Выстава “Хіба на свет выйду долі пагукаю…”
4 лістапада спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка, грамадскага і дзяржаўнага дзеяча, акадэміка АН БССР Цішкі Гартнага (1887–1937). З гэтай нагоды у ЦНБ НАН Беларусі падрыхтавана выстава “Хіба на свет выйду долі пагукаю…”.
Дэбютам Цішкі Гартнага (сапраўднае імя – Зміцер Хведаравіч Жылуновіч) у літаратуры стаў надрукаваны ў газеце “Наша Ніва” верш “Бяздольны” (1908), прысвечаны Янку Купалу. Адзін з радкоў гэтага верша і стаў назвай выставы. А найбольш вядомым творам пісьменніка стаў раман “Сокі цаліны” (1922) – першы твор гэтага жанру ў беларускай літаратуры. Акрамя таго, Цішка Гартны з’яўляецца аўтарам аповесцей “На новым месцы” (1930), “Зялёны шум” (1931), кніг апавяданняў “Трэскі на хвалях” (1924), “Прысады” (1927), “Гоман зарніц” (1932), зборнікаў вершаў “Песні працы і змагання” (1922) “Урачыстасць” (1925), зборніка літаратурна-крытычных артыкулаў “Узгоркі і нізіны” (1928). Усе гэтыя выданні, а таксама адзіны збор твораў Цішкі Гартнага, выдадзены пры яго жыцці (у 1929–1930 гг. у двух тамах) з’яўляюцца экспанатамі выставы.
Зміцер Жылуновіч вядомы таксама як адзін з лідэраў камуністычнага руху ў Беларусі і ініцыятараў стварэння Беларускай Савецкай Рэспублікі. Ён быў заснавальнікам і рэдактарам газеты “Дзянніца” – першага бальшавіцкага перыядычнага выдання на беларускай мове і першай беларускамоўнай савецкай газеты. Часта ён выступаў у гэтай газеце і ў якасці аўтара артыкулаў, некаторыя з якіх можна ўбачыць на выставе.
Постаць Цішкі Гартнага заўсёды выклікала ўвагу айчынных літаратуразнаўцаў. Яшчэ ў 1928 г. убачыў свет зборнік “Цішка Гартны ў літаратурнай крытыцы”. У пазнейшы час творчасць пісьменніка даследавалі Аляксей Клачко, Сцяпан Александровіч, Міхась Стральцоў. Кнігі і публікацыі гэтых аўтараў, як і выданне ”Успаміны пра Цішку Гартнага” (1984), таксама ўваходзяць у склад эксапазіцыі.
Пазнаёміцца з экспанатамі выставы можна ў чытальнай зале рэдкіх кніг і рукапісаў (6-ы паверх, пакой 601).