Мацей Стрыйкоўскі: 475 гадоў з дня нараджэння
Два юбілеі : першы гістарыёграф Вялікага Княства Літоўскага, і яго хроніка. Ад плагіата да рамана
Постаць першага гістарыёграфа Вялікага Княства Літоўскага Мацея Стрыйкоўскага досыць супярэчлівая, загадкавая і таму вельмі цікавая.
21 сакавіка спаўняецца 475 гадоў з дня нараджэння вядомага гісторыка, паэта і 440 гадоў першаму выданню ягонай «Хронікі польскай, літоўскай, жмудскай і ўсёй Русі».
Вядома, што нарадзіўся Мацей Стрыйкоўскі на тэрыторыі гістарычнай Мазовіі ў 1547 годзе ў горадзе Стрыкаў ад якога і атрымаў прозвішча (амаль як Леанарда да Вінчы). Паходзіў ён са збяднелай шляхецкай сям’і. Пачатковую адукацыю Стрыйкоўскі атрымоўваў у парафіяльнай школе ў Бжэзінах, куды быў адданы бацькамі ў 1553 годзе. Пасля яе заканчэння ў 1563 годзе ўпершыню наведвае Вялікае Княства Літоўскае адкуль і паступіў вучыцца ў Кракаўскі ўніверсітэт, які скончыць праз шэсць гадоў.
Пад час службы ў войску Вялікага Княства быў “рыскуном” (выведнікам). Найбольш актыўная вайсковая дзейнасць праявілася ў яго ў 1568 годзе, калі ён удзельнічаў ва ўзяцці Улы і абароне Віцебска. Армія і вайсковая служба адыгралі важную ролю ў жыцці Стрыйкоўскага, паколькі менавіта пад час службы ён і пазнаёміўся з ратмістрам Аляксандрам Гваньіні – ураджэнцам італьянскай Вероны. Пад яго кіраўніцтвам Стрыйкоўскі служыў ў віцебскім гарнізоне. Тады і пачаў працу па стварэнні гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Напэўна ад Гваньіні Мацей навучыўся рабіць планы і малюнкі замкаў, крэпасцяў. У салдацкіх падарожжах па шырокай тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага ён збіраў матэрыялы для сваіх будучых твораў, наведваў помнікі мінулага – руіны замкаў, курганы, палі бітваў, – і даваў іх апісанне ў сваіх творах.
Сярод такіх першых прац Мацея Стрыйкоўскага варта адзначыць «Ганец цноты», выдадзеную ў Кракаве ў 1574 годзе. Гэта генеалагічная паэма, прысвечаная кіраўнікам Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага. У 1577 годзе скончваецца праца над рукапісам эпічнай паэмы «Аб пачатках, вытоках, дзеяннях слаўных рыцарскіх народа Літоўскага, польскага, жмудскага, рускага», якой Стрыйкоўскі раскрывае польскую і літоўскую версіі паходжання шляхецкага саслоўя. Польская канцэпцыя абапіралася на тое, што шляхта Каралеўства Польскага паходзіла ад сарматаў – германскага вандроўнага племені, што дазваляля вылучыць сабе ад простага народа. Літоўская ж легенда была іншая: рымлянін Палямон, сваяк імператара Нерона, ратуючыся ад ягонай жорсткасці, прыплыў да вусця Нёмана з пяцюстамі шляхетнымі сямействамі, дабраўся да рэк Дубісы і Юры. Тут яны і пасяліліся. Дадзеную легенду развіў Мацей Стрыйкоўскі, але ён перасунуў перасяленне на 452 год і патлумачыў яго тым, што продкі літоўцаў ратаваліся ад зверстваў Ацілы. Таксама Стрыйкоўскі прапаноўвае і свой погляд на тое, як шляхецкія рады зліліся: сумяшчэнне адбылося чынам таго, што група шляхты, якая прыбыла з Рыма, сустрэлася з мясцовым сармацкім насельніцтвам і была ім асімілявана.
«Апісанне еўрапейскай Сарматыі» – гэта тая праца, якая паклала пачатак варожасці паміж Стрыйкоўскім і Гваньіні. Рукапіс гісторыка-геаграфічнай замалёўкі Прусіі, Літвы, Інфляндыі і Масковіі, якую Стрыйкоўскі амаль падрыхтаваў да друку, ён даў для чытання і карэктуры Аляксандру Гваньіні, але той так яе і не вярнуў…
Але ў 1578 годзе з Кракаўскай тыпаграфіі кніга выходзіць у свет пад аўтарствам Аляксандра Гваньіні. Кніга, напісаная прыгожай лацінскай моваю, утрымліваючая цікавыя і рэдкія звесткі як сведчанні па грамадзянскай гісторыі і геаграфіі, аб побыце, звычаях і культуры народаў Еўропы, як напрыклад, артыкул пра спосабы ўзворвання глебы і сеяння на Белай Русі, аўтар выкарыстоўваў розныя крыніцы, у тым ліку беларуска-літоўскія хронікі – усё гэта паспрыяла таму, што кніга атрымала вялікі рэзананс у Еўропе. Даведаўшыся пра гэта, Стрыйкоўскі падаў пратэст каралю Стэфану Баторыю, дамагаючыся не толькі суда над Гваньіні, але і публічнага прызнання свайго ўласнага аўтарства. Стэфан Баторый прызнаў усе гэтыя патрабаванні ў грамаце ад 14 ліпеня 1580 года. Гэтая кніга была б самай вядомай з творчай спадчыны Стрыйкоўскага, але і пасля гэтага судовага разбіральніцтва кніга неаднаразова перавыдавалася пад прозвішчам італьянца. Так амаль усе выданні ў Спіры, у Шпайеры, у Базелі, у Франкфурце пазначаліся аўтарам Аляксандрам Гваньіні.
Мацей Стрыйкоўскі вырашае падрыхтаваць на падмурку тых жа матэрыялаў (своеасаблівая кампіляцыя раней выкарыстаных крыніц) новы твор, які будзе вядомы як «Хронікі польскай, літоўскай, жмудскай і ўсёй Русі».
У фондзе Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі захоўваецца першае выданне дадзенай «Хронікі». Надрукаваная на польскай мове гатычным шрыфтом у Каралеўцы (Кёнінсбергу) Ежы Адтэнбергам, «Хроніка» стала на доўгія гады амаль універсальным падручнікам па гісторыі. Асаблівасцю нашага экзэмпляра з’яўляецца ягонае досыць добрае і якаснае захаванне па ўзроўні з іншымі «Хронікамі». Досыць вялікая па памеры – яна складаецца з 791 старонкі, пафарбаваных па баках у чырвоны колер, «Хроніка» утрымлівае найкаштоўнейшыя звесткі аб гісторыі і культуры беларускіх земляў.
Таксама цікавым з’яўляецца і наяўнасць на першым фарзацы дзвух экслібрысаў з прыватнай бібліятэцы графа Сяргея Дзмітрыевіча Шарамецева, дзе паказаны герб Шарамецевых, як на традыцыйным варыянце з ільвамі, так і каляровы на паперным світку. Але адна з самых галоўных цікавасцяў нашага экзэмпляру затаілася наперадзе. Наступны аркуш, іспісаны па-французку вельмі блеклым і ледзь заўважным атрамантам, утрымлівае найцікавейшую гісторыю пра тое, што ж было паміж Гваньіні і пазначаным на суседнім тытульным аркушу аўтарам – Мацеям Стрыйкоўскім. Нягледзячы на вялізарную колькасць друкаваных па палях маргіналій, на асобніку мы можам пабачыць шматлікія і рукапісныя маргіналіі з заўвагамі, пазначэннямі да падкрэсліных сказаў.
Што датычыцца структуры і зместа, трэба заўважыць: «Хроніка» прысвечана каралю Стэфану Баторыю (што паказвае нам альбо асабістую падзяку Стрыйкоўскага за дапамогу і падтрымку ў судовай справе, альбо наўпрост традыцыйнае прысвячэнне кіраўніку дзяржавы, а магчыма, і ўсё адразу), віленскаму біскупу Радзівілу, а таксама дзецям Юрыя Алельковіча-Слуцкага (пісьменнік правёў пры двары слуцкіх князёў Алелькавічаў некалькі гадоў, і гэты час стаў самым плённым ва ўсёй яго творчасці, паколькі тут ён працаваў з гістарычнымі матэрыяламі, якія назапашваў на працягу некалькіх гадоў, сам Алелькавіч натхніў яго на напісанне «Аб пачатках, вытоках, дзеяннях слаўных рыцарскіх народа Літоўскага, польскага, жмудскага, рускага»).
У змесце «Хронікі» можна вылучыць пяць асноўных частак: пададзеная ў выглядзе паэмы біяграфія Стрыйкоўскага, ягоны зварот да шляхецкага саслоўя, далей асноўны тэкст займае сама гістарычная хроніка падзей, а пасля традыцыйныя спісы памылак, дапушчаныя ў друку і спіс пададзеных уласных імёнаў.
Трэба адзначыць, што Стрыйкоўскі выступае адначасова як тыповы, так і нетыповы храніст. Тыповасць складаецца ў тым, што ён пачынае сваю хроніку з біблейскіх часоў і апавяданняў пра стварэнне свету, Адама і Еву, – а гэта досыць пашыраная з’ява ў тагачасных храністаў, а нетыповы – таму, што стаў адзіным з тых, хто быў не кампілятарам іншых крыніц, а менавіта гістарыёграфам і даследчыкам. Так ён абапіраецца на такія працы як «Гісторыя» Герадота, «Гісторыя ад заснавання горада» Ціта Лівія, «Альмагест» Клаўдзія Пталамея; творы іншых храністаў: Марціна Бельскага, Яна Длугаша, Марціна Кромера, Мацвея Мяхоўскага; на «Аповесць мінулых гадоў», «Хроніку Быхаўца» і іншыя дакументы.
Трэба акрэсліць і тое, што Мацей Стрыйкоўскі быў першым, хто пачаў аспрэчваць і крытычна ставіцца да выкарыстаных крыніц. Так ён аспрэчваў “ганебнае і нізкае” паходжанне князя Гедыміна, якога польскія храністы называлі конюхам Віценя, спрабаваў сам крытычна вызначыць месцы асноўных бітваў, акрэсліваў важнасць тых ці іншых гістарычных падзей. Цікавыя і вершы пра бітвы з татарамі пад Клецкам у 1506 годзе, з маскоўскім войскам пад Воршай у 1514 годзе, пры Чашніках у 1564 годзе.
Сам Мацей Стрыйкоўскі у асабістым жыцці быў вельмі веруючым чалавекам. З’яўляўся ён таксама і капеланам, канонікам Мельхіёра Гедройца.
Амаль праз 400 год Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч у гэтай самай хроніцы прачытае: “… і на пачатку панавання таго Жыкгімонта Першога быў нейкій шалбера па імю Якуб Мялшцінскі, который з лёгкості якой умысліў або рачэй з роспачы імя і зверхность Хрыста Господа собе прыпісаў і прівлашчаў”.
Так з’явіцца раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».