Прыгожыя ў прыгожым: Літаратура і мастацтва пра жанчын і для іх
2 сакавіка ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбылася імпрэза “Прыгожыя ў прыгожым: Літаратура і мастацтва пра жанчын і для іх”, прысвечаная Міжнароднага жаночаму дню.
Адкрыў сустрэчу выступ струннага квартэта музычнай капэлы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, які задаў пазітыўны настрой гледачам і ўдзельнікам.
У іх выкананні прагучалі класічныя інструментальныя кампазіцыі. Публіка цёпла вітала і салістаў капэлы, якія спявалі песні на вершы Максіма Багдановіча “Слуцкія ткачыхі”, Янкі Купалы “Явар з калінаю” і інш.
Падчас мерапрыемства адбылася прэзентацыя выставы “Скарбніца Пандоры: пра моду, прыгажосць і не толькі (па матэрыялах выданняў XVIII-XX стт.)”. Яе куратар, навуковы супрацоўнік аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Вольга Губанава, пачала свой расказ з тлумачэння назвы выставы, звярнуўшыся да старажытнагрэчаскай міфалогіі. Але ў адрозненне ад міфалагічнай скрыні, скарбніца Пандоры, якую бібліятэка прапанавала ўвазе гасцей, не ўяўляе небяспекі і захоўвае выдатныя кніжныя і перыядычныя выданні, на старонках якіх маса карыснай і цікавай інфармацыі. Гэтыя выданні, безумоўна, будуць цікавыя і блізкія прыгожай палове чалавецтва.
Частку экспазіцыі склалі асобныя нумары першага нямецкага часопіса пад назвай “Часопіс раскошы і мод”, які выдаваўся з 1786 па 1823 гг. і асвятляў пытанні моды і стылю. Акрамя артыкулаў пра моду, тут асвятляліся значныя палітычныя падзеі, навіны тэатра, музыкі, пытанні дызайну інтэр'еру, садоўніцтва і інш.
Вялікай папулярнасцю карысталіся і розныя дадаткі да гэтага выдання. Адзін з іх –“Пандора, або каляндар раскошы і моды на 1788”. Варта згадаць, што ў XVII ст. у Парыжы і Лондане ў вітрынах шматлікіх крам і крамачак, якія гандлявалі прадметамі адзення, з'явіліся Пандоры – лялькі-манекены, якія дэманструюць дзённыя і вячэрнія ўбранні, а таксама паўсядзённыя і хатнія сукенкі і касцюмы. Манекены гэтыя былі невялікія, у палову чалавечага росту. Такія Пандоры было зручна перавозіць з горада ў горад, для дэманстрацыі апошніх модных навінак.
Тэму моды і стылю, а таксама нацыянальнага касцюма раскрываюць кнігі і часопісы з другой часткі экспазіцыі. Тут прадстаўлены выданні, прысвечаныя такім відам рукадзелля, як пляценне карункаў, вышыўка, ткацтва.
Сярод экспанатаў былі кнігі на кулінарную тэматыку, у ліку якіх шырока вядомая “Кухарка літоўская” Вінцэнты Завадскай і “Падарунак маладым гаспадыням” Алены Малахавец. Акрамя таго, на выставе прадстаўлены выданні на тэму гісторыі і мастацтва, асобныя старонкі якіх таксама прысвечаны як жанчынам у цэлым, так і канкрэтным гістарычным асобам.
Вольга Губанава падзялілася гісторыяй зараджэння традыцый правядзення баляў са старонак выдання А. А. Пляшчэева “Наш балет” (1673–1896) (СПб., 1896).
Увогуле, прадстаўленая выстава выклікла зацікаўленасць ў гасцей, якія яшчэ працяглы час уважліва разглядалі яе пасля імпрэзы.
У святочнай прэзентацыі прыняла ўдзел вядомая мастачка Марыя Ісаёнак. Яна падзялілася ўспамінамі пра сваю маці Вольгу Елісееўну Паўленка, работы якой выстаўляюцца ў Нацыянальных мастацкім музеі.
Марыя Іванаўна распавяла пра сваё жыццё, пра тое, як навучыла маці вязаць, і як тая заахвоцілася да гэтай справы. А таксама прэзентавала кнігу з выявамі прац сваёй маці, на якой аўтарка пакінула дароўны надпіс. Кніга была перададзена на захаванне ў фонд рэдкіх кніг і рукапісаў.
Праграму мерапрыемства працягнуў майстар-клас, арганізаваны старшым навуковым супрацоўнікам Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдатам мастацтвазнаўства Марыяй Віннікавай.
Марыя Мікалаеўна не толькі прадаманстравала розныя спосабы завіўкі жаночага галаўнога ўбору, якімі карысталіся беларускія жанчыны, а і распавяла шмат цікавага аб розных элементах беларускага аддзення і вопраткі. Адзначыла, што арнамент – гэта своеасаблівая мяжа аховы і бяспекі, менавіта таму ён размяшчаўся на рукавах, ля шыі і жыццёва важных частках чалавечага цела. А упрыгожванні сімвалізуюць кола як бясконцасць сусвету і само жыццё.
Прэзентацыя прайшла ў досыць утульнай і прыемнай атмасферы.
А мы віншуем жанчын з надыходзячым святам!
Жадаем узаемапаразумення, міру і згоды!
Шчасця, радасці і добрага святочнага настрою!