Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Пн - Пт: 8:45 - 20:00

Ігнат Дамейка: з Мядзвядкі — у Санцьяга-дэ-Чылі (1802—1889)

На чылійскім узбярэжжы Ціхага акіяна размясціўся порт Пуэрта-Дамейкі, а ля падножжа Кардыльераў — горад Дамейка. На карце Чылі можна знайсці горны хрыбет з аналагічнай назвай, а ў Андах — вулканічную граду «Кардыльера дэ Дамейка». У той жа час заолагі могуць пахваліцца малюскам Наўтылус дамейкус, геолагі — прадэманстраваць мінерал дамейкіт, астраномы — паказаць астэроід 2784 Дамейкі, а батанікі — прапанаваць палюбавацца на фіялку дамейкіяну.


Ігнат Дамейка: з Мядзвядкі — у Санцьяга-дэ-Чылі

Усе яны названыя ў гонар аднаго чалавека — нашага земляка Ігната Дамейкі.


Ігнат Дамейка: з Мядзвядкі — у Санцьяга-дэ-Чылі
Ігнат Дамейка: з Мядзвядкі — у Санцьяга-дэ-Чылі
Ігнат Дамейка: з Мядзвядкі — у Санцьяга-дэ-Чылі

Нарадзіўся Ігнат Домейкач 31 ліпеня 1802 года ў маёнтку Мядзвядка Навагрудскага павета Мінскай губерні (сёння — Карэліцкі раён). Скончыў калегію ў Шчучыне і у 14 гадоў паступіў у Віленскі ўніверсітэт, дзе быў самым маладым у той перыяд студэнтам. Там ён пазнаёміўся з Адамам Міцкевічам, Янам Чачотам і Томашам Занам. Пазней Міцкевіч апіша свайго сябра ў паэме «Дзяды» ў вобразе Жэготы (так называлі яго сябры па ўніверсітэце).

У чэрвені 1817 года атрымаў ступень кандыдата філасофіі. Вучобу скончыў у першай палове 1820 года. Пазней, у 1822 годзе, наведваў лекцыі астранома Пятра Славінскага, у 1823 годзе слухаў лекцыі філосафа Галухоўскага і гісторыка Яўхіма Лялевеля. У чэрвені 1822 года яму была прысвоена ступень магістра філасофіі, таксама атрымаў ступень магістра матэматыкі.

Ён ведаў некалькі моў: валодаў польскай, як выпускнік гімназіі вывучаў лацінскую і грэцкую, як чалавек сваёй эпохі, свабодна гаварыў па-французску. Перад паездкай у Чылі за тры месяцы вывучыў іспанскую. Вядомы факт, што ён перакладаў на польскую з арабскай Каран. Нідзе ў біяграфіі не было звестак, што ён прыняў мусульманства альбо неяк клапаціўся аб становішчы мусульман у Расійскай імперыі. Проста ён шукаў сваё месца ў жыцці, магчыма, таму вырашыў пакінуць след пра сябе – перакласці гэтую кнігу.

Пад час паўстання 1830—1831 гадоў Дамейка прыняў у ім удзел, ваяваў у корпусе Д. А. Хлапоўскага, у адзін час разам з Эміліяй Плятэр і яе стрыечнымі братамі Быў ад'ютантам 25-га пяхотнага палка.

У ліпені 1832 года разам з А. Міцкевічам і іншымі эмігрантамі пераехаў у Парыж. Дамейка стаў наведваць лекцыі ў Калеж дэ Франс, у Сарбонскім універсітэце, займаўся ў Батанічным садзе, удзельнічаў у геалагічных экскурсіях. У 1834—1837 гг. вучыўся ў Горнай школе ў Парыжы, якую скончыў з дыпломам горнага інжынера.

А калі з'явілася магчымасць перабрацца ў Чылі, дзе патрабаваўся выкладчык хіміі і мінералогіі, Ігнат Дамейка падпісаў кантракт на шэсць гадоў і адправіўся ў сваё першае марское падарожжа.


Ігнат Дамейка: з Мядзвядкі — у Санцьяга-дэ-Чылі

Паднімаючыся на борт карабля, хіба мог ён падумаць, што з'язджае не на шэсць, а на сорак шэсць гадоў і што далёкае і незнаёмае Чылі стане для яго другой радзімай. Дабрацца да Рэспублікі Чылі аказалася не так ужо і проста: сыйшоўшы з карабля ў Рыа-дэ-Жанейра, Ігнату Дамейку прыйшлося наняць у порце коней і мулаў. Шлях яго ляжаў праз амазонскія лясы, засушлівыя пустыні, заснежаныя горы... Многае прыйшлося перажыць падарожніку на паўднёваамерыканскім кантыненце, але, магчыма, менавіта тады ў ім прачнулася любоў да гэтай дзікай, суровай зямлі і цяга да падарожжаў. Пазней ён не раз разам са сваімі вучнямі будзе адпраўляцца ў горы, адкрываючы для сябе гэтую краіну ўсё з новага і новага боку.

Будучы выкладчыкам хіміі і мінералогіі Горнай школы г.Какімба, Ігнат Дамейка вёў актыўную даследчую дзейнасць, займаўся пошукам і вывучэннем карысных выкапняў. Менавіта ён адкрыў салетру і арганізаваў яе здабычу, і ўжо ў хуткім часе гэта ўгнаенне стала актыўна выкарыстоўвацца ў многіх краінах свету. Яму ж належыць і гонар адкрыцця новых радовішчаў золата, срэбра, каменнага вуглю і нафты ў Чылі.

Будучы вялікім навукоўцам, Дамейка працягваў заставацца і вялікім чалавекам. Гледзячы, у якіх умовах і за якую сціплую плату вымушаны працаваць мясцовыя, чылійскія шахцёры, ён пачаў пісаць лісты ўраду краіны з патрабаваннем павысіць аплату рабочым і палепшыць умовы іх працы. І, што самае дзіўнае, яму пайшлі насустрач.

Пасля заканчэння шасцігадовага кантракту Ігнат Дамейка перабраўся ў Сант'яга, дзе яму прапанавалі пасаду прафесара мінералогіі ў мясцовым універсітэце. У сталіцы Чылі ён працягваў займацца навуковай працай, збіраў і апісваў невядомыя раней расліны, мінералы, закамянеласці і метэарыты. Акрамя гэтага, прафесар адшукаў у гарах крыніцы чыстай вады і правёў у горад вадаправод, назаўжды вырашыўшы праблему з забеспячэннем мясцовых жыхароў чыстай вадой.

Дом І. Дамейкі на ўскраіне Сант'яга стаў тым месцам, дзе збіраліся лепшыя розумы чылійскай рэспублікі. Па ініцыятыве нашага земляка ў краіне была распрацавана школьная рэформа, якая дазволіла зрабіць навучанне ў школе больш дэмакратычным і агульнадаступным.

А пасля таго, як Дамейку абралі рэктарам універсітэта ў Сант'яга, ён заняўся пераўтварэннем сістэмы вышэйшай адукацыі, узяўшы за аснову сістэму адукацыі Віленскага ўніверсітэта.

Чылійскія газеты таго часу пісалі: «Пан Дамейка не проста навуковец, ён – апостал навукі. У краіне няма больш папулярнага і паважанага імя, чым імя Дамейкі».


Ігнат Дамейка: з Мядзвядкі — у Санцьяга-дэ-Чылі
Ігнат Дамейка: з Мядзвядкі — у Санцьяга-дэ-Чылі

Пад яго кіраўніцтвам ва ўніверсітэце Сант'яга быў заснаваны музей мінералогіі і фізічны кабінет, горная і хімічная лабараторыі, бібліятэка прыродазнаўства. Сёння ў ёй захоўваюцца ў тым ліку і навуковыя працы прафесара – больш за 130 работ, у прыватнасці падручнік «Мінералогія», па якім некалькі дзесяцігоддзяў вучыліся паўднёваамерыканскія студэнты.


Ігнат Дамейка: з Мядзвядкі — у Санцьяга-дэ-Чылі
Ігнат Дамейка: з Мядзвядкі — у Санцьяга-дэ-Чылі

Усё, што бачыў І. Дамейка, з чым яму даводзілася сутыкацца, ён апісваў у кнігах. Напрыклад, знаёмства з дзікім індыйскім племем араўканов лягло ў аснову яго кнігі «Араўканія і яе жыхары», апублікаванай у 1860 годзе ў Вільні і перакладзенай на многія мовы свету.

Ігнат Дамейка тройчы пераабіраўся рэктарам універсітэта ў Сант'яга і сышоў з гэтай пасады па ўласнай ініцыятыве толькі ў 1884 годзе – у знак пратэсту супраць захопніцкай вайны Чылі з Перу. Урад краіны прыняў адстаўку навукоўца і ўсталяваў яму самую высокую на той момант пенсію ў краіне — больш за 6 тысяч піястраў за год.

І толькі ва ўзросце 82-х гадоў Ігнату Дамейку ўдалося ўбачыць зноў родную Наваградчыну. Ён пабываў у Мядзвядцы, чатыры гады пражыў у Жыбартоўшчыне,у доме зяця і дачкі, некалькі разоў наведаў магілы сваіх бацькоў. Неаднаразова ездзіў у Парыж і Рым, наведаў Кракаўскі Ягелонскі універсітэт, які прысвоіў яму ганаровае званне доктара медыцыны.


Ігнат Дамейка: з Мядзвядкі — у Санцьяга-дэ-Чылі

Хутка Дамейка адправіўся ў Рым, а адтуль, па благаславенні Папы Рымскага Льва XVIII, ў паломніцкае падарожжа па Святой Зямлі. У гэты ж час ім была напісана аўтабіяграфічная кніга «Мае падарожжы».

У 1888 годзе наш зямляк прыняў рашэнне вярнуцца ў Чылі, аднак па дарозе цяжка захварэў і па прыездзе ў Сант'яга, у 1889 годзе, памёр. Дзень яго пахавання быў абвешчаны днём нацыянальнай жалобы.

Ужо пасмяротна І. Дамейка абвясцілі нацыянальным героем Рэспублікі Чылі, і яму было прысвоена званне ганаровага чылійца.

Складана пераацаніць уклад Ігната Дамейкі ў развіццё мінералогіі, фізікі, хіміі, геалогіі, геаграфіі, металургіі, заалогіі і іншых навук. Сёння памяць пра яго шануюць на ўсіх кантынентах, называючы вучонага чалавекам свету.


Ігнат Дамейка: з Мядзвядкі — у Санцьяга-дэ-Чылі
Ігнат Дамейка: з Мядзвядкі — у Санцьяга-дэ-Чылі

Вуліцы, названыя ў яго гонар, з'явіліся ў Мінску і вёсцы Крупава Лідскага р-на. У Мядзвядцы ўсталяваны бюст навукоўцу, а ля касцёла ў Міры, дзе пахаваны яго бацька, – памятны камень. Да юбілею ў мінскім выдавецтве «Беларускі кнігазбор» быў прымеркаваны выпуск яго кнігі «Мае падарожжы».

У фондзе ЦНБ НАН Беларуі захоўваюцца прыжыццёвыя працы Ігната Дамейкі, з поўным зместам якіх можна азнаёміцца на старонках праекта Навукоўцы, якія праславілі Беларусь

Заказаць кнігі пра Ігната Дамейку і яго бібліяграфію можна праз Электронны каталог бібліятэкі

топ-услуги
Платежные системы Беларуси