ў 1960 годзе Іван Маркавіч стаў займацца педагагічнай дзейнасцю. Працаваў кансультантам, выкладчыкам розных творчых устаноў.
Не забываў ён і сваёй малой Радзімы. Працуючы на Гродзеншчыне, ён шмат чаго зрабіў па аднаўленні і вяртанні мастацка-гістарычнай спадчыны гэтых земляў: для Смаргонскага народнага ансамбля песні і танца імя Агінскага паставіў песенна-харэаграфічную кампазіцыю “Паланез Агінскага”, для навагрудскага народнага ансамбля песні і танца “Свіцязь” падрыхтаваў кампазіцыю “Світанне над Свіцяззю”, музыку для якой напісаў Ігар Лучанок. Распрацаваў Янка Хвораст таксама шмат каму вядомы “Крыжачок” і іншыя народныя танцы: “Падушачка”, “Таўкачыкі”, “Мікіта”, “Козачка”, шэраг кадрыляў (“Котчынская”, “Бараўская”), карагодаў (“Пойдзем, пойдзем лугам”, “Дзявочы”, “Лірычны”, “Вішанька”). Некаторыя з гэтых танцаў так і не ўбачылі свет. Сярод іх, напрыклад, “Козачка” і “Лянок”.
Іван Маркавіч Хвораст – выдатны беларускі дзеяч мастацва. Ягоная праца шмат у чым паспрыяла папулярызацыі нацыянальнай беларускай культуры, дапамагла шырокаму колу гледачоў пазнаёміцца з беларускімі народнымі танцамі. За свой значны ўзнёсак у развіццё беларускай культуры ён неаднаразова быў узнагароджаны і ўшанаваны. Плён працы Янкі Хвораста па сённяшні дзень натхняе маладых танцоўшчыкаў працягваць добрую справу і развіваць нацыянальную культуру Бацькаўшчыны.
Асабісты архіў Янкі Маркавіча Хвораста захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і складаецца з 357 адзінак захоўвання.
Аўтар тэксту: культуролаг ЦНБ НАН Беларусі Радзівон Колас, электронныя копіі дакументаў падрыхтаваны супрацоўнікамі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі Таццянай Жук і Марынай Ліс.