Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Пн - Пт: 8:45 - 20:00

Зоська Верас. Пчолы бароняць вуллі свае

Яна сябравала з Багдановічам і вучыла мове Караткевіча, ведала ўсе назвы беларускіх раслін і захавала найкаштоўнейшы гістарычны дакумент. Зоська Верас, чыя глінабітная хатка пад Вільняй стала мекай беларускага руху, была гарачай патрыёткай Беларусі, якая вартая памяці і шанавання.


Зоська Верас. Пчолы бароняць вуллі свае: Да 130-годдзя з дня нараджэння

Людвіка Антонаўна Сівіцкая-Шантыр-Войцік нарадзілася ў мястэчку Мяджыбаж Лятычаўскага павета Падольскай губерніі ва Украіне. Бацька, Антон Міхайлавіч Сівіцкі, паходзіў з Гародні і быў царскім афіцэрам. У дзяцінстве будучая пісьменніца вельмі часта наведвала сваіх дзядоў Сівіцкіх – Міхала і Міхаліну, якія жылі адразу за Фарным касцёлам, там, дзе цяпер знаходзіцца рэзідэнцыя каталіцкага біскупа. Маці, Эмілія Людвікаўна з Садоўскіх, нарадзілася на Беласточчыне, вучылася ў Кракаве пры кляштары, была сваячкай Ігната Кулакоўскага – вядомага асветніка, педагога і пісьменніка. Iгнат Кулакоўскі яшчэ ў 1834 годзе ў пісьме на імя расійскага міністра асветы пісаў пра неабходнасць даць беларускаму народу адукацыю “с учётом национальной самобытности здешних людей”. Праўнучка нават захавала дыплом аб выбранні даследчыка беларускіх старажытнасцей i педагога Кулакоўскага сябрам Навуковага таварыства ў Даніі. Прадзядуля таксама быў сябрам навуковых таварыстваў у Вільні, Варшаве і Пецярбургу.

На жаль, памёр бацька паэткі вельмі рана — дачка толькі паспела скончыць прыватнае гандлёвае вучылішча ў Кіеве. Пасля яго смерці сям’я перабралася ў родавы маёнтак Альхоўнікі Сакольскага павета. Людвіка скончыла ў Гародне прыватную жаночую гімназію, якая месцілася ў камяніцы Стэфана Баторыя, і планавала працягнуць справу дзеда, дзеля чаго паступіла на 10-месячныя садоўніцка-агародніцка-пчалярскія курсы. Практыку яна адбывала ў свайго дзеда, заўзятага садоўніка і пчаляра.

Сям’я вельмі шмат вандравала, што паспрыяла абвастрэнню патрыятычных пачуццяў і повязі з Радзімай. Жыла сям’я ў Кіеве, Луцку, Вінніцы, але абавязкова кожнае лета яны будуць прыязджаць у Гародню на два-тры месяцы.

Сапраўды, іпастасяў, у якіх давялося выступіць Зосьцы Верас у беларускім руху, не пералічыць. Яшчэ падчас вучобы ў Гародні Людвіка ўваходзіла ў гурток беларускай моладзі, які займаўся папулярызацыяй мовы і культуры. Там яна была за бібліятэкарку і сакратарку, а яшчэ грала ў тэатральных пастаноўках. Захаваліся нават яе фотаздымкі ў тэатральных строях. У п’есе “Па рэвізіі” ў лютым 1910 года яна сыграла Пантурчыху, а ў “Модным шляхцюку” — Ганку. Яшчэ ў тыя гады яна пазнаёмілася з Вацлавам Ластоўскім і Антонам Луцкевічам (апошні прыязджаў у Гародню на школьны вечар). Гурток беларускай моладзі разгарнуў вельмі актыўную дзейнасць. У 1913 годзе гурткоўцамі быў выдадзены лацінкай на беларускай мове літаратурны альманах “Колас беларускай нівы”, дзе пад псеўданімам Шара Пташка адзначылася і Людвіка Сівіцкая, яна ж была аўтарам уступнага артыкула. 

Тады ж Зоська Верас (гэты псеўданім яна ўзяла ў 1918 годзе) пачала складаць свой “Батанічны зельнік”. Яго адметнасць у тым, што ў артыкулах на першым месцы былі менавіта беларускія назвы раслін. Дасканалае веданне беларускай флоры зрабіла яе аўтарытэтнай сярод пісьменнікаў — нават такія тытаны літаратуры, як Караткевіч, пасля звярталіся да яе па батанічныя парады для сваіх кніг. Аднак любімую батаніку прайшлося на час закінуць. Пачалася вайна, і Людвіка, не раздумваючы, паступіла на 6-тыднёвыя ваенныя санітарныя курсы ў Варшаве. У эвакуацыі ў Мінску яна працавала санітаркай у Беларускім таварыстве дапамогі пацярпелым ад вайны. А яшчэ з дазволу Міністэрства земляробства Верас чытала лекцыі на 45-дзённых курсах агародніцтва і пчалярства для бежанцаў.


Зоська Верас. Пчолы бароняць вуллі свае: Да 130-годдзя з дня нараджэння
Зоська Верас. Пчолы бароняць вуллі свае: Да 130-годдзя з дня нараджэння
Зоська Верас. Пчолы бароняць вуллі свае: Да 130-годдзя з дня нараджэння

У 1916 годзе Зоська Верас сустрэнецца ў Мінску з Максімам Багдановічам, дзе яны разам будуць працаваць у Беларускім камітэце дапамогі ахвярам вайны і стануць добрымі сябрамі. Вось, напрыклад, што пра гэта піша Данута Бічэль: «Пра Максіма яна мне апавядала пры кожнай сустрэчы... Яна казала пра Максіма, які ён быў прыгожы, высокі, ажно згінаўся ад сваёй высокасці, а валасы ў яго былі каштанавыя, раскошныя, хвалістыя, а вочы блакітныя, а ў пахмурны дзень яны былі светла-шэрыя, а не карыя, як малявалі на карцінах. А я правакавала яе: «А Паўліна Мядзёлка мне казала, што Максім быў непрыгожы, бо надта бледны, хворы, кашляў і пацеў». А пані Людвіка аж падскочыла: «Няпраўда гэта! Ён быў бледны, але гэта яму было да твару. А калі кашляў, ён звычайна адыходзіў у бок. І меў заўсёды чыстую хусцінку, каб выцерці пот і вусны». 

У 1917 годзе Зоська стала адной з дэлегатак Усебеларускага кангрэсу, які прадвызначыў лёс нашай краіны, а ў 1918-м — сябрам Рады БНР. Грамадская дзейнасць заўсёды была для яе на першым месцы. 

Асабістае жыццё Зоські Верас таксама аказалася досыць няпростым. Яшчэ жывучы ў Мінску, яна пазнаёмілася з Фабіянам Шантырам — публіцыстам і будучым міністрам Рады БНР. Фабіян жыў у Бабруйску, але часта наведваўся ў Мінск, удзельнічаў у рабоце клуба “Беларуская хатка”. У Зоські і Фабіяна, які быў на пяць год старэйшы за яе, завязаліся рамантычныя адносіны. На жаль, пабачыць бацьку сына так і не прыйшлося. У 1920 годзе Фабіян Шантыр быў расстраляны. Пра расстрэл каханага Людвіка даведалася з газет, калі ў яе на руках было ўжо дзіця. Другім мужам Зоські Верас стаў Антон Войцік. З ім яна пазнаёмілася ў Вільні, куды перабралася пасля смерці дзядулі. У 1926 годзе маладыя павянчаліся ў Віленскім касцёле Святога Мікалая. У гэтым шлюбе 1 ліпеня 1927 нарадзілася дачка Галіна, у замужжы Луцкевіч (зяць Зоські Верас — сын Антона Луцкевіча).

У Вільні Зоська Верас апекавала арыштаваных польскімі ўладамі беларускіх палітычных вязняў, якія сядзелі ў віленскай турме “Лукішкі”. Вынесла з “Лукішак” вершы Міхася Машары і выдала за свой кошт яго першы зборнік “Малюнкі” (1928). Друкавала свае творы ў часопісах “Шлях моладзі”, “Студэнцкая думка”, дзе выступала разам з Наталляй Арсеневай. 


Зоська Верас. Пчолы бароняць вуллі свае: Да 130-годдзя з дня нараджэння

Дарэчы, у самой Вільні Зоська Верас жыла нядоўга. У 1923 годзе яна разам з маці перабралася… у лес. У лясным масіве на Панарскіх узгорках пад Вільняй Верас пабудавала прасторную хатку з галінак дрэў, абмазаных глінай — на ўзор украінскіх мазанак ці ляпянак. Гэтая лясная хатка і стала яе прытулкам на астатнія 70 год. А яшчэ асяродкам беларускай культуры і прытулкам беларускай інтэлігенцыі.

У лесе Зоська Верас магла адчуваць сябе больш спакойна. 

Знайсці хатку Зоські Верас было не так і проста, хоць яна і мясцілася зусім недалёка ад Вільні. Аднойчы Уладзімір Караткевіч паблукаў у лесе цэлы дзень і так і не знайшоў дарогі. Потым Зоська Верас пісала яму: «Наш Панарскі лес просіць у вас прабачэння».

Дарэчы, Караткевіч вельмі паважаў аўтарытэт пісьменніцы. Каб менш рабіць памылак, Караткевіч нават перапісаў сабе ўручную ўвесь яе слоўнік. Ён называй Зоську Верас “паважаны наш батанічны бог”. Верас уважліва сачыла за чысцінёй беларускай мовы і часта выгаворвала за русізмы і Караткевічу, і Яну Скрыгану, і Янку Брылю. Але затое, як радавалася яна, калі Караткевіч у сваіх творах выправіў “касцёр” на “вогнішча”, а “кіпрэй” на “малінавы скрыпень”. У Зоські Верас быў абсалютны моўны слых. Яна не мела вышэйшай адукацыі, але з’яўлялася выдаўцом і рэдактарам трох віленскіх часопісаў: выдавала “Заранку” і “Пралескі” для дзяцей, і “Беларускую борць” для пчаляроў. 


Зоська Верас. Пчолы бароняць вуллі свае: Да 130-годдзя з дня нараджэння
Зоська Верас. Пчолы бароняць вуллі свае: Да 130-годдзя з дня нараджэння

Верас сабрала кнігу рэцэптаў “Лекавыя травы”, уклала і выдала ў 1924 годзе “Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік”, якім і ў наш час карыстаюцца мовазнаўцы.

Усё жыццё не яе абаранялі мужчыны, а яна іх ратавала, дапамагала, апекавала. Вызваляла з турмы свайго першага мужа Фабіяна Шантыра. Натхняла няўпэўненага Фларыяна Ждановіча стварыць у Мінску тэатральную трупу. Матэрыяльна падтрымлівала зняволенага паэта Міхаіла Машару і выдала за свае грошы яго першы зборнік. Клапацілася аб хворым Максіме Багдановічы. Спрыяла творчаму станаўленню Сяргея Новік-Пяюна, калі друкавала яго творы ў “Заранцы”. Вучыла Уладзіслава Галубка не пісаць пахабных (як ёй здавалася) камедый. 

Яна працавала самаахвяраванна, заўзята, апантана як пчала. Нездарма Фарнцішак Скарыны ў прамове да кнігі “Юдзіф” пісаў: “птушкі, што лётаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае, рыбы, што плаваюць у моры і рэках, адчуваюць віры свае, пчолы бароняць вуллі свае”.


Зоська Верас. Пчолы бароняць вуллі свае: Да 130-годдзя з дня нараджэння

Паводле Міхася Скоблы

топ-услуги
Платежные системы Беларуси