“Часаслоў” (1772): 250 гадоў з моманту выдання
Сярод старажытных і рэдкіх кніг, якія захоўваюцца ў фондах ЦНБ НАН Беларусі, шмат юбіляраў. У гэтым годзе спаўняецца 250 гадоў з моманту выдання “Часаслова” (1772) з калекцыі кніг кірылічнага друку.
Як няцяжка здагадацца, кніга атрымала сваю назву ад таго, што ў ёй змешчаны набажэнствы па гадзінах. Сёння Часаслоў служыць таксама і ў якасці даведніка для чытальнікаў і спевакоў на клірасе.
Вельмі цікавая і гісторыя паходжання самой назвы. Спачатку старажытнагрэцкае слова ῾Ωρολόγιον, утворанае ад ὥρα (гадзіна, старажытнаславянскае “час”) і λέγω (збіраць, старажытнаславянскае “собірать”) пераклалі як “Часовнік” – зборнік набажэнстваў па гадзінах. Але пасля пачатку кніжнай справы ў праваслаўнай царкве 1640 – 1660-х гадоў назва была зменена. Разам жа з гэтым была зроблена памылковая калька, калі другую частку назвы кнігі – грэцкае λόγιον – няправільна пераклалі як “слова”. Назва кнігі “Часоўнік” замянілі ў выніку царкоўнай рэформы патрыярха Нікана на “Часаслоў”. Але і ў цяперашні час назва кнігі “Часоўнік” захавалася ў старавераў, якія таксама захоўвалі свае традыцыі і на тэрыторыі Беларусі.
Першапачатковае складанне Часаслова прыпісваецца прападобнаму Саву Асвячонаму (хрысціянскі святы IV – пачатку V стагоддзя, які стварыў Іерусалімскі ўстаў). Ён ўключыў у яго паслядоўнасць штодзённых царкоўных службаў. Дапаўненні да Часаслова былі зробленыя, як мяркуюць даследчыкі, святым Янам Дамаскінам (Айцец Царквы, адзін з найбуйнейшых сістэматызатараў хрысціянскага веравучэння) і Хведарам Студытам (візантыйскі манах-пустэльнік).
Часасловы ў выглядзе кніг з’явіліся ў Заходняй Еўропе ў XIII стагоддзі, аднак асаблівае распаўсюджванне атрымалі ў XIV–XV стагоддзях, у сувязі з ростам пісьменнасці. Іх выраблялі ў рамесных майстэрнях усіх краін Еўропы, найбольшую папулярнасць набылі французскія і фламандскія.
Наш экзэмпляр цікавы тым, што быў выдадзены на Беласточынне ў горадзе Супрасль. Заснаванне Супрасля звязана з пераносам у 1500 годзе Супрасльскага Благавешчанскага кляштара, які знаходзіцца паблізу Грудзека ўніз па рацэ. У пачатку XVI стагоддзя тут была пабудавана Супрасльская Дабравешчанская царква, якая пазней была ўпрыгожана фрэскамі і іканастасам. На працягу XVII – XVIII стагоддзяў Супрасль стаў прыкметным культурным і навуковым асяродкам. Тут знаходзілася багатая бібліятэка, друкарня. Вядомыя імёны шэрагу супрацоўнікаў друкарні другой паловы ХVІІІ стагоддзя: кнігадрукары Антон Чарняўскі, Крэстомскі, Адам Генрых Падэбраньскі, мастак караля Панятоўскага і прафесар жывапісу Кракаўскай акадэміі Антоній Грушэцкі.
Асобнік уяўляе сабой прыклад высокага ўзроўню кнігадрукавання на этнічных беларускіх землях. Выразаная арнаментыка на драўлянай вокладцы з’яўлалася своеасаблівай “візітоўкай” беларускага друкарства. Прадстаўленыя ў кнізе ініцыялы і ламбарды таксама паказваюць высокі ўзровень упрыгожвання выданняў.
Рамкі на палях, наяўнасць маргіналій (напрыклад, адна з маргіналій уладальніка сведчыць аб даце нараджэння дачкі, а іншая датычыцца сканчэння малітоўнага цыклу ў сакавіку) і ўладальніцкіх пазначэнняў – усё гэта робіць наш экзэмпляр унікальным.