Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Пн - Пт: 8:45 - 20:00

Да 110-годдзя з дня нараджэння Мікалая Вінара

Некаторыя з тых, каму давялося жыць у мястэчку Любча ў 1960-я гг., памятаюць такую карціну: сярэдняга ўзросту мужчына выходзіў на лужок пасвіць казу, а сам, прысеўшы непадалёк і адным вокам назіраючы за жывёлай, даставаў ручку і паперу і пачынаў пісаць. Узгадваюць, што аднойчы, калі гаспадар казы задрамаў на сонейку, тая так зацікавілася ягонай творчасцю, што ўжыла ў ежу  рукапіс, які ляжаў побач.  Яго аўтар, настаўнік гісторыі ў мясцовай сярэдняй школе, пазней прыпамінаў здарэнне з усмешкай: “Вось, пісаў гісторыю Любчы, ды каза з’ела…” 


Знаўца гісторыі Навагрудчыны: да 110-годдзя з дня нараджэння Мікалая Вінара

Імя гэтага настаўніка – Мікалай Андрэевіч Вінар. Знішчаныя казой паперы – толькі невялікая доля ад ягоных артыкулаў, нарысаў, нататак па гісторыі Навагрудчыны. Менавіта дзякуючы ім, а не гэтаму анекдатычнаму выпадку Вінар заслужыў павагу землякоў. А яшчэ ён вядомы як заснавальнік школьнага гісторыка-краязнаўчага музея ў Любчы, таленавіты педагог, гарачы прыхільнік аднаўлення старажытнага помніка архітэктуры – Любчанскага замка. Ды і ўвогуле, жыццёвы шлях гэтага чалавека заслугоўвае, каб расказаць пра яго падрабязней.

Дзяцінства. Юнацтва. Маладосць

Будучы краязнавец нарадзіўся 2 мая 1912 г. у горадзе Роўна ва Украіне. Ягоны бацька загінуў на фронце ў 1916 г., у час Брусілаўскага прарыву. Маці не стала, калі Мікалаю яшчэ не было 9 гадоў. Хлопца-сірату ўзяла да сябе яе сястра, што жыла ў вёсцы Заполле Пачапаўскай гміны Навагрудскага павета. 

Жыхар Заходняй Беларусі з нязвычным для тутэйшых мясцін украінскім прозвішчам пачаў сваю адукацыю па-польску: у пачатковай школе вёскі Стараельня. Аднак праз пэўны час з’явілася магчымасць працягваць навучанне на беларускай мове. У 1928 г. Мікалай паступіў у 4 клас Наваградскай беларускай гімназіі. Вось вытрымка з яго ўласных успамінаў пра гэты перыяд жыцця (у больш поўным аб’ёме яны змешчаныя ў кнізе Андрэя Чэмера “Наваградзкая беларуская гімназія”): “У гімназіі працавалі добрыя выкладчыкі. На працягу чатырох гадоў я многае засвоіў – больш, чым за сем гадоў навукі ў польскай школе. Вельмі добра была наладжана самадзейнасць, асабліва харавога гуртка, у якім я таксама ўдзельнічаў”.


Знаўца гісторыі Навагрудчыны: да 110-годдзя з дня нараджэння Мікалая Вінара

Не толькі поспехамі  ў вучобе і самадзейнасці  былі адзначаны для Вінара гады навучання ў гімназіі. У гэты час ён уступіў у  Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі. Упершыню Мікалай Вінар згадваецца як член КСМЗБ ў данясенні навагрудскага ваяводы ў Міністэрства унутраных спраў Польшчы ад 8 жніўня 1933 г. А 13 снежня таго ж года паліцыя арыштавала 12 камсамольцаў – вучняў гімназіі.  У склад групы ўваходзіў і Вінар.

Педагагічная рада гімназіі ставілася да ўдзельнікаў камсамольскага руху са спачуваннем, але, адчуваючы пагрозу закрыцця навучальнай установы, пасля працяглых спрэчак выключыла са школы членаў групы. Рашэннем суда ад 17 студзеня 1934 г. Вінар быў асуджаны “на адзін год турмы і на ўсе два гады пазбаўлення грамадзянскіх правоў і да выплаты 40 злотых за судовыя выдаткі”.

У 2-й палове 1930-х  гг. Вінар працаваў на будаўніцтве дарог у вёсцы Уселюб. Да гэтага часу адносіцца і заключэнне шлюбу з былой навучэнкай наваградскай гімназіі Аляксандрай Скрабец, і пераезд у Любчу. 

Прызванне – настаўнік

Пасля ўсталявання ў Заходняй Беларусі Савецкай улады Вінар пачынае працаваць настаўнікам у вёсцы Зенявічы. Педагагічнай дзейнасцю ён займаўся да канца сваіх дзён, знайшоўшы ў ёй адно са сваіх прызванняў.

Аднак новая ўлада прынесла не толькі магчымасць знайсці працу па здольнасцях, але і вымушанае расстанне з блізкім чалавекам. Аляксандра Вінар была абвінавачана ў прыхільнасці да польскай улады і вывезена на пасяленне ў Казахстан. Мікалай Андрэевіч як мог дабіваўся вяртання жонкі: абіваў парогі розных інстанцый, пісаў лісты з прашэннямі (адзін з іх быў нават адпраўлены на імя Молатава). Як адзначае навагрудскі гісторык Мікалай Гайба ў прысвечаным Вінару артыкуле “Нам нестае яго” (Культура. 1994. № 42), дапамогу ў гэтым яму аказваў першы сакратар Любчанскага райкама кампартыі Рыгор Румянцаў, які пасля ад’езду Вінараў у Зенявічы кватараваў у іх доме ў Любчы і прыязна ставіўся да гаспадароў. Настойлівасць мела плён: праз год з нечым сям’я Вінараў зноў аб’ядналася. Да апошніх гадоў жыцця Мікалая Андрэевіча Аляксандра Іосіфаўна была побач з мужам, заставалася яго самай вернай памочніцай.

Хутка пасля вайны Вінар перайшоў на працу ў Любчу. З 1947 г. Мікалай Андрэеевіч загадваў Любчанскім райпедкабінетам, а з 1949 г. выкладаў гісторыю у мясцовай сярэдняй школе. У гэты ж час ён паступіў на завочнае навучанне ў Баранавіцкі настаўніцкі педінстытут, які скончыў у 1951 г. па спецыяльнасці “гісторыя”.


Знаўца гісторыі Навагрудчыны: да 110-годдзя з дня нараджэння Мікалая Вінара
Знаўца гісторыі Навагрудчыны: да 110-годдзя з дня нараджэння Мікалая Вінара

Менавіта ў Любчы Вінар найбольш поўна раскрыў свае  здольнасці. Ён нямала зрабіў як арганізатар эскурсійнай і турысцка-краязнаўчай работы ў школе: акрамя традыцыйных турзлётаў, яна стала уключаць і велапрабегі па партызанскіх сцежках, і аўтобусныя падарожжы па Навагрудку і ваколіцах з наведваннем міцкевічаўскіх мясцін, і паездкі ў Мінск, у Брэсцкую крэпасць, нават за межы Беларусі – у Маскву, Ленінград. 


Знаўца гісторыі Навагрудчыны: да 110-годдзя з дня нараджэння Мікалая Вінара

Быў перакананым прыхільнікам адраджэння Любчанскага замка. Цікавыя і яго метадычныя распрацоўкі ўрокаў гісторыі.


Знаўца гісторыі Навагрудчыны: да 110-годдзя з дня нараджэння Мікалая Вінара

Але вяршыняй дзейнасці Вінара ў Любчы стала работа па стварэнні ў Любчанскай СШ музея роднага краю.

Бацька школьнага музея

Датай адкрыцця Любчанскага школьнага гісторыка-краязнаўчага музея лічыцца 1964 г. 


Знаўца гісторыі Навагрудчыны: да 110-годдзя з дня нараджэння Мікалая Вінара

Аднак вядома, што ўжо ў 1961 г. члены школьнага краязнаўчага гуртка пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі распачалі збор экспанатаў. Неўзабаве да працы далучыліся і іншыя мясцовыя жыхары. 

У першыя гады свайго існавання музей змяшчаўся ў двух пакоях Брамнай вежы Любчанскага замка (у новы школьны будынак ён пераехаў толькі ў сярэдзіне 1970-х) і меў 2 аддзелы: “Далёкае мінулае” і “Аб Вялікай Айчыннай вайне”. Самымі каштоўнымі экспанатамі першага з іх сталі археалагічныя знаходкі эпохі неаліту, рэдкія старажытныя манеты, бронзавы флюгер з выявай герба Любчы, які калісьці знаходзіўся на замкавай вежы, метрычная кніга Наваградскага касцёла 1601 г. Шмат увагі адводзілася  славутай любчанскай друкарні ХVII ст. У аснову другога  раздзелу леглі леглі экспанаты, што сведчылі аб барацьбе супраць фашыстаў, якую вялі ў ваколіцах Любчы  партызаны брыгады імя Дзяржынскага і першага коннага дывізіёна пад кіраўніцтвам Дз. Дзенісенкі.


Знаўца гісторыі Навагрудчыны: да 110-годдзя з дня нараджэння Мікалая Вінара
Знаўца гісторыі Навагрудчыны: да 110-годдзя з дня нараджэння Мікалая Вінара

 Пазней у музеі з’явіліся стэнды “Барацьба працоўных за сваё вызваленне” (уключаў фотаздымкі нараджэнцаў Наваградчыны – удзельнікаў рэвалюцый 1905 і 1917 гг., мясцовых членаў КПЗБ, лістоўкі, друкаваныя выданні і іншыя дакументы аб  дзейнасці падпольных, партыйных і камсамольскіх арганізацый) і “Аднаўленне і развіццё народнай гаспадаркі” (адлюстроўваў будаўніцтва гарадскога пасёлка, арганізацыю бліжэйшых калгасаў).

Узнік у музеі і стэнд “А.Міцкевіч – наш зямляк”,  прысвечаны жыццю і дзейнасці польскага паэта на тэрыторыі Навагрудчыны. Распачалася праца па стварэнні прыродазнаўчай і літаратурнай частак экспазіцыі.

Вінар у гэты час зарэкамендаваў сябе як ініцыятыўны і здольны арганізатар. Наладзіў кантакты не толькі з рэгіянальнымі арганізацыямі, але і з архівамі ў Гродне і Мінску,  з Літоўскай АН, з дзяржаўнымі музеямі у Варшаве,  Кракаве і Беластоку,  з шэрагам школьных музеяў Беларусі і Украіны. З паездкі ў Польшчу летам 1964 г. прывёз каштоўныя экспанаты, якія адносіліся да гісторыі Навагрудчыны. Умела падаграваў інтарэс школьнікаў да музейнай справы: з іх ліку быў сфарміраваны савет музея, які быў упаўнаважаны выбіраць дырэктара (таксама вучня). 


Знаўца гісторыі Навагрудчыны: да 110-годдзя з дня нараджэння Мікалая Вінара

Музей, створаны Вінарам,  хутка набыў славу аднаго з лепшых школьных музеяў Гродзеншчыны. Ён выклікаў інтарэс не толькі ў простых наведвальнікаў, але і ў людзей, вядомых у краі і за яго межамі. Цікавіліся пачынаннем Мікалая Андрэевіча і шмат у чым дапамагалі заслужаны настаўнік БССР, заснавальнік народных краязнаўчых музеяў у Валеўцы, што на Навагрудчыне, і ў Дзятлаве Міхаіл Петрыкевіч, таленавіты мастак-аматар і калекцыянер рарытэтаў, звязаных з гісторыяй наваградскага краю, Раман Лецка, вядомы айчынны археолаг, нараджэнец суседняй Іўеўшчыны Леанід Побаль, мінскі збіральнік кніжных рэдкасцей Лявонцій Клок. 

Любчанскі летапісец

Як бачна з перапіскі, двое апошніх аказвалі Вінару каштоўную бібліяграфічную дапамогу, якую ён выкарыстоўваў не толькі пры фарміраванні музейнай экспазіцыі, але і пры напісанні сваіх краязнаўчых прац. 


Знаўца гісторыі Навагрудчыны: да 110-годдзя з дня нараджэння Мікалая Вінара

Публікацыі Вінара па гісторыі Навагрудчыны пачынаючы з канца 1950-х гг. з’яўляліся на старонках раённай газеты “Новае жыццё”.

Падрыхтаванае супрацоўнікамі Любчанскай гарпасялковай бібліятэкі выданне “Мікалай Андрэеевіч Вінар (1912 – 1977): біябібліяграфічны даведнік” (2010) утрымлівае звесткі пра 12 публікацый, аднак знаёмства з рукапіснай спадчынай краязнаўца ўпэўнівае, што ім было напісана значна больш.

З цягам часу Вінар узняўся і да напісання буйных прац. Іх ён падрыхтаваў дзве: адна была прысвечана гісторыі Навагрудка, другая – Любчы. Абедзьве гэтыя працы ахоплівалі падзеі ад сівой даўніны да нашага часу.  Першая з іх, з  рабочай назвай “Горад Навагрудак і ваколіцы”,  дагэтуль не трапіла на старонкі друку. Другая ж, вытрыманая ў жанры гісторыка-эканамічнага нарыса і, як лічыцца, больш удалая (М.Гайба называе яе найбольш поўным з вядомых на час напісання даследаванняў гісторыі Любчы) выйшла на старонках “Новага жыцця” у 1977 г. – у год смерці аўтара. Рыхтавалася гэтая публікацыя да 60-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. Відаць, таму  для друку былі выбраны толькі тыя раздзелы, якія нейкім чынам стасаваліся са слаўным юбілеем. 


Знаўца гісторыі Навагрудчыны: да 110-годдзя з дня нараджэння Мікалая Вінара

Падзеі рэвалюцый 1905 і 1917 г., змаганне мясцовага насельніцтва з польскім панаваннем, барацьба з фашысцкімі захопнікамі – усё гэта, на думку рэдакцыі,  было варта таго, каб скласці змест публікацыі “Любча: старонкі гісторыі”. Гэтая частка працы аўтару сапраўды ўдалася – не ў апошнюю чаргу таму, што ён сам быў непасрэдным сузіральнікам, а часам і актыўным удзельнікам апісаных падзей. 

Аднак у публікацыі нічога не было пра той час, калі узнікла старажытнае мястэчка, не знайшлося месца любчанскай друкарні і выдатнаму друкару Пятру Кміце, ані слова не сказана пра Кішкаў, Радзівілаў, Фальц-Фейнаў, не згадваюцца славутыя асобы Наваградчыны Міцкевіч, Каратынскі, Чачот. Пра усё гэта любчанскі летапісец пісаў. Пісаў ён і пра Любчанскі замак, пра атрыманне мястэчкам магдэбургскага права, пра старажытныя заняткі насельніцтва і яго нацыянальны склад, пра падзеі вайны 1812 г., пра нараджэнца размешчанай непадалёку вёскі Сенна Адама Пуслоўскага – камандзіра партызанскага атрада ў час паўстання Каліноўскага, і шмат пра што яшчэ. Часта на старонках рукапісу з’яўляліся і іншыя мясціны краю: сталіца Вялікага Княства Літоўскага Наваградак, Лаўрышава, Шчорсы …  На шчасце, у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі і ў Любчанскай гарпасялковай бібліятэцы і сёння захоўваюцца машынапісныя экземпляры гісторыка-эканамічнага нарыса пра Любчу.

Дзве знаходкі краязнаўца

Да гэтай, ды і да іншых прац Вінара можна ставіцца па-рознаму. Калі вельмі крытычна, то на першы план выйдуць асобныя недакладнасці ў змесце, нястройнасць выкладу матэрыялу, адсутнасць у аўтара сапраўднай навуковай школы, – інакш кажучы, тое, што і  адрознівае прафесіянала-гісторыка ад энтузіяста-краязнаўца. Аднак уражвае, з якой прагай аўтар адшукваў усё новыя і новыя крыніцы, каб палепшыць якасць свайго аповеду. Сярод дакументаў, у якіх Вінар здабываў гістарычныя звесткі, – Іпацьеўскі летапіс, памятныя кніжкі Гродзенскай губерні, “Описание церквей и приходов Минской губернии (1851)”,  “Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами генерального штаба” П. Баброўскага (1863)… Да гэтага трэба дадаць і немалую колькасць архіўных крыніц, і добрае веданне Вінарам вынікаў археалагічных раскопак на тэрыторыі Навагрудчыны.

Можа, як узнагарода за настойлівасць у пошуку і былі пасланыя яму дзве знаходкі, пра якія хочацца сказаць асобна. Звязаныя яны са знакавымі датамі любчанскай гісторыі – датай узнікнення самога паселішча і датай будаўніцтва замка. 

Сучасныя даведнікі і энцыклапедыі сцвярджаюць: першая згадка Любчы ў пісьмовых помніках адносіцца да 1401 г. і звязваецца з ваеннымі паходамі нямецкіх крыжакоў. Вінар жа адшукаў больш ранняе ўпамінанне пра мястэчка – ў кнізе В. Ластоўскага “Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі”. Ластоўскі прыводзіць звесткі пра датаваны 1241 г. манускрыптна пергаменце пад назвай „Написания Афанасия мниха к Панкови…”, напісаны ,,рукою шматгрэшнага дзяка Мікіты з Любчы”. 1241 г. як дату узнікнення Любчы Вінар прыводзіць і ў сваім гісторыка-эканамічным нарысе, і у больш раннім артыкуле “Пасёлку Любча – 700 год” (1961). Гэтая дата пераклікаецца са сцвярджэннем Т. Нарбута пра тое, што у сярэдзіне ХІІІ ст. у Любчы ўжо існавала рэзідэнцыя біскупа Віта і дамініканскі сабор, дзе, магчыма, у 1250 г. хрысціўся ў каталіцкую веру Міндоўг, а таксама з паэтычнымі радкамі У. Сыракомлі: 

…Як адмовіцца ад наведвання Любчы, 
Дзе ў глыбокай старажытнасці быў сабор, 
Дзе ў паганскай Літве часоў Міндоўга 
Высока нёс біскупскую годнасць Віт Дамініканін.

Выказанае Вінарам меркаванне аб тым, што Любча існавала яшчэ ў сярэдзіне ХІІІ ст., мае прыхільнікаў і сярод сучасных гісторыкаў.


Знаўца гісторыі Навагрудчыны: да 110-годдзя з дня нараджэння Мікалая Вінара

Другая знаходка краязнаўца, на першы погляд, была ледзь не ідэальным пацвярджэннем першай. На згаданым вышэй флюгеры з вежы Любчанскага замка Вінар убачыў лічбы – “1281”. Мікалай Андрэевіч так і не змог вытлумачыць гэтую дату, якая зусім не стасавалася з вядомымі звесткамі з гісторыі замка. Ён лічыў (відаць, да канца сваіх дзён), што 1281 г. – час з’яўлення больш ранняй пабудовы, якая існавала на месцы замка. Зрэшты, галоўнае не ў гэтым, а ў самой знаходцы. Разгадку ж надпісу лёгка знайшлі гісторыкі: Вінар памыляўся ўсяго на адну лічбу – і на цэлыя тры стагоддзі. Сёння 1581 г. лічыцца годам узнікнення Любчанскага замка. 

Спадчына і спадкаемцы

Мікалай Андрэевіч Вінар пакінуў пасля сябе немалую спадчыну. Дакументы, якія адносяцца да жыцця і дзейнасці краязнаўца з Любчы, сёння можна знайсці ў розных дзяржаўных сховішчах Беларусі: Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, у Навагрудскім гісторыка-краязнаўчым музеі, Любчанскай гарпасялковай бібліятэцы. Што датычыцца першай з названых устаноў, то сюды ў хуткім часе пасля смерці Вінара трапілі дакументы яго асабістага архіва: біяграфічныя матэрыялы,  згаданыя манаграфіі пра Любчу і Навагрудак, артыкулы, нататкі, нарысы, перапіска, фотаздымкі, калекцыя прац розных аўтараў па гісторыі Навагрудчыны, сабраная Вінарам і інш. Усе пералічаныя дакументы увайшлі ў склад фонду 23 “Калекцыя матэрыялаў па гісторыі, навуцы, культуры” (вопіс 1), дзе складаюць 59 адзінак захоўвання (№ 644 – 702).


Знаўца гісторыі Навагрудчыны: да 110-годдзя з дня нараджэння Мікалая Вінара

Пашанцавала не толькі дакументальнай спадчыне Мікалая Андрэевіча. Не загінулі і яго добрыя справы і пачынанні. Музей Любчанскага краю, які калісьці мясціўся на невялічкай плошчы ў замкавай вежы, сёння носіць званне народнага і займае прастору ў  450 кв. м., на якой змяшчаецца 8 аддзелаў. Многія з іх тэматычна блізкія да тых, што існавалі яшчэ ў часы Вінара, але ёсць і новыя, у прыватнасці, “Гісторыя школы” і “Скульптурны” (у яго аснове – працы скульптара і майстра разьбы па камені Віктара Гроса, які нарадзіўся ў недалёкіх ад Любчы Дзяляцічах). Шмат гадоў справамі музея займаўся бяззменны на працягу доўгага часу дырэктар Любчанскай СШ Міхаіл Міхайлавіч Карповіч, які зусім  нядаўна перадаў эстафету маладой дасведчанай пераемніцы Таццяне Аляксандраўне Борыс.


Знаўца гісторыі Навагрудчыны: да 110-годдзя з дня нараджэння Мікалая Вінара

Пра тое, як захоўваюць памяць пра земляка супрацоўнікі Любчанскай бібліятэкі, ужо крыху казалася, а ў 2010 г. важны крок у гэтым напрамку зрабіў і Навагрудскі райвыканкам, уключыўшы імя краязнаўца ў раённую Кнігу славы.

Шануюць імя свайго бацькі і дзеці Мікалая Андрэевіча: дочкі Ала і Тамара і сын Валерый. Акрамя таго, другая дачка Вінара, кандыдат медыцынскіх навук  Тамара Мікалаеўна Сярова ажыццяўляе адно з даўніх бацькавых спадзяванняў, з’яўляючыся членам апякунскай рады Дабрачыннага фонду “Любчанскі замак”.

Матэрыял падрыхтаваны 
навуковым супрацоўнікам аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў В. В. Свёклай.

топ-услуги
Платежные системы Беларуси