Да 140-годдзя Янкі Купалы
Я не паэта, о крый мяне божа!
Ня рвуся я к славе гэткай німала.
Хоць песеньку-думку і высную можа,
Завуся я толькі – Янка Купала.
7 ліпеня спаўняецца 140 год з дня нараджэння выдатнага народнага паэта Беларусі – Янкі Купалы.
Іван Дамінікавіч Луцэвіч нарадзіўся 7 ліпеня 1882 года ў фальварку Вязынка Вілейскага павета. Бацькамі будучага паэта былі арандатар Дамінік Ануфрыевіч Луцэвіч і Бянігна Валасевіч, якія належалі да саслоўя мяшчан. Дамінік Луцэвіч належаў да роду збяднелай шляхты, якая не змагла ў часы Расійскай імперыі дакументальна даказаць сваё шляхецкае паходжанне і зацвердзіць свой род у статусе расійскага дваранства, а маці паэта паходзіла з рубяжэвіцкай шляхты. Шляхецкае паходжанне пакінула вялікі адбітак на жыццё Івана Дамінікавіча, ягоны стыль паводзінаў і псіхалагію. Ён быў эстэтычна арыентаваным чалавекам з добрым густам.
Пісаць вершы Ясь, як яго называлі бацькі, пачаў яшчэ ў дзіцячым узросце на польскай мове. Так у лісце да расійскага літаратурнага крытыка Льва Навумавіча Клейнбарта пісаў, што “первое стихотворение написал я /…/ посвящённое сестре в день её именин. Стихотворение это, насколько помню, сестру разозлило, т.к. в нём была известная доля насмешки по поводу её приготовлений к именинам”. У гэтым жа лісце ён паведамляў, што яму ў юнацтве не падабаўся А. С. Пушкін праз “то место, где он вспоминает о “черни”, мне очень не нравилось, оскорбляло…”.
Іван Луцэвіч скончыў Бяларуцкае народнае вучылішча ў 1898 годзе, але абставіны смерці бацькі, малодшага брата Казіміра і дзвух сясцёр Сабіны і Гэлі ў 1902 вымусілі Івана Луцэвіча пайсці працаваць, каб дапамагаць маці і трымаць гаспадарку. Працаваў Іван Дамінікавіч на гаспадарцы, потым хатнім настаўнікам, пісарам у судовага следчага ў Радашковічах, малодшым прыказчыкам у маёнтку Беліца памешчыка Караля Свяцкага ў Сенненскім павеце Магілеўскай губерні, практыкантам і памочнікам вінакура ў маёнтку Сёмкава пад Мінскам, на бровары ў маёнтку пана Аляксандра Любанскага. Цікава і тое, што ў гэты час вершы нараджаліся вельмі проста і без паэтычных пакутаў: “я мог за один день написать 200–300 строк стихов и редко когда исправлял. Писал где и как попалось /…/. Стихотворение “Чаго вам хочацца, панове?” написано мною при перегонном и контрольном аппарате в винокуренном заводе, когда я должен был наблюдать за этим аппаратом, чтобы регулярно в него поступал спирт”.
У 1904 годзе, пад уплывам беларускага нацыянальнага руху Луцэвіч пачынае пісаць вершы па-беларуску. Самым першым беларускамоўным вершам стаў верш “Мая доля”, напісаны лацінкай. Выкарыстоўваў на той момант Іван Дамінікавіч розныя песеўданімы і крыптанімы: Адзін з “парнаснікаў”, Вайдэльота, Здарэнец, Левы, Марка Бяздольны, Ня-Гутнік, Стары Мінчук, І. К., Я. К. і г.д.
Псеўданім “Купала” з’явіўся 15 траўня 1905 года. “Янук Купала” так ён падпісаў свой першы надрукаваны верш “Мужык”, які быў апублікаваны ў мінскай газеце “Северо-Западный край”. “Янук” пераўтварыўся ў “Янку” пяццю гадамі пазней. Гэта была ініцыятыва пецярбургскага прафесара Эпімах-Шыпілы, у кватэры якога жыў Янка Купала падчас вучобы на курсах. Атрымалася даволі дзіўна, што малады аўтар – жанчына, бо Янкамі звалі менавіта дзяўчат.
Першая сусветная вайна пакінула моцную крыўду ў сэрцы Купалы на беларусаў. У лісце да Браніслава Эпімах-Шыпілы ад 19 красавіка 1919 года ён жаліўся: “У 1916 г. я пакінуў пяць скрынь з кнігамі, рукапісамі і іншымі матэрыяламі ў беларускай кнігарні пад апеку Ўласава і Лявіцкага. Цяпер, як прыехаў у Менск, то і сьледу ад гэтага не знайшоў. Раскралі ўсё, – іхто? – свае ж беларусы, каб ім ні дна ні пакрышкі /…/ Некаторых кніжак цяпер на ніякія грошы не дастану, як напрыклад Статут Літоўскі”. Больш чым тры гады – з 12 верасня 1915 г. па 29 кастрычніка 1918 г. – Янка Купала не складаў вершы, але дзякуючы выпадку, калі ў рукі трапіла кніга Алеся Гаруна “Матчын дар”, вырашыў вярнуцца да творчасці.
У фондзе адддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі захоўваецца першая публікацыя Янкі Купалы ў беларускім друку газеты “Наша Ніва” – верш “Касцу” 1907 года.
Шмат ёсць у нашым фондзе і выданняў 1910-х гг. – адных з самых плённых у творчым жыцці паэта: віленскае выданне друкарні Марціна Кухты “А хто там ідзе”, пакладзенае на ноты кампазітарам Рагоўскім, “Паўлінка”, якая выйшла з беларускай віленскай друкарні імя Ф. Скарыны і інш. Асаблівую частку складаюць і перакладныя выданні вершаў як самога Купалы, так і ягоныя пераклады твораў іншых пісьменнікаў.
Рэдкімі экспанатамі з’яўляюцца кнігі з дарчымі надпісамі сям’і П. Ф. Глебкі самога Купалы і ягонай жонкі Уладзіславы Францаўны.
На працягу ўсяго свайго жыцця Янка Купала ратаваў сваіх сяброў ад рэпрэсій, хадайнічаў аб вызваленні іх, заставаўся годным беларускім сынам. Крэда, якому следаваў Купала было вельмі простае, але і выканаць яго ў тыя часы было вельмі складана: сапраўдны паэт павінен дапамагаць паэту. Імкненне дапамагчы, падтрымаць, працягнуць руку – адныя з найгалоўнейшых якасцяў гэтага чалавека.
За ўсё
За ўсё, што сёння маю,
Што даў мне мой народ:
За кут у родным краю,
За хлеб-соль без клапот,—
Я адплаціў народу,
Чым моц мая магла:
Зваў з путаў на свабоду,
Зваў з цемры да святла.
Для Бацькаўшчыны беднай,
Для ўпаўшых яе сіл
Складаў я гімн пабедны
Сярод крыжоў, магіл.
Змагаўшыся з напасцяй
За шчасце для людзей,
Не раз пісаў ў няшчасці
Крывёй з сваіх грудзей.
Уносіў гэтым долю
Сваю для ўсіх дабра,
А болей... Што ж там болей
Жадаць ад песняра?!
1926. Янка Купала
Яшчэ больш інфармацыі на старонцы Імя ў беларускай навуцы