Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Пн - Пт: 8:45 - 20:00

Да 305-годдзя з дня нараджэння Георгія Каніскага

20 лістапада 1717 г. у Нежыне ў шляхетнай заможнай сям’і нарадзіўся будучы святар, грамадскі дзеяч, палеміст, багаслоў і пісьменнік Георгій Каніскі (ў міру Рыгор Восіпавіч), чыя справа па аднаўленні правоў праваслаўнай царквы і заклікі да верацярпімасці ў Рэчы Паспалітай знайшлі шырокі распаўсюд сярод насельніцтва і паўплывалі на філасофскую думку эпохі Асветніцтва.


Да 305-годдзя з дня нараджэння Георгія Каніскага

Трэба адзначыць, што Рыгор Восіпавіч Каніскі быў адным з самых адукаваных людзей свайго часу. Шляхетнае паходжанне дазволіла яму атрымаць адукацыю. Ён паказаў выдатныя веды, навучаючыся ў Кіева-Магілянскай акадэміі. Скончыўшы яе ў 1743 г., працягнуў там жа выкладаць паэзію, філасофію і багаслоўе. Прыняўшы манаскі пострыг у Кіева-Пячэрскай Лаўры ў 1745 г., Рыгор Каніскі абраў імя Георгій у гонар святога Георгія Пераможца.

У духоўнай іерархіі ён прайшоў прыступкі ад іерадыякана да арцімандрыта, а ў навуковай дзейнасці, ў сілу сваіх вялікіх талентаў, прасунуўся ад радавога лектара да рэктара Кіеўскай духоўнай акадэміі.


Да 305-годдзя з дня нараджэння Георгія Каніскага
Да 305-годдзя з дня нараджэння Георгія Каніскага

Заняпад праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай быў выкліканы некалькімі фактарамі: падтрымкай каталіцкай і ўніяцкай канфесій уладамі і нізкім узроўнем якасці адукацыі праваслаўнага святарства, а таксама ягонай артадаксальнасці і непрыманнем зменаў у грамадстве. У такіх умовах Георгій Каніскі ў 1755 г. быў прызначаны Арцібіскупам Беларускім – кіраўніком праваслаўнай епархіі з цэнтрам у Магілёве. Прымаючы гэтую пасаду, ён даў добраахвотную згоду стаць біскупам у Рэчы Паспалітай.

Узначаліўшы Магілёўскую кафедру, Каніскі пачаў працаваць над павышэннем узроўню адукацыі праваслаўнага святарства, пашырэннем кнігадрукарскай справы. Так у 1757 г. у Магілёве пры арцірэйскім доме ён адкрыў друкарню і перавыдаў скарочаны тэкст “Катэхізіса” Феафана Пракаповіча ў сваім перакладзе на беларускую мову, а таксама стварыў пры Спаскім манастыры школьныя класы і заснаваў духоўную семінарыю. Сабраў шмат дакументаў па гісторыі праваслаўнай царквы, што дазволіла яму стаць добрым спецыялістам у галіне гісторыі царквы. У гэты ж час Каніскі піша розныя палемічныя творы, філасофскія разважанні, багаслоўскія і гістарычныя трактаты.


Да 305-годдзя з дня нараджэння Георгія Каніскага
Да 305-годдзя з дня нараджэння Георгія Каніскага

У 1765 г. на аўдыенцыі караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага Георгій Каніскі выступіў з прамовай у абарону правоў праваслаўных, якая была перакладзена на еўрапейскія мовы як узор абароны верацярпімасці: “Вера наша – вось адзінае злачынства, у якім нас абвінавачваюць... Мы хрысціяне, але хрысціянамі ж прыгнятаемся... за тое, што мы не адважваемся тлумачыць вечныя Божыя законы згодна з паданнямі чалавечымі, і, так бы мовіць, не змешваем неба з зямлёю, – за тое, кажу, называюць нас схізматыкамі, богаадступнікамі. За тое, што страшымся супярэчыць з бессаромнасцю голасу сумлення, асуджаюць нас на зняволенне ў вязніцы, на раны, на ганебную пакаранне і спаленне!”. Разам з гэтым Каніскі прадставіў Панятоўскаму і свой твор “Мемарыял аб крыўдах праваслаўным”. Каніскі так уразіў Панятоўскага, што гэта дазволіла яму застацца ў Варшаве, дзе ён цягам трох год рыхтаваў і выдаваў зборнікі законаў аб вольнасці веравызнанняў і правоў хрысціянскіх канфесій у Рэчы Паспалітай “Правы і вольнасці жыхароў грэцкага веравызнання”.

Цягам 17-ці гадоў сваёй працы ў Рэчы Паспалітай Каніскі вяртаў праваслаўныя храмы, рамантаваў старыя, дбаў пра сялян, якіх прымушалі змяніць веру. Пасля трэцяга замаху на жыццё ў 1768 г. Каніскі выедзе ў Смаленск, дзе будзе Беларускім Арцібіскупам у выгнанні, пакуль у 1772 г. не адбудзецца Першы падзел Рэчы Паспалітай. 

Акрамя гэтага, у 1785 г. намаганнямі Георгія ў Слуцку была заснавана праваслаўная кафедра, на якую быў пастаўлены ў 1785 г. яго блізкі памочнік і вучань арцімандрыт Віктар (Садкоўскі). У 1793 г. арцірэйская кафедра са Слуцка была перанесена ў Мінск, што паслужыла пачаткам Мінскай епархіі.

У лютым 1795 г. Георгій Каніскі памёр, пакінуўшы пасля сябе багатую эпісталярную і творчую спадчыну. Сярод важных твораў можна адзначыць духоўны дзённік “Думкі”, адказ на “Ліст Вальтэра да настаўнікаў царквы і багасловаў”, драмы “Уваскрэсенне мёртвых”, гістарычны нарыс “Гісторыя русаў”, казанні “Словы і прамовы”.


Да 305-годдзя з дня нараджэння Георгія Каніскага
Да 305-годдзя з дня нараджэння Георгія Каніскага
Да 305-годдзя з дня нараджэння Георгія Каніскага

Лічыцца, што рэшткі Георгія Каніскага нятленны. Гэта было выяўлена падчас вайны 1812 г., а таксама ў 1875 г. пры рамонце Спаскага храма. 
На сённяшні дзень месца знаходжання рэшткаў Георгія Каніскага не вядома, паколькі яны былі страчаны ў савецкі час. Толькі ў 1993 г. Каніскі быў далучаны да ліку святых рашэннем Сінода Беларускай праваслаўнай царквы.

У фондах Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі захоўваецца шэраг прац Георгія Каніскага. Найбольш каштоўныя выдадзены ў ХІХ ст.

Выданні “Збор твораў Георгія Каніскага архіепіскапа Беларускага” 1835 г. Санкт-Пецярбургскай тыпаграфіі Акадэміі навук (маючая партрэт аўтара) і “Гісторыя русаў” Маскоўскай універсітэцкай тыпаграфіі ўяўляюць цікавую і карысную крыніцу па вывучэнні поглядаў праваслаўнага святара на гісторыю Беларусі і Украіны, раскрываючы трактаванне гістарычных крыніц Літвы і Польшчы, погляды на лёс праваслаўнай царквы, а таксама моцна акрэсліваюць беларускасць поглядаў аўтара.

топ-услуги
Платежные системы Беларуси