Катэхізіс Сымона Буднага
10 чэрвеня 1562 года ў Нясвіжы быў выдадзены адзіны з самых вядомых палемічных твораў у гісторыі беларускага друку – «Катэхізіс» Сымона Буднага.
Заснаваная на пачатку 1560-х гг. прапаведнікамі Мацеем Кавячынскім, Лаўрэнціем Крышкоўскім і Сымонам Будным нясвіжская тыпаграфія стала цэнтрам беларускамоўнага друкарства рэфармацыйнай думкі Вялікага Княства Літоўскага. Грашовую дапамогу на ўтрыманне тыпаграфіі аказалі Мікалай Радзівіл «Чорны», будучы канцлер і аўтар трэцяга Статута ВКЛ Астафій Валовіч. На загад Валовіча з Вільні былі перавезеныя шрыфты Францыска Скарыны, што паскорыла з’яўленне «Катэхізіса» ўжо ў чэрвені 1562 года.
Сам па сабе катэхізіс (ад грэцкага κατηփισμός – павучанне, настаўленне) – гэта выклад асноў веравучэння рэлігійнай канфесіі. Катэхізіс звычайна выкладзены ў выглядзе пытанняў і адказаў. Але «Катэхізіс» Сымона Буднага – гэта досыць сур’ёзная палемічная праца, накіраваная на пошук ісціны. Як адзначае Юрый Лабынцаў:
“Сіла слоў Буднага была такая вялікая, аргументы такія пераканаўчыя, а выбраная форма выдання такая ўдалая, шрыфт і мова зразумелыя, што, і гэта можна сказаць без перабольшання, нясвіжскі беларускамоўны «Катэхізіс» увайшоў у аналы царкоўнай і грамадзянскай гісторыі ўсходнеславянскіх народаў”.
У прамове да «Катэхізіса» Сымон Будны адзначае, што выдае яго не толькі з мэтамі пашырэння рэфармацыйных поглядаў, але і з мэтамі таго, каб бацькі па ім займаліся навучаннем сваіх дзяцей:
“Сію книжку написахъ, абы… истинны разуменіа жаждущиі мели, чого бы ся и сами учили и деток своихъ научали”.
Таксама ён заклікае феадалаў, найперш маладых князёў Радзівілаў, шанаваць беларускую мову і клапаціцца аб развіцці культуры, адукацыі і кнігадрукавання:
“Абы ваши княжацкия милости не только в чужоземских языцех кохали, але бы ся теж… и того здавна славного языка славянского размиловати и оным ся бавити рачили. Слушная бо речь ест, абы ваши княжацкие милости того народу язык миловати рачили, в котором давъные предъки и их княжацкие милости панове отци ваших княжацких милости славне преднейшие преложеньства несуть”.
Акрамя выкладаў асобных палажэнняў хрысціянскага веравучэння, у кнізе ўзнімаліся такія актуальныя для таго часу праблемы, як грамадзянскія абавязкі чалавека, адносіны да дзяржаўных пасад, права валодання зямельнай уласнасцю, стаўленне да войнаў і іншыя.
Даследчыкі адзначаюць таксама і моўныя асаблівасці выданняў Буднага. Спэцыфіка мовы заключалася ў тым, што побач з рускай мовай прыводзяцца вялікія цытаты на царкоўна-славянскай мове, якія нічым не пазначаюцца. Такім парадкам Будны пайшоў далей за Францішка Скарыну на шляху збліжэння пісьмовай мовы рэлігійных твораў і жывой беларускай мовы.
На жаль, у Беларусі па сённяшні дзень няма арыгінала «Катэхізіса» Сымона Буднага, але ў фондзе рэдкіх кніг Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі захоўваецца мікрафільм як гэтай ягонай працы, так і пазнейшых твораў: «Аб важнейшых палажэннях хрысціянскай веры», надрукаванай Лоскай тыпаграфіяй на польскай мове у 1576 годзе, і «Аб кіраванні мячом» 1583 года.