Язэп Драздовіч: моўная і этнаграфічная спадчына
Язэп Драздовіч (1888—1954) — значная фігура беларускага Адраджэння першай паловы XX ст., якая спарадзіла ўніверсальны тып артыстычнай асобы. Ён быў мастаком, пісьменнікам, паэтам, этнографам, скульптарам, філосафам, хірамантам, археолагам, тэатральным дзеячам, астраномам-аматарам. Беларускі мастак Пётра Сергіевіч, сучаснік майстра, назваў Драздовіча «нашым маленькім павятовым Леанарда да Вінчы».
У выдавецкім доме «Беларуская навука» пабачыла свет навуковае выданне «Язэп Драздовіч: моўная і этнаграфічная спадчына».
Галуза, І. У. Язэп Драздовіч. Моўная і этнаграфічная спадчына : арх. матэрыялы / Ірына Галуза ; Нац. акад. навук Беларусі, Цэнтр даслед. беларус. культуры, мовы і літ., Ін-т мовазнаўства імя Я. Коласа, Цэнтр. навук. б-ка імя Я. Коласа. – Мінск : Беларус. навука, 2022. – 677 с.
Этнаграфічная спадчына Язэпа Драздовіча захавалася ў сотнях малюнкаў, жывапісных і скульптурных кампазіцый, у аўтэнтычных рэчах матэрыяльнай культуры, сабраных падчас навуковых экспедыцый, творчых вандровак, археалагічных раскопак. Раскіданыя па розных музеях, бібліятэках, архівах, бібліятэках, прыватных калекцыях, падстрэшшах сялянскіх хат Дзісеншчыны, яны ўяўляюць сабой неацэнны скарб у вывучэнні беларускага этнасу першай паловы ХХ, а таксама ўсяго ХІХ стагоддзя.
У аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі захоўваецца фонд № 2 «Язэп Драздовіч». У фондзе змешчаны наступныя лінгвістычныя матэрыялы:
- «Слоўнікавы матэрьял з Дзісенчшчыны. Літ. Б.»;
- «Лінгвістычныя матэрыялы (гаворкі Дзісеншчыны і Піншчыны), сабраныя і запісаныя Драздовічам», пазначаныя 1926 г.;
- «Падрыхтовачны матэр’ял для беларускага слоўніка» 1921 г.;
- «Беларуска-расейская тэрміналёгія па анатоміі і фізыялёгіі цела чалавека»;
- «Народныя прыказкі Дзісеншчыны»;
- «Прыказкі і прымаўкі, сабраныя Драздовічам».
Манаграфія ўпершыню ўводзіць у навуковы ўжытак рукапісную спадчыну Я. Драздовіча ў галіне лексікаграфіі і этнаграфіі, што знаходіцца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа НАН Беларусі і Бібліятэцы імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук. Тэрміналагічныя, краёвыя, дыялектныя (у тым ліку ілюстраваны) слоўнікі, разнастайныя тэматычныя словазборы, прыказкі і прымаўкі, народныя песні, карэспандэнцыя і інш. размеркаваны ў 13 раздзелаў і суправаджаюцца ўступнымі артыкуламі. Агульны аб’ём знойдзеных на дадзены час і падрыхтаваных да друку матэрыялаў складае больш за 18,5 тыс. дзісенскіх і пінскіх лексем, а таксама каля 1,7 тыс. устойлівых адзінак розных жанраў.
Разлічана на даследчыкаў, мовазнаўцаў і аматараў роднай мовы.