Круглы стол “Біяграфіі вучоных у дакументах”
19 красавіка ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў рамках Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Вытокі акадэмічнай навукі (да 100-годдзя заснавання Інстытута беларускай культуры)» адбыўся круглы стол «Біяграфіі вучоных у дакументах: навейшыя выданні, прысвечаныя вучоным Інбелкульта».
У ім прынялі ўдзел вучоныя, выкладчыкі і студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, архівісты, у тым ліку прадстаўнікі Санкт-Пецярбургскага філіяла архіва Расійскай акадэміі навук.
Галоўнай падзеяй мерапрыемства стала прэзентацыя выданняў, прысвечаных адным з самых велічных асоб Беларусі пачатку ХХ ст., яе выдатным даследчыкам Яўхіму Фёдаравічу Карскаму, Мітрафану Віктаравічу Доўнару-Запольскаму і Уладзіміру Іванавічу Пічэце:
Жизнь и деятельность академика Е. Ф. Карского: сборник документов и материалов / Национальная академия наук Беларуси, Институт истории, Санкт-Петербургский филиал Архива Российской академии наук Ч. 1: Проблемы истории и культуры Беларуси в документальном наследии Е. Ф. Карского. Материалы семьи / [составители: А. В. Унучак и др.; ответственные редакторы: Л. Д. Бондарь и др.]. – Минск: Беларуская навука, 2020
Мітрафан Доўнар-Запольскі (1868—1934 гг.): Асоба ў дакументах і ўспамінах / укладанне: Валянціна Мятліцкая. — Мінск : Лімарыус, 2020
Неизвестный В. И. Пичета / Белорусский государственный университет, Архив Российской академии наук ; [составители: М. Ф. Шумейко, В. В. Яновская, О. А. Яновский ; редколлегия: А. Д. Король (ответственный редактор) и др.]. — Минск : Издательский центр БГУ, 2021
На адкрыцці круглага стала з прывітальным словам выступіў дырэктар Бібліятэкі Аляксандр Іванавіч Груша. Ён паведаміў, што ў 2022 г., калі адзначаецца 100-годдзе беларускай акадэмічнай наукі і 100-годзе заснавання Інстытута беларускай культуры, мы згадваем у тым ліку ўдзел гэтых асоб у заснаванні і станаўленні акадэмічнай навукі Беларусі і Інбелкульта.
Дырэктар Санкт-Пецярбургскага філіяла архіва Расійскай акадэміі навук Ірына Уладзіміраўна Тункіна высока ацаніла вынікі шматгадовай сумеснай працы беларускіх і расійскіх даследчыкаў па збіранні, апрацоўванні і ўвядзенні ў навуковы абарот спадчыны Я. Ф. Карскага, якая раскрывае яго не толькі як даследчыка, але і як асобу.
Намеснік дырэктара Санкт-Пецярбургскага філіяла архіва Расійскай акадэміі навук Ларыса Дзмітрыеўна Бондар, а таксама супрацоўнік згаданага філіяла Крысціна Германаўна Шышкіна засяродзілі ўвагу на сумесным праекце па збіранні і публікацыі архіўнай спадчыны Я. Ф. Карскага, вынікам якога стала адна з прэзентуемых кніг.
Вялікую цікавасць выклікала выступленне ганаровага ўдзельніка круглага стала, праўнука заснавальніка навуковага беларусазнаўства – Аляксандра Аляксандравіча Карскага, аўтара фундаментальнага выдання, прысвечанага біяграфіі Я. Ф. Карскага. Ён расказаў, як рыхтавалася гэта выданне, якое прывяло да з’яўлення і рэалізацыі ідэі падрыхтоўкі зборніка дакументаў і матэрыялаў аб Я. Ф. Карскім.
Загадчык цэнтра Інстытута гісторыі НАН Беларусі Марына Уладзіміраўна Глеб прапанавала актывізаваць міжнароднае супрацоўніцтва ў працы па вывучэнні жыцця і дзейнасці беларускіх вучоных у Расіі.
Старшы навуковы супрацоўнік Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі Кірыл Валер’евіч Сыцько звярнуў увагу на салідарнасць не толькі беларускіх і расійскіх, але і польскіх вучоных у названай працы.
Загадчык аддзела Інстытута гісторыі НАН Беларусі Сяргей Аляксандравіч Траццяк у вобразнай прамове падкрэсліў значнасць не толькі навуковага ўклада, але і асоб Я. Ф. Карскага, М. В. Доўнар-Запольскга і У. І. Пічэты.
Старшы навуковы супрацоўнік Аб’яднанага інстытуту праблем інфарматыкі НАН Беларусі Андрэй Уладзіміравіч Унучак вылучыў факты, якія аб’ядноўваюць усіх трох вучоных: агульная ідэя і разуменне неабходнасці стварэння ў Беларусі ўніверсітэта для далейшай падрыхтоўкі навуковых кадраў і развіцця айчынай навукі.
Старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Алена Эдвардаўна Сакольчык агучыла думку аб неабходнасці вывучэння міра ідэй і ўнутраных матывацый дзеячоў беларускай навукі. “Вялізны ўнутраны патэнцыял”, – вось што, на яе думку, характарызавала асобу Я. Ф. Карскага.
Старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Андрэй Леанідавіч Кіштымаў, адзін з навуковых рэдактараў зборніка “Мітрафан Доўнар-Запольскі (1868–1934 гг.): Асоба ў дакументах і ўспамінах”, зрабіў акцэнт на важнасці вывучэння феномена ўзаемадзеяння ўлады і вучонага.
Удзельнікі круглага стала ўшанавалі памяць складальніка і публікатара ўказанага зборніка – Валянціны Міхайлаўны Мятліцкай, якой сёння няма з намі.
У выступленні выкладчыкаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесароў Алега Антонавіча Яноўскага і Міхаіла Фёдаравіча Шумейкі, была звернута ўвага на важнасць публікацыі дакументаў, якія характарызуюць асобу У. І. Пічэты, а таксама вялікія перспектывы кірунку, звязанага з далейшым даследаваннем жыцця і творчасці выдатных вучоных, арганізатараў навукі і вышэйшай школы.
Падводзячы вынікі ўрачыстасці, А. І. Груша адзначыў, што навука трымаецца на самазабыўнай ахвярнасці яе прадстаўнікоў.
У рамках сустрэчы адбылася яшчэ адна значная падзея – падпісанне дагавора аб супрацоўніцтве паміж Цэнтральнай навукавай бібліятэкай НАН Беларусі і Санкт-Пецярбургскім філіялам архіва Расійскай акадэміі навук.