Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Пн - Пт: 8:45 - 20:00

Два яблыкі на адной галінцы

У 2022 не толькі адзначаюцца юбілеі волатаў роднага слова Янкі Купалы і Якуба Коласа (140 гадоў з дня нараджэння), але і спаўняецца 110 гадоў з моманту іх першай сустрэчы і пачатку далейшага моцнага сяброўства, якое расцягнецца на ўсё жыццё. 

Янка Купала і Якуб Колас – з’ява ўнікальная і, здаецца, адзіная ў такім родзе ў сусветнай літаратуры. 

110 гадоў з моманту першай сустрэчы Купалы і Коласа

Розныя па творчай манеры (у кожнага свой голас, стыль, свой непаўторны жыццёвы шлях, чалавечы характар, духоўны свет), яны былі блізкія па сваіх эстэтычных поглядах, грамадскіх ідэалах. Феномен «літаратурнай пары» Янкі Купалы і Якуба Коласа прываблівае зрок сваёй гарманічнай цэласнасцю, тым, што фізікі называюць «прынцыпам дадатковасці», калі адзін класік дапаўняе другога, як гучнае рэха, якое паглыбляе адчуванне прасторы і часу.

Працуючы загадчыкам літаратурнага аддзела газеты “Наша Ніва”, Якуб Колас упершыню пачуў імя Янкі Купалы, калі той адаслаў у рэдакцыю свой верш “Касцу”. Здарылася гэта ў 1907 годзе. Вершы Купалы звярнулі на сябе ўвагу сваім лірычна-песенным ладам, нацыянальна-вызваленчым зазыўным тонам. Але нягледзячы на тое, што паэты імпанавалі адзін адному, сустрэцца яны здолелі толькі ў ліпені 1912 года. Прычынай таму стала тое, што ўвесь гэты час Якуб Колас быў зняволены і сядзеў у астрогу (з 1908 па 1911 гады), а пасля вызвалення знаходзіўся пад наглядам паліцыі.

Шмат святла на першую сустрэчу Купалы і Коласа праліваюць лісты пісьменнікаў. Так, у лісце ад 26 ліпеня 1912 года Купала піша: “У суботу еду ў Стоўбцы да Коласа”

Пра тую сустрэчу ходзіць байка, што Купала, каб пафарсіць перад калегам, выкупіў сабе новыя чаравікі. Але пакуль ішоў няблізкі шлях са станцыі, сцёр ногі да крыві. Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч распавядаў пра ўспаміны свайго бацькі пра тое, што Купала, канешне, рыхтаваўся да сустрэчы. І ў яго быў новы касцюм, аднак чамусьці рукавы былі крышачку караткаватыя! Можа, і чаравікі былі новыя, таму ён і сцёр ногі.

Сам Якуб Колас так апісваў іх першую сустрэчу: “…Хтось з дому прыбег у сяло, знайшоў мяне і сказаў мне тры словы: “Прыехаў Янка Купала”. Гэтыя словы мяне радасна ўсхвалявалі. Быў ужо даволі позні жнівеньскі вечар. Я жыва раздабыў кварту гарэлкі і борздзенька накіраваўся ў Смольню. Так звалася места, дзе была сядзіба маіх родных. У хаце гарэла лямпа. На лаве каля стала сядзеў малады, статны, жыццярадасны хлопец з вясёлымі, крыху насмешлівымі жаўтавата-карычневымі вачамі. Мы павіталіся, зірнулі адзін аднаму ў вочы, пацалаваліся. І ён мне, і, напэўна, я яму паказаліся зусім не такімі, як гэта прадстаўлялі мы сабе адзін аднаму ў нашым уяўленні…”.

У лісце да Льва Навумавіча Клейнборта ад 7 кастрычніка 1928 г. Колас пісаў: “Наша первая встреча состоялась в Николаевщине в августе месяце 1912 г. (магчыма з цягам часу ўспаміны сказілі дату сустрэчы з ліпеня на жнівень). Купала специально приехал повидаться со мною. Тогда Купала был цветущим красивым юнаком с мягкими, немного насмешливыми глазами. В тоне его разговора всё время сквозил добродушный юмор. На меня он произвёл прекрасное впечатление, и я полюбил его искреннею товарищескою любовью”.

110 гадоў з моманту першай сустрэчы Купалы і Коласа

Першая сустрэча паэтаў стала пачаткам доўгай дарогі іх сяброўства, сумеснай працы, змагання, радасцяў і няшчасцяў. Сімвалізм прасочваецца і ў тым, што абодвум паэтам было па 30 год – столькі, колькі і цягнулася іх сяброўства.

Часцей за ўсё паэты сустракаліся ў Мінску. Якуб Колас некалькі разоў бываў у Янкі Купалы на лецішчы ў Ляўках. Яны вельмі любілі хадзіць у лес, збіраць суніцы, грыбы. Купала любіў разводзіць кветкі, асабліва ружы, якіх у яго было шмат. 

110 гадоў з моманту першай сустрэчы Купалы і Коласа110 гадоў з моманту першай сустрэчы Купалы і Коласа

У 1930-я гады, калі абодва паэты жылі ў Мінску, яны амаль кожны дзень хадзілі адзін да аднаго ў госці, гулялі ў шахматы, дзяліліся сваімі творчымі планамі. Купала пад час павадкаў Свіслачы перабіраўся да Коласа ў дом, дзе яны разам працягвалі працу. Цяжкія 30-я гады адгукаліся на сяброўстве шматлікіх пісьменнікаў і паэтаў, але гэта толькі мацней яднала лёсы Коласа і Купалы.

Пад час Вялікай Айчыннай вайны Янка Купала і Якуб Колас раз’ехаліся і згубілі на час сувязь. Для Коласа апошні тыдзень чэрвеня 1942 года быў прасякнуты турботамі і хваляваннямі, быццам як прадчуваў небяспеку... 23 чэрвеня Колас пісаў П. Кавалёву: “Прывітанне ўсім таварышчам. Дзе цяпер Янка? Я з ім не перапісваюся – ён завёў такі звычай, што нікому нічога не піша, не адказвае на пісьмы”. 28 чэрвеня, у дзень згубы Янкі Купалы, Якуб Колас піша Міхасю Лынькову, што вельмі стомлены, напружаны працай, а жонка цяжка хварэе, скардзіцца на маўчанне сяброў: “Кажуць, Янку можна будзе бачыць у Маскве”. На наступны дзень намеснік старшыні СНК БССР І. А. Крупеня накіроўвае ў Ташкент тэлеграму аб смерці Янкі Купалы. 

Вялікім болем і жалем адгукнулася гэта ў сэрцы песняра: “Сэрца беларускага народа, збалелае па роднай краіне, зняволенай і скатаванай нямецкімі разбойнікамі, агарнула новае гора. Памёр Янка Купала – верны сын нашага народа, нястомны змагар за долю і славу Беларусі, выдатны пясняр яе хараства. Мне асабіва цяжка перажываць гэту ўтрату. У асобе Янкі Купалы я страціў не толькі вялікага паэта і чалавека, але і шчырага блізкага друга, з якім плячо ў плячо мы прайшлі наш жыццёвы і літаратурны шлях, дзелячы папалам радасць і смутак. Балюча і горка: не ісці ўжо нам з табой, дарагі Янка, разам гэтай дарогай”.

Да гадавіны гібелі песняра Колас напіша артыкул, прысвечаны Купалу. Ён будзе думаць аб ім у перапынках паміж работай. На сваіх чарнавіках адной з частак трылогіі “На ростанях” — на адваротным баку — накіды таго самага артыкула з добрымі словамі пра сябра. Праз некалькі гадоў  пасля гэтага на адрас Коласа прыйдзе пісьмо, дзе дзіцячым почыркам будзе напісана “Янку Купалу”. На пісьмо дзядзька Якуб адкажа сам, назаўсёды вызначыўшы для гісторыі месца Купалы ў сваім жыцці.

Ён напісаў, што растуць два яблыкі на адной галінцы — і не зрастаюцца. Так і яны з Янкам, кожны з іх — асоба, кожны — асобны творчы лёс. “Але ў той жа час мне, — пісаў Колас, — вельмі прыемна, што ў сваім пісьме вы пераблыталі мяне з такім вядомым чалавекам і маім сябрам”.

У фондзе ЦНБ НАН Беларусі захоўваюцца рукапісныя матэрыялы, якія датычацца дзейнасці Якуба Коласа і Янкі Купалы: лісты, аўтабіяграфіі, газетныя выразкі і артыкулы.

топ-услуги
Платежные системы Беларуси