Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Другія Кісялёўскія чытанні

22 красавіка 2022 года ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбудуцца Другія Кісялёўскія навуковыя чытанні “Да 200-годдзя рамантызму ў літаратуры Беларусі”, прысвечаныя памяці Генадзя Васільевіча Кісялёва, беларускага гісторыка, літаратуразнаўца, пісьменніка і археографа. 

У праграме чытанняў прадугледжана адкрыццё выставы выданняў, якія адлюстроўваюць эпоху рамантызму і яе асаблівасці ў літаратурным працэсе  Беларусі.

Другія Кісялёўскія навуковыя чытанні “Да 200-годдзя рамантызму ў літаратуры Беларусі””

Эпоха рамантызму сталася вызначальнай для станаўлення нацыянальнай літаратурнай традыцыі. Адлік гэтай эпохі – не толькі ў беларускай літаратуры, але і ва ўсёй польскамоўнай культурнай прасторы –вядзецца з 1822 года, калі з друку выйшаў першы том твораў Адама Міцкевіча “Паэзія”. У гэтую кнігу ўвайшоў цыкл “Балады і рамансы”, які стаў эталонным для беларускіх, польскіх, украінскіх і літоўскіх рамантыкаў, а прадмова “Пра рамантычную паэзію” была маніфестам новага літаратурнага кірунку. Такім чынам, можна сказаць, што сёлета, у 2022 г., мы адзначаем 200-годдзе рамантызму ў прыгожым пісьменстве Беларусі. 

Праблемнае поле чытанняў:

  • рамантызм як культурная эпоха;
  • постаці ХІХ-ХХІ стагоддзя, якія працавалі ў гэтым літаратурным кірунку;
  • таварыствы філаматаў і філарэтаў як асяродак зараджэння рамантызму;
  • рамантызм у творчасці беларускіх аўтараў;
  • вобразная і жанравыя сістэмы рамантызму

Генадзь Кісялёў – знакавая постаць айчыннага літаратуразнаўства. Даследаваў беларускую літаратуру, гісторыю грамадскай думкі і нацыянальна-вызваленчага руху ў Беларусі ХІХ стагоддзя, жыццё і дзейнасць К.Каліноўскага, В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, А.Вярыга-Дарэўскага, П.Шпілеўскага, Я.Коласа, Я.Купалы. Атрыбутаваў аўтарства паэм “Энеіда навыварат” і “Тарас на Парнасе”. Таксама працаваў над скарыназнаўчымі тэмамі, дзе сам сябе лічыў за “неафіта”, хаця насамрэч і тут зрабіў значны ўклад. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1990) за кнігі гісторыка-літаратурных даследаванняў “Разыскивается классик…” і “Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча”. 

Да ўдзелу ў навуковых чытаннях запрошаны вядучыя літаратуразнаўцы, гісторыкі, культуролагі. 

Пачатак мерапрыемства   22 красавіка 2022 г. а 10.00 гадзіне.