Хуберт Гольц і «Медальёны або бюсты рымскіх імператараў»
У 1557 годзе пасля дванаццаці гадоў вывучэння старажытных выяў і працы над стварэннем антычных гравюр у Антвэрпэне Хуберт Гольц (Гольцыус) (Hubert Goltzius) выдае «Медальёны або бюсты рымскіх імператараў» («Medaglien of tronien der Roomsche Keysers»).
Дадзеная кніга стала цікавым падручнікам не толькі па гісторыі, паколькі змяшчае цікавыя гістарычныя факты і трапныя апісанні дзейнасці рымскіх цэзараў, франкскіх каралёў і нават уладароў Свяшчэннай Рымскай імперыі, але і падручнікам па мастацтву гравюрыстыцы.
Хуберт нарадзіўся 30 кастрычніка 1526 года ў горадзе Венло ў герцагстве Гейлдрэс на правым беразе ракі Маас у сям'і мастакоў і гравёраў. Яго бацькамі былі Катарына Гольцыус і Рутгер Дэн Мелер (Rutger den Meeler), больш вядомы пад імем Рутгер ван Вертсбург (Rutger van Weertsburg), паколькі быў мастаком нямецкага паходжання і прыбыў у Нідэрланды з Вюрцбурга. Стрыечны брат Хуберта быў гравёрам.
Менавіта родзічы і навучылі яго жывапісу. Пасля вучобы ў Венло, Хуберт адправіўся ў Льеж, дзе працягнуў навучанне ў прыватнай акадэміі мастака Ламберта Ламбарда (Lambert Lombard), які навучыў яго друкаваць і гравіраваць. Там ён пасябраваў з Абрахамам Артэліем, з якім падарожнічаў па Нідэрландах, Германіі і Францыі, каб вывучаць нумізматыку і мастацтва медалістаў.
З 1546 па 1558 год Хуберт Гольц жыў у Антвэрпэне, дзе працаваў над зборнікам антычных гравюр пад назвай «Medaglien of tronien der Roomsche Keysers», які і захоўваецца ў фондзе аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі.
У кнізе прадстаўлена 139 гравюраў, выкананых па дрэву і расфарбаваных рудым колерам. Варта адзначыць, што гэтая праца прынесла аўтару тытул мастака дома Іспаніі Філіпа II.
Пасля выдання дадзенай кнігі Гольц яшчэ шмат будзе ўдасканальваць сваё майстэрства і нават адкрые сваю тыпаграфію у Бруге, дзе ў 1563 годзе апублікуе кнігу «Гай Юлій Цэзар, або гісторыя рымскіх імператараў у медалях», а ў 1566 годзе – кнігу «Жыццё Юлія Цэзара» з уласнымі гравюрамі.
Але сам мастак лічыў манеты дакладнай крыніцай вывучэння гісторыі, ён падарожнічаў па Францыі, Італіі (1558-1560) і Германіі (1570), каб збіраць сваю калекцыю, сістэматызаваць агульны каталог і здабываць максімум інфармацыі са сваіх знаходак. Рэпутацыя Гольца была настолькі высокай, што дзверы дамоў калекцыянераў па ўсёй Еўропе былі ўсюды перад ім адчыненыя.
Цікавы факт, мастак Антоніс Мор двойчы пісаў партрэты Хуберта Гольца ў абмен на асобнікі яго кніг пра манеты.