Быць Беларусам! Да 105-ці-годдзя Янкі Брыля
Быць чалавекам свайго часу трэба, дакладней кажучы — нельга не быць. Але ж як гэта важна быць яшчэ і над часам, быць тым, хто бачыць далей наперад, вышэй — у агульначалавечае.
Янка Брыль
Для беларускай нацыянальнай культуры сярод постаццяў пісьменнікаў значна вылучаецца асоба празаіка, публіцыста і перакладчыка Івана Антонавіча Брыля, якому 4-га жніўня спаўняецца 105 год з дня нараджэння.
Жыццёвыя карані і вытокі творчага натхнення народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля пайшлі са старажытнай і знакамітай Навагрудчыны. Гэты край даў свету не аднаго выдатнага творцу, сярод якіх паэты Адам Міцкевіч і Уладзіслаў Сыракомля, навуковец Ігнат Дамейка, хірург Якаў Зэдьдовіч і інш.
Але сам Янка Брыль (самы малодшы ў сям’і) з’явіўся на свет у 1917 годзе ў Адэсе, куды яго сям’я была вымушана з’ехаць пад час Першай сусветнай вайны. Нарадзіўся Іван Антонавіч Брыль у сям’і з сялянскімі каранямі. Яго бацька, Антон Данілавіч Брыль, быў родам з вёскі Загора, адкуль у 17 гадоў паехаў у Пецярбург. Са сталіцы Расійскай імперыі лёс прывёў маладога чалавека ў Адэсу, дзе ён стаў правадніком цягніка Адэса – Пецярбург. Бацька будучага пісьменніка ўзяў шлюб з дзяўчынай-зямлячкай Анастасіяй Іванаўнай Чычук. Сям’я была шчыра і па-сяброўску згуртаваная, дзяцей заахвочвалі да вучобы, старэйшыя дапамагалі малодшым.
Цікава, што брылём называюць у Беларусі і ва Украіне традыцыйны саламяны або лямцавы шыракаполы капялюш, які сяляне апраналі падчас працы ў полі. Для лета брылі плялі з саломы, чароту, лазы. Плеценыя саламяныя палоскі (саламяную тасьму) зашывалі суровымі ніткамі ці конскім воласам. Такія капялюшы насілі ў любы час года. Святочныя брылі вышэй палёў упрыгожваліся конскім воласам, каляровай тасьмой чырвонага або сіняга колераў, а летам-жывымі кветкамі.
Старэйшыя дзеці былі ўжо самастойнымі і засталіся ў Адэсе, а з малодшымі — Міколам, Міхасём і Янкам — бацькі вяртаюцца ў вёску Загора ў 1922 годзе, дзе і прайшло маленства будучага пісьменніка. На радзіме бацькоў Янка Брыль скончыў загорскае трохкласнае вучылішча і паступіў у польскую сямігадовую школу ў мястэчку Турэц, якую паспяхова скончыў у 1931 годзе. У 1924 годзе памёр бацька, і ўвесь цяжар па выхаванні дзяцей лёг на плечы маці. Як бы ні было цяжка, яна рабіла ўсё, каб вывучыць дзяцей і вывесці іх у людзі. Янка Брыль заўсёды з удзячнасцю, пяшчотай і замілаваннем успамінаў маці, якая была бязмерна адданая сям’і. Пасля заканчэння сямігодкі ў будучага пісьменніка выспела жаданне працягваць вучобу ў гімназіі. Брат Міша, які ўжо год адвучыўся ў Навагрудскай польскай гімназіі, падрыхтаваў хлопца да экзаменаў, і Янка паспяхова вытрымаў іспыты і ў 1931 годзе стаў гімназістам. У беларускай вёсцы існавала традыцыя, каб малодшы сын заставаўся даглядаць старых бацькоў, таму Янка вымушаны быў вярнуцца ў бацькоўскую хату, дзе займаўся гаспадаркай і самаадукацыяй.
Вельмі рана ў юнака прачнулася жаданне выказаць свае думкі і пачуцці ў вершах, апавяданнях. «З чатырнаццаці год за сталага працуючы ў гаспадарцы, я многа чытаў, настойліва займаўся самаадукацыяй. Многія ночы праседжваў над першымі творамі», – адзначаў Янка Брыль у сваёй аўтабіяграфіі.
Паступова ў юнака з’явілася жаданне і самому пісаць. Спрабаваў свае сілы Брыль у паэзіі, прозе і нават публіцыстыцы. Першымі апублікаванымі творамі маладога літаратара былі вершы, якія з’явіліся ў часопісе «Шлях моладзі» ў 1938 годзе: «Апошнія крыгі», «Ажываюць лес і поле...» і інш. У гэты перыяд былі напісаны і празаічныя творы: апавяданні «Цюцік», «Сустрэча», «Марыля», «Праведнікі і зладзеі» і інш.
Акрамя літаратурных здольнасцей, Янка Брыль меў яшчэ і арганізатарскі талент, займаўся культурнай і асветніцкай працай. У роднай вёсцы ён стварыў драматычны гурток, ставіў спектаклі і перакладаў на беларускую мову для тэатральнага рэпертуару творы рускіх і польскіх аўтараў.
У 1939 годзе Брыля прызвалі на службу ў польскае войска, у марскую пяхоту. Як сапраўдны і добра выхаваны сын, ён паабяцаў маці, кожны тыдзень пісаць лісты дадому. У якасці кулямётчыка марской пяхоты ён удзельнічаў у баях з нямецкімі захопнікамі, а пад Гдыняй трапіў у палон. У лагеры палонных прымусова працаваў рознарабочым, выношваў думку аб уцёку. Яго, як і іншых салдат, выкарыстоўвалі ў якасці рабочай сілы. Пратэстуючы супраць такога становішча, будучы пісьменнік спачатку ўзначаліў забастоўку, а затым арганізаваў у жніўні 1940 года ўцёкі з лагера. Янку чакала няўдача: ужо ў Польшчы ўцекачоў злавілі і юнака зноў адправілі ў лагер. Так Брыль апынуўся ў лагеры ў Вайдэне, у Баварыі, дзе пазнаёміўся і пасябраваў з Міхасём Васільком – беларускім паэтам. Пад час палону працягваў пісаць, дасылаў маці лісты. Пра палон і гісторыю вяртання дадому пазней ён напіша ў рамане «Птушкі і гнёзды».
У верасні 1941 года Янка Брыль разам з сябрамі ўцёк з палону дахаты, а ў 1942 годзе стаў сувязным партызанскай групы Ц. Дуднікава, перадаваў звесткі аб дыслакацыі і перамяшчэнні нямецкіх войскаў у Мірскім раёне разведцы партызанскіх брыгад імя Жукава і «Камсамолец». У 1944 годзе, калі сям’я Брылёў пайшла ў партызаны, Янка стаў разведчыкам брыгады «Камсамолец», удзельнічаў у баях. Акрамя таго, быў рэдактарам партызанскай газеты «Сцяг свабоды», наладзіў выданне сатырычнага лістка «Партызанскае жыгала», дзе друкаваў свае вершы, нарысы і фельетоны пад псеўданімамі Я. Пчала, І. Асцюг. Я. Б-ль.
На працягу 1950-х гг. пісьменнік плённа працаваў у жанры аповесці, раскрываючы часам свае аўтабіяграфічныя факты з жыцця («Сірочы хлеб», «У сям’і», «На Быстранцы»). У 1960-я гады Я. Брыль пачаў асвойваць жанр мініяцюры: нізка лірычных мініяцюр «Рамонкавы россып» з’явілася ў часопісе «Маладосць» за 1964 год. Сёння пісьменніка лічаць непераўзыдзеным майстрам лірычнай мініяцюры.
У наступнае дзесяцігоддзе празаік выдаў шэраг твораў сярэдняй эпічнай формы. У 1975 годзе была напісана аповесць «Ніжнія Байдуны», у 1978-м — «Золак, убачаны здалёк», адзначаная Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Якуба Коласа. У 1975 годзе выйшла дакументальная кніга «Я з вогненнай вёскі...», якая была створана ў суаўтарстве з Алесем Адамовічам і Уладзімірам Калеснікам.
Янка Брыль абжыў лецішча на беразе Нёмана ў вёсцы Крынічнае, дзе і працягваў сваю творчую працу. Мастак слова меў шмат узнагарод і за баявыя заслугі, і за самаадданую працу, але самае ганаровае званне — народнага пісьменніка БССР — ён атрымаў у 1981 годзе.
У 1990 годзе была надрукавана аповесць Янкі Брыля «Муштук і папка», у якой пісьменнік падзяліўся з чытачом балючай праўдай пра трагічны лёс старэйшага брата Уладзіміра, расстралянага ў 1930-я гады. У творы аўтар-філосаф праз асабістую драму раскрыў шматпакутную гісторыю беларускага народа.
Уся творчасць Я. Брыля – гэта глыбокі філасофскі роздум над убачаным і перажытым за доўгае жыццё, гэта апісанне гістарычнага шляху беларускага народа. Пісьменнік быў шчырым у жыцці і ў творчасці, пра што напісаў у адной са сваіх мініяцюр: «Я магу памыляцца шмат у чым, у жыцці маім было нямала меншых і большых памылак, але адно я ведаю цвёрда: вышэй за ўсё і перш за ўсё — чалавечнасць. Я веру ў гэта ўсё сваё жыццё...».
Постаць Янкі Брыля – гэта постаць чалавека, які нягледзячы на ўсе цяжкасці жыцця здолеў быць беларусам, а не казацца.
Біяграфія і працы народнага пісьменніка Беларусі ў раздзеле «Імя ў беларускай навуцы».