Звычайны і незвычайны Максім Танк
17 верасня 2022 года – 110-ы дзень нараджэння беларускага паэта, пісьменніка, перакладчыка, акадэміка Максіма Танка (Яўгена Іванавіча Скурко).
Дарэчы, паэт не любіў юбілеі і называў іх “вясёлай рэпетыцыяй пахавання”. Таму мы не будзем сёння рабіць акцэнт на юбілейнай даце, а раскажам пра Максіма Танка – як пра звычайнага чалавека і незвычайнага паэта.
Жыццё Максіма Танка было насычаным на падзеі.
Нарадзіўся у 1912 годзе ў вёсцы Пількаўшчына былой Мядзельскай воласці Вілейскагага павета Віленскай губерні ў дружнай і працавітай сялянскай сям’і. Далучанасць да земляробчага ўкладу жыццядзейнасці родных і блізкіх спрыяла таму, што ў надораным успрымальнай душой і чулым сэрцам хлопчыку вельмі рана абудзілася цяга да пранікнення ў вабныя сферы маляўнічага наваколля, вытлумачэння яго складаных і супярэчлівых сувязей і ўзаемадачыненняў.
Калі пачалася Першая сусветная вайна, адбылося і першая вандроўка маленькага Жэні разам з сям’ёй ў Маскву ў якасці бежанцаў.
Прыгадваючы час, праведзены ў Маскве, у аўтабіяграфіі Максім Танк адзначыў наступнае: “Калі бацькі ўспаміналі пакінутыя родныя мясціны, перад маімі вачамі ўставалі: парослае густой муравой дварышча, старая пачарнелая хата з маленькімі квадратамі шыбін, разрыты катлаван студні і, побач, цёмная сцяна лесу, дзе пад хваёвымі лапкамі стаяла некалькі пчаліных вулляў-стаякоў, пакрытых вастраверхімі шапкамі з яловай кары. І чамусьці асабліва запомнілася мне малацьба цапамі і невялічкае акенца ў таку, праз якое відаць было слабадское балота з іржавымі рэчалінамі, зыбунамі, выгарамі – вечным прыстанішчам кулікоў, чэпігаў, кнігавак…”
У Маскве хлопчык атрымаў і сваю першую адукацыю на расейскай мове.
Пасля вяртання на радзіму Максіму Танку давялося вучыцца яшчэ па-польску і па-беларуску. І, канечне, беларуская мова, родная мова, матчына мова, была мілейшай ягонаму сэрцу, ён заўсёды яе абараняў і быў ёй верным. Таму, калі ў канцы 1920-х гадоў у Заходняй Беларусі пачалася ліквідацыя беларускіх школ, Максім Танк актыўна ўключыўся ў падпольную дзейнасць.
З усяго гэтага становіцца зразумелым, чаму Яўген Скурко, будучы здатным да вучобы, змяніў шмат навучальных устаноў, але так і не скончыў ні адну з іх.
Як следства, Максім Танк не меў вышэйшай адукацыі, але дзякуючы самаадукаванню, лічыўся адным з самых інтэлектуальных паэтаў Беларусі, а ў 1972 годзе яго абіраюць акадэмікам Акадэміі навук БССР.
Першая кніга, якая пакінула на будучага паэта незабыўнае ўражанне, была аповесць Мікалая Гогаля “Вечары на хутары бліз Дзіканькі”.
Першы верш, які мацней за ўсё запаў Максіму Танку ў сэрца, быў верш Янкі Купалы “Вёска”, прачытаны ім у Беларускім календары за 1925 год.
Першым уласным творам Максіма Танка была зарыфмаваная легенда пра Шкленікоўскае возера, пачутая ад старых вяскоўцаў.
А першая публікацыя з’явілася падчас вучобы ў Віленскай пушкінскай гімназіі. Для гэтага давялося зрабіць часопіс самому. Разам з сябрам Янкам Гарохам, вельмі здольным мастаком, Максім Танк выпусціў часопіс “Пралом”. Першы нумар, каля ста старонак, хлопцы аформілі ў дзвух экзэмплярах ад рукі. Менавіта ў гэтым рукапісным выданні Яўген Скурко і змясціў свае першыя вершы. Другі, ён жа і апошні, нумар часопіса пры дапамозе “старэйшых таварышаў з падполля” быў аддрукаваны ў колькасці 500 экзэмпляраў і там таксама размесціліся вершы Максіма Танка пад псеўданімам “А. Граніт”.
А Максімам Танкам паэт падпісаўся пад вершам «Заштрайкавалі гіганты-коміны» ў газеце «Беларускае жыццё» за 7 красавіка 1932 года.
Чаму Максім Танк? Як сам паэт тлумачыў, «Максім — гэта ад Горкага, пад уплывам якога мы ўсе тады знаходзіліся. А Танк — нават сам добра не магу растлумачыць, чаму Танк. Як многім пачынаючым паэтам, мне здавалася, што літаратурны поспех залежыць ад гучнага псеўданіма».
А на сустрэчах з чытачамі адказваў з уласцівым яму гумарам: “Усе віды флоры былі разабраны папярэднікамі і сябрамі: Пушча, Колас, Чарот, Васілёк... Мне нічога не заставалася, як пашукаць што-небудзь "жалезнае", вось я і спыніўся на Танку. Тады я не ведаў яшчэ, што гэта слова мае адносіны да вершаў: танка — адзін з класічных жанраў японскай паэзіі”.
Дарэчы, у паэта было цудоўнае пачуццё гумару. На ўсіх урачыстасцях ён быў заўсёды тамадой. Усялякае сур’ёзнае пасяджэнне ў Саюзе пісьменнікаў мог ператварыць у жарт, каб разрадзіць атмасферу.
Максіма Танка называюць паэтам-эксперыментатарам. Ён лічыў, што абмяжоўвацца рыфмай ці падпарадкоўвацца строгім правілам ў паэзіі немагчыма. Таму заўсёды вельмі смела эксперыментаваў у творчасці.
Калі гаварыць пра самабытных паэтаў ХХ стагоддзя, то адным з першых на памяць прыходзіць менавіта імя Максіма Танка, які быў майстрам беларускага верлібра (нерыфмаваных вершаў без метра). Не дзіўна, што пісьменнік і ў мастацтве захапляўся творчасцю мастакоў-эксперыментатараў: Казімірам Малевічам, Маркам Шагалам, Васілём Кандзінскім.
А вершы пісаў дзе хочаш. Пачысціў бульбу, – напісаў, пагуляў з дзецьмі, – яшчэ напісаў. Заўсёды меў з сабой нататнік, а вось кабінета свайго ніколі не меў.
І ўвогулле ў жыцці Максім Танк быў даволі сціплы, нягледзячы на фотаздымкі ў строгіх касцюмах з узнагародамі. Часта адмаўляўся ад выгодаў, якія адпавядалі яго статусу. Напрыклад, меў персанальную машыну з шафёрам, а ездзіў у грамадскім транспарце.
У побыце быў стрыманым. З ежы любіў сала з цыбуляй. Часам займаўся хэндмэйдам – плёў кошыкі з каранёў сасны. Выдатна гуляў у прэферанс. Фанацеў ад кіно. Але болей за ўсё любіў сваю сям’ю і жонку Любоў Ісаевіч, з якой пражылі амаль 55 гадоў, і памерлі яны ў адзін год.
Вось такі звычайны, але і незвычайны Максім Танк.