Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Пн - Пт: 8:45 - 20:00

Зямля пад белымі крыламі

Акрамя сваіх афіцыйных назваў многія краіны маюць і неафіцыйныя, паэтычныя. Усім вядома, што краіна ўзыходзячага сонца – гэта Японія, імглісты Альбіён – Англія, краіна кветак – Нідэрланды, а Беларусь – ЗЯМЛЯ ПАД БЕЛЫМІ КРЫЛАМІ. Такую назву надаў ёй вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч. 

Апісаць пачуцці Караткевіча да роднай краіны нялёгка, ніякіх аркушаў і старонак не хопіць, бо пісьменнік быў проста апантаны Беларуссю, яе гісторыяй, прыродай і людзьмі.


Зямля пад белымі крыламі

У 1972 годзе, 50 гадоў назад, у Кіеве ў перакладзе на ўкраінскую мову ўпершыню быў выдадзены нарыс Уладзіміра Караткевіча “Зямля пад белымі крыламі”. Праз пяць гадоў – у 1977 – кніга выйшла з друку на беларускай мове і стала сапраўдным адкрыццём для беларусаў, бо гісторыю і культуру краіны у той час можна было даведацца амаль што толькі з падручнікаў.


Зямля пад белымі крыламі

І нямногія ведаюць, што вялікую ролю у стварэнні нарыса адыграла жонка пісьменніка Валянціна Караткевіч.

Пасля знаёмства з Уладзімірам Караткевічам Валянціна Браніславаўна вырашыла перабрацца ў Мінск. У канцы 60-х яна пачала працу ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук.  Тады рыхтаваўся  “Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі”. Валянціна Браніславаўна была членам рэдкалегіі і адным з аўтараў.  Яна даволі часта разам з супрацоўнікамі Інстытута ездзіла ў экспедыцыі  з мэтай даследаваць і зафіксаваць стан беларускіх помнікаў архітэктуры. Вядома, Караткевіч не мог не скарыстацца магчымасцю падарожнічаць разам з імі, бо вельмі любіў гэтую справу і тэма фальклору і этнаграфіі, яму, як рамантыку, была вельмі блізкай. Даследавалі кожную вёсачку, кожнае мястэчка. “Я аб’ездзіў на Беларусі амаль ўсё. Няшмат засталося нават глухіх куткоў, дзе я б не пабываў…”  – пісаў Караткевіч. Зразумела, што дакументальнага матэрыялу і розных запісаў у Караткевіча было назбірана зашмат. І ён пачаў пісаць. 


Зямля пад белымі крыламі
Зямля пад белымі крыламі

Але раптам на пісьменніка напала модная сёння хвароба, якую раней лічылі толькі хваробай творчых людзей – дэпрэсія. Ён знаходзіўся ў такім стане, што Валянціна разумела: трэба шукаць нейкага ратунку. І ратунак гэты можа быць знойдзены толькі ў працы. Але працаваць не атрымлівалася. Так успамінала Ізабэла Гатоўчыц, калега і сяброўка Валянціны Браніславаўны: “…Як гэта бывае ў творчых асоб, Валодзя мучыўся новай кніжкай і быў вельмі некамфортны, ён нэрваваўся, ён мог разагнаць кампанію, якія ўвогуле любіў і часта збіраў дома. І Валя, якая была вельмі разумнай спадарожніцай Валодзі, пачала шукаць нейкі спосаб для Валодзі пабыць у адзіноце .”

Нарэшце праз бюро падарожжаў “Спадарожнік” у пансіянаце “Юнацтва” быў знойдзены пакой, у якім Уладзімір Караткевіч больш за месяц працаваў над рукапісам кнігі “Зямля пад белымі крыламі”. У вольны ад працы час хадзіў у лес за любімымі смаржкамі, рабіў незвычайныя інсталяцыіі, каб павесяліць жонку і яе сяброўку, якія наведвалі яго кожную нядзелю; дыхаў свежым паветрам, слухаў гукі прыроды і паступова вяртаўся да свайго звычайнага стану.


Зямля пад белымі крыламі

Па прыезде ў Мінск 12 ліпеня 1971 года Уладзімір Караткевіч на апошняй старонке рукапісу паставіў кропку, вядома, не апошнюю, але кніга была скончана.

Так драматычна нараджаўся адзін з найлепшых твораў беларускага пісьменніка. Многія факты, змешчаныя ў кнізе, ужо адыйшлі ў нябыт, але любоў да сваёй Беларусі, якая чытаецца паміж радкамі, напаўняе пачуццём годнасці за краіну кожнага, хто дакранаецца да “Зямлі пад белымі крыламі” Уладзіміра Караткевіча.

Сёння у кожнай беларускай бібліятэцы зберагаецца друкаваная спадчына пісьменніка. Але нашай бібліятэцы пашчасціла больш. Свой асабісты архіў, спачатку ў 1970, а потым у 1981 годзе, пісьменнік перадаў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, і ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў захоўваецца самая вялікая частка дакументальнай спадчыны пісьменніка. Сярод творчых матэрыялаў, да якіх адносяцца рукапісныя і машынапісныя экзэмпляры твораў Караткевіча, і рукапіс нарыса ад 12 ліпеня 1971 года.


Зямля пад белымі крыламі
Зямля пад белымі крыламі
Зямля пад белымі крыламі

А ў кніжным фондзе аддзела зберагаецца выданне “Зямлі пад белымі крыламі”,  якое пісьменнік ў 1979 годзе падпісаў  і падараваў нашай бібліятэцы.


Зямля пад белымі крыламі
Зямля пад белымі крыламі

Зямля пад белымі крыламі
топ-услуги
Платежные системы Беларуси