Эдвард Вайніловіч: да 175-годдзя з дня нараджэння
Традыцыі мецэнацтва і падтрымкі культуры маюць у Беларусі вельмі старажытныя карані. Дзякуючы гэтай з’яве доўгія стагоддзі беларуская культура развівалася, квітнела, уваходзіла ў свой Залаты век. Адной з такіх постацей, што спрыялі развіццю беларускай культуры, дапамагалі беларускаму нацыянальнаму руху, быў Эдвард Адамавіч Вайніловіч.
«Вайніловічы не прышлі ані з усходу, ані з захаду, а з’яўляюцца карэннымі, мясцовымі, кроў з крыві, косць з косці таго народа, які калісь хаваў сваіх продкаў у тых курганах, што і зараз ёсць на вясковых могілках, і родную зямлю беларускай сахой кроіць» – пісаў у сваіх мемуарах Эдвард Адамавіч. Нарадзіўшыся ўноч з 12 на 13 кастрычніка 1847 г. ў сядзібе Ваньковічаў, Вайніловіч быў названы ў гонар свайго дзеда Эдварда Станіслававіча Ваньковіча і ахрышчаны ў Архікафедральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Бацькамі Эдварда былі вельмі адукаваныя людзі. Адам Антонавіч скончыў Слуцкую кальвінісцкую школу і Віленскі ўніверсітэт, займаўся гаспадаркай і быў пасрэднікам у многіх зямельных спрэчках, таму атрымаў вялікі аўтарытэт. Быў кампрамісарам у справе продажы вялізных Барысаўскіх маёнткаў. Маці, Ганна Эдвардаўна, была дачкой Эдварда Станіслававіча Ваньковіча і Міхаліны Станіславаўны Манюшкі, цёткі вядомага кампазітара Станіслава Манюшкі.
Выхаванне ў родавым маёнтку Савічы Слуцкага павета ў традыцыйнай шляхецкай годнасці, якую Эдвард Вайніловіч засвоіў і пранёс у сваёй душы праз усё сваё жыццё і якая заключалася ў высакароднай прастаце і сумленнасці, набожнасці і шчырай веры, зычлівасці і гасціннасці, шанаванні продкаў і ахвярнай любові да айчыны, пачалося бацькамі і працягвалася настаўнікамі, якіх падбіралі для дзяцей бацькі. Вялікім прыкладам для Эдварда заўсёды быў працавіты і мудры бацька, а таксама пакаленні памерлых продкаў. У сваім тастаменце Эдвард Вайніловіч з усёй самапавагай адзначыў: «Наш род ні перад кім шапкі не здымаў».
З павагай і ўдзячнасцю ў сваіх мемуарах ён успамінае сваю першую гувернантку Акінчыц (з малазаможнай шляхты Слуцкага павета), якая любіла Эдварда і яго сясцёр як родных і многаму навучыла. Эдвард з дзяцінства ведаў польскую (на якой у жыцці часцей за ўсё размаўляў і пісаў) і беларускую мовы, размаўляючы на ёй са сваімі сялянамі і дробнай (безмаёнткавай) беларускамоўнай шляхтай Случчыны. Першапачатковую адукацыю ён атрымаў дома ў спадчынным маёнтку Савічы пры дапамозе гувернантак і настаўнікаў, якія выкладалі яму французскую і нямецкую мовы, і гімназістаў-рэпетытараў (сына суседняга арандатара Шалкевіча і «магаметаніна» Мейшутовіча), якія вучылі яго рускай мове для паступлення ў гімназію ў Слуцку.
У 1861—1865 гг. каталік Эдвард Вайніловіч вучыўся ў Слуцкай кальвінісцкай гімназіі, якая была раней кальвінісцкай школай і лічылася адной з лепшых гімназій у краі. Яго вельмі ўразіў гэты старажытны горад, які меў столькі слядоў даўніны як у традыцыях, так і архітэктуры. У мемуарах ніякаму іншаму месцу Вайніловіч не надаў столькі любові, цікавасці, захаплення, увагі да падрабязнасцей у гістарычныя экскурсы. Пасля сканчэння гімназіі Эдвард не стаў займацца сельскай гаспадаркай у родным маёнтку і не пашоў служыць чыноўнікам, а вырашыў атрымаць спецыяльную (тэхнічную) адукацыю. У 1865 г. Вайніловіч паступіў у Санкт-Пецярбургскі тэхналагічны інстытут без экзаменаў, бо добра скончыў Слуцкую гімназію — з медалём. Яго выкладчыкам ва ўніверсітэце быў знакаміты Дзмітрый Мендзялееў. Бацька даваў Эдварду небагата грошай, бо сям’я збірала на пасаг яго сёстрам, але Эдварду ўдавалася хадзіць адзін-два разы ў месяц у тэатр альбо оперу. Універсітэт скончыў у 1869 г. з залатым медалём, атрымаўшы спецыяльнасць «тэхнолаг 1-га разраду». Жадаючы атрымаць практычны досвед па прафесіі, як адзін з лепшых выпускнікоў, атрымаў пасаду на Пуцілаўскім заводзе ў Санкт-Пецярбургу з месячным заробкам у 50 рублёў і бясплатнае пражыванне ў гарадской кватэры. На Пуцілаўскім заводзе, дзе вырабляліся шыны, бронечасткі і снарады, працаваў інжынерам-механікам.
18 ліпеня 1882 г. Эдвард Вайніловіч ажаніўся з Алімпіяй Маркаўнай Узлоўскай. 13 лютага 1884 г. у іх нарадзілася дачка Гелена, а 17 чэрвеня 1885 г. – сын Сямён. 10 чэрвеня 1897 г. у прыватным жыцці Эдварда Вайніловіча здарылася трагедыя — памёр яго дванаццацігадовы сын, які пасля зробленай аперацыі па выдаленні міндалін заразіўся скарлацінай – эпідэміяй, што бушавала ў Еўропе. А 12 лютага 1903 г., не дажыўшы аднаго дня да свайго 19-годдзя, памерла іх дачка Гелена, верагодна, ад запалення лёгкіх. Гэтая смерць вельмі моцна ўдарыла па Эдварду Вайніловічу і яго жонцы Алімпіі. Толькі вера была той сілай, якая дазволіла перажыць гора.
Жадаючы захаваць памяць аб сваіх дзецях, Эдвард Вайніловіч вырашыў пабудаваць касцёл у гонар Святога Сымона і Святой Алены, якія былі святымі заступнікамі яго дзяцей, «... і выбраў для гэтага Мінск — горад, у якім я зрабіў найбольшую частку маёй грамадскай працы і ў якім будаўніцтва другой святыні было найбольш патрэбна. Пры тым хацеў, каб Мінск меў святыню, якая б мела пэўную своеасаблівасць». Па сённяшні дзень гэты прыгожы будынак, у народзе празваны Чырвоным касцёлам, высіцца над Мінскам, як сімвал моцнага духу і самаахвяраванай працы дзеля Беларусі.
Пробашч парафіі Святога Сымона і Святой Алены, ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, выступіў з ініцыятывай перанесці прах Эдварда Вайніловіча з Быдгашча (Польшча) у Мінск і размясціць яго ў касцёле Святога Сымона і Святой Алены, фундатарам якога быў Эдвард Вайніловіч. Пасля ўзгаднення пытанняў, дазволу касцёльных улад, міністэрстваў замежных спраў Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Польшчы прах Эдварда Вайніловіча быў перавезены ў 2006 г. з Быдгашчы ў Мінск і 11 чэрвеня 2006 г. адбылося яго ўрачыстае перапахаванне пад кіраўніцтвам ксяндза Завальнюка каля касцёла.
Эдвард Вайніловіч
З Чырвоным касцёлам на «ты»
Вятры,
Што лятуць з Бэтлеему.
І рупіць прачыстаму небу
Дзяліць з ім святло мілаты.
Гасподзь яго верніцы ў сон
Паслаў,
Як абраз летуценны.
Імёны Сымона й Алены
Вяльмуе прарочысты кон.
Бажэе ў вяках небадол.
І душы жагнае трывога.
У цемначы тлуму людскога
Світае Чырвоны касцёл...
Рыгор Барадулін
Бясспрэчна, што памяць аб асобе и справах Эдварда Вайніловіча павінна захоўвацца.
На працягу 2015–2022 гг. Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Міжнародны дзяржаўны экалагічны інстытут імя А. Д. Сахарава Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі праводзяць Міжнародныя навукова-практычныя канферэнцыі «Беларусь і Эдвард Вайніловіч». Па выніках канферэнцый, якія ладзіліся ў Капылі, Слуцку, Нясвіжы, Свіслачы, Іўі і інш. выйшлі зборнікі даследаванняў навукоўцаў – спецыялістаў па гісторыі Беларусі другой паловы XIX – першай паловы XX ст.
Навуковы форум – выдатны прыклад даніны павагі да нашага славутага земляка.