Кніжныя выставы да круглага стала “Біяграфіі вучоных у дакументах”
Дзве кніжныя выставы – “Навуковая спадчына Інстытута беларускай культуры” і “Айцы-заснавальнікі Інбелкульта” – былі падрыхтаваны аддзелам рэдкіх кніг і рукапісаў і прэзентаваны ўдзельнікам круглага стала “Біяграфіі вучоных у дакументах: навейшыя выданні, прысвечаныя вучоным Інбелкульта” (у рамках Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Вытокі акадэмічнай навукі (да 100-годдзя заснавання Інстытуту беларускай культуры)», 19–20 красавіка 2022 г.).
Першая выстава прадстаўляе найбольш цікавыя і значныя выданні Інбелкульта з фондаў Цэнтральнай навковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі.
На ёй можна пабачыць асобныя выпускі “Беларускай навуковай тэрміналогіі” і такія важныя мовазнаўчыя працы, як зборнік “Працы акадэмічнае конфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі” (1927) і манаграфію Пятра Бузука “Спроба лінгвістычнае географіі Беларусі” (1928). Іншыя накірункі гуманітарных даследаванняў Інбелкульта прадстаўленыя працамі этнографа Аляксандра Сержпутоўскага, археолага Аляксандра Ляўданскага, мастацтвазнаўцы Мікалая Шчакаціхіна, а таксама першым томам археаграфічнага выдання “Беларускі архіў” (1927).
Таксама на выставе дэманструюцца разнастайныя прыродазнаўчыя і гаспадарчыя даследаванні, якія праводзіў Інбелкульт. Трэба адзначыць такія зборнікі, як “Матар’ялы да географіі і статыстыкі Беларусі” (1928, пад рэдакцыяй Аркадзя Смоліча), “Працы Першае Ўсебеларускае глебазнаўчае конфэрэнцыі” (1926), “Праца Навуковага таварыства па вывучэньню Беларусі пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі сельскае гаспадаркі ў Горках” (том І, 1926), “Матар’ялы да вывучэньня флёры і фаўны Беларусі” (том 1, 1927), “Зборнік Асоцыяцыі навуковае організацыі працы” (1926) і “Матар’ялы мэдычнае сэкцыі” (1927).
Асобным накірункам дзейнасці Інбелкульта была арганізацыя краязнаўчага руху ў краіне. Так, часопіс “Наш Край”, паказаны на выставе, стаў важнейшым краязнаўчым выданнем свайго часу. Таксама прыкладам плённай краязнаўчай дзейнасці сябраў Інбелкульта з’яўляецца “Віцебскі краёвы слоўнік” (частка 1, 1926) Мікалая Каспяровіча.
На другой выставе, “Айцы-заснавальнікі Інбелкульта”, дэманструюцца навуковыя даследаванні трох выдатных беларускіх навукоўцаў, якія прымалі ўдзел у стварэнні Інстытута беларускай культуры ‒ Яўхіма Карскага, Мітрафана Доўнар-Запольскага і Уладзіміра Пічэты.
Сярод найбольш цікавых выданняў можна адзначыць у першую чаргу грунтоўную працу Карскага “Беларусы” (3 тамы ў сямі частках), а таксама яго першае даследаванне па беларускаму мовазнаўству “Обзор звуков и форм белорусской речи” (1883) і яго магістарскую дысертацыю “К истории звуков и форм белорусской речи” (1893). Выстаўлена і адна з апошніх вялікіх прац Карскага ‒ “Славянская кирилловская палеография” (1928).
Навуковая дзейнасць Доўнар-Запольскага прадстаўленая такімі яго гістарычнымі даследаваннямі, як “Очерк истории Кривичской и Дреговичской земель до конца XII столетия” (1891), “К истории поземельной реформы в Ливонии в 1580‒1592 гг.” (1900), “Государственное хозяйство Великаго княжества Литовскаго при Ягеллонах” (1901), “Народное хозяйство Белоруссии (1861‒1914 гг.)” (1926), а таксама яго археаграфічным выданнем “Акты Литовско-Русскаго государства” (Том II, 1897), этнаграфічнай працай “Песни пинчуков” (1895, першы выпуск зборніка “Белорусское Полесье”) і публіцыстычным нарысам “Асновы беларускай дзяржаўнасці” (1919, на беларускай, польскай, французкай і нямецкай мовах).
Гістарычныя працы Пічэты на выставе пераважна прадстаўленыя яго навуковымі артыкуламі ў такіх выданнях, як “Працы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту ў Менску”, “Запіскі Аддзелу гуманітарных навук” і “Гістарычна-архэолёгічны зборнік”, а таксама такімі манаграфіямі, як яго доктарская дысертацыя “Аграрная реформа Сигизмунда-Августа в Литовско-Русском Государстве” (1917), “История Литовского государства до Люблинской унии” (1921), “История народного хозяйства в России XIX‒XX вв.” (1923) і “История крестьянских волнений в России” (1923).
Усе выданні, прастаўленыя на выставе “Айцы-заснавальнікі Інбелкульта”, з’яўляюцца прыжыццёвымі.
Па заканчэнні работы канферэнцыі многія кніжныя экспанаты “пераедуць” у чытальную залу аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў, дзе і будуць дэманстравацца на выставе “Навуковая спадчына Інстытута беларускай культуры”.
З імі мае магчымасць азнаёміцца кожны жадаючы!