Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Пн - Пт: 8:45 - 20:00

Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі

У кожнага народа ёсць знакавыя імёны, што залатымі літарамі ўпісаны ў яго гісторыю. Для Беларусі адно з такіх імёнаў – Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі. 


Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі

14 чэрвеня спаўняецца 155 гадоў з дня нараджэння выдатнага гісторыка, этнографа, выкладчыка, дзеяча беларускага нацыянальнага адраджэння Мітрафана Віктаравіча Доўнар-Запольскага. 

Асоба гэтага чалавека ўражвае сваёй унікальнасцю і шматграннасцю. За свае гады плённай навуковай дзейнасці ён стаў аўтарам звыш 150 прац, узначаліў заснаванне акадэмічнай навукі ў Беларусі, быў адным з заснавальнікаў нацыянальнай беларускай гістарыяграфіі, з’яўляўся прафесарам Беларускага дзяржаўнага, Бакінскага, Кіеўскага, Харкаўскага ўніверсітэтаў. 


Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі
Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі

Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі
Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі

Аднак значэнне яго дзейнасці не абмяжоўваецца выключна навуковымі даследваннямі. Важную ролю Мітрафан Віктаравіч адыграў у грунтаванні даследчыцкіх сіл дзеля вывучэння Беларусі і развіцця беларусазнаўства, у абгрунтаванні самастойнага гістарычнага шляху беларускага народа і канцэпцыі яго нацыянальна-дзяржаўнага існавання. У 1924 годзе Доўнар-Запольскі быў абраны правадзейным членам Інстытута беларускай культуры. Адным з першых крокаў яго навукова-арганізацыйнай дзейнасці на радзіме была ініцыятыва стварэння Археаграфічнай камісіі пры гісторыка-археалагічнай секцыі Інбелкульта. Першачарговая задача гэтай камісіі – неабходнасць рэстытуцыі беларускіх архіваў, а таксама выданне Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага.


Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі

З сучаснай Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (у той час бібліятэкай Інстытута беларускай культуры) звязвае Мітрафана Віктаравіча не толькі праца ў Інбелкульце, але і перадача ў яе фонд значнай часцы прыватнай бібліятэкі. Па запрашэнні Уладзіміра Іванавіча Пічэты (рэктара БДУ і вучня Доўнар-Запольскага) выкладаць у Беларускім дзяржаўным універсітэце ў 1925 годзе з Баку Доўнар-Запольскі направіўся ў Мінск. Зразумела, што пераезд у тыя часы быў справай не лёгкай. Вось, напрыклад, вытрымка з дзённіку жонкі Мітрафана Віктаравіча Надзеі:

Хлопоты по переезду в Минск. Непрерывный стук молотка. Запечатывают в ящики книги. Всё перевозит контора транспортная. Выеду 25-го, Лиля – на два дня раньше. Бакинская жизнь отходит в прошлое. Хороша ли она была, плоха ли, не знаю. Уезжаю с радостью”. 

14 верасня 1925 г. Баку.

Пад час пераезду адмыслова дзеля Доўнар-Запольскага ўрадам быў накіраваны ў Баку цягнік, каб перавесці прафесара і ягоныя рэчы. Адзін вагон цягніка быў цалкам напоўнены прыватнай бібліятэкай, якая пасля ўвайшла ў фонды бібліятэкі Інбелкульта. 


Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі
Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі
Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі

Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі
Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі
Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі

У 1926 годзе ў склад фонда бібліятэкі Інстытута беларускай культуры ўваходзіла каля 20 тысяч кніг. З бібліятэкі Мітрафана Віктаравіча ўвайшло каля 9 тысяч, пераважна па гісторыі Беларусі, сярод якіх было шмат рэдкіх выданняў.

Былы вучань Мітрафана Віктаравіча і выдатны археограф Мікалай Мікалаевіч Улашчык, які  у сваіх успамінах узгадваў:

У 1925 годзе Мінск быў маленькім, кватэрнай праблемы ня існавала, і прафесару далі верхні паверх двухпавярховага дому, які знаходзіўся ў дварэ Інбелкульту (зараз Рэвалюцыйная 15-а).

К таму часу ў Інбелкульце была створана Гісторыка-археалагічная секцыя, старшынёю якой быў прызначаны Даўнар-Запольскі, а сакратаром З. І. Даўгяла. Паседжанні секцыі адбываліся на кватэры Даўнар-Запольскага, кажучы дакладней, у першым пакоі яго кватэры. Далей за першы пакой я не заходзіў, але калі барць толькі першы, то можна было думаць, што ўся кватэра прафэсара ўяўляе сабою бібліятэку. Казалі, што ён прывёз з сабою 25 тыс. кніг, пазней гэта лічба знізілася да 15 тыс., ва ўсякім разе, бібліятэка была вялізарная (пакідаючы Мінск, ён заставіў там бібліятэку, якая стала асноваю Бібліятэкі Акадэміі навук). Нават у тым пакоі, дзе адбываліся паседжанні, амаль палавіну займалі паліцы з кнігамі. Паліцы былі простыя, з сасновых дошак, і вышынёю да самай столі. Каб падняцца да верхняй паліцы, трэба было станавіцца на драбніну, такую ж простую, як і паліцы.

Прыблізна праз год пасля прыезду, у жніўні 1926 году Даўнар-Запольскі пакінуў Мінск і выехаў у Маскву, дзе стаў прафэсарам у інстытуце народнай гаспадаркі. Вясною 1930 г., калі быў у Маскве, зайшоў да яго. Прафэсар жыў у аднапавярховым доме на Сталешнікавым завулку ў доме № 9. Яшчэ праз шмат гадоў даведаўся ад Бандарчыка (крытык, літаратуразнавец), дзе жыве яго ўдава. Яна сказала, што памёр Даўнар-Запольскі ў 1934 г., што архіў яго скора пасля смерці забраў адзін з кіеўскіх вучняў, але скора забралі самаго вучня і што архіў такім чынам загінуў.

Пішу скрозь ня “Доўнар”, але “Даўнар”. Думаю, што націск на перадапошнім складзе даецца пад польскім уплывам, але звычайна, калі ёсць “Даўнар” без “Запольскага”, націск ставіцца на апошнім месцы.

14.V. 1985 г.

Варта адзначыць, што так і не высветлена, пра якога вучня ідзе гаворка ва ўспамінах Надзеі Доўнар-Запольскай, а таксама і тое, што лёс архіва самога Мітрафана Віктаравіча савецкага перыяду невядомы.


Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі
Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі
Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі

Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі
Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі
Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі

Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі
Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі

У фондзе рэдкіх кніг Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі захоўваюцца не толькі былая прыватная бібліятэка Мітрафана Віктаравіча, але і цікавыя выданні прац рознага перыяду жыцця Доўнар-Запольскага. Сярод кіеўскіх выданняў ёсць “Беларускае вяселле і вясельныя песні” 1888 г., “Нарыс гісторыі Крывіцкай і Дрыгавіцкай зямель да канца XII стагоддзя” 1891 г., “Песні пінчукоў” 1895 г. з мапай беларускага Палесся. Вялікую каштоўнасць уяўляюць гродзенскія выданні “Асноў дзяржаўнасці Беларусі” 1919 г. на польскай, французскай і нямецкай мовах, а таксама віленскае выданне  “Асноў дзяржаўнасці Беларусі” з кнігазбору ксяндза Адама Станкевіча, што таксама захоўвалася ў Пятра Фёдаравіча Глебкі. Адной з рэдкасцяў нашай бібліятэкі з’яўляецца таксама і наяўнасць кнігі “Заходне-руская сельская абшчына ў XVI стагоддзі”, выдадзенай Санкт-Пецярбургскай тыпаграфіяй Балашэва у 1897 г. з дарчым надпісам аўтара.

Фотаздымкі і матэрыялы ўзяты з выдання “Мітрафан Доўнар-Запольскі (1868–1934 гг.): Асоба ў дакументах і ўспамінах” 2020 г. 

Больш падрабязней азнаёміцца з біяграфія і працамі як самога Доўнар-Запольскага, так і пра яго Вы можаце на нашым сайце ЦНБ НАН Беларусі.

топ-услуги
Платежные системы Беларуси