Літаратурна-адукацыйная праграма «І не знікаць паэтам вечна»
Мерапрыемствы святкавання 140-гадовага юбілею класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа працягваюцца!
21 лістапада ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі была арганізавана літаратурна-адукацыйная праграма з інтэлектуальнымі і лінгвістычнымі гульнямі і квэстамі “І не знікаць паэтам вечна”, у якой прынялі ўдзел вучні 7–10 класаў Гімназіі № 2 г. Мінска.
У межах праграмы было прадугледжана азнаямленне з выставамі прыжыццёвых выданняў твораў Якуба Коласа і Янкі Купалы – “Пясняр свайго народа” і “Неўміручая спадчына”, падрыхтаванымі супрацоўнікамі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў.
Сярод ранейшых выданняў твораў Янкі Купалы ‒ самы першы паэтычны зборнік “Жалейка” (1908), вершаваная п’еса “Адвечная песьня” (1910), зборнікі вершаў “Гусляр” (1910, выдадзены лацінскім шрыфтам) і “Шляхам жыцьця” (1913). Асаблівую каштоўнасць прадстаўляць кнігі з дарчымі надпісамі, зробленымі Купалам. На двух кнігах з бібліятэкі Пятра Глебкі, якая захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў, рукой Янкі Купалы пакінутыя памятныя надпісы.
Самыя ранейшыя выданні твораў Якуба Коласа адносяцца да дарэвалюцыйнага часу: “Другое чытанне для дзяцей беларусаў” (1909), “Апавяданні” (1912), “Нёманаў дар” (1913), “Прапаў чалавек” (1913), “Сымон-музыка” (1913) і “Родныя з’явы” (1914).
Якуб Колас з радасцю дарыў свае кнігі сябрам, калегам і знаёмым, а таксама розным установам, пакідаючы некалькі радкоў на памяць. Увогуле, паэт падарыў бібліятэцы Акадэміі навук 12 кніг. Акрамя кніг, падпісаных аўтарам установе, у бібліятэцы беражліва захоўваюцца кнігі Якуба Коласа з інскрыптамі, адрасаваныя Адаму Багдановічу, Максіму Гарэцкаму, Пятру Глебку і Максіму Лужаніну, і інш.
Разам з навуковым супрацоўнікам Віктарам Свёклам дзеці з цікавасцю разглядалі кнігі, узгадвалі змест асобных твораў, вывучалі почыркі класікаў беларускай літаратуры.
Далей навучэнцаў чакала падрыхтаваная адзелам маркетынгавых камунікацый пляцоўка для правядзення Квіза з пытаннямі аб жыцці і творчасці Якуба Коласа і Янкі Купалы.
З навукова-папулярнай лекцыяй “Два яблыкі на адной галінцы” перад вучнямі гімназіі выступіў культуролаг Радзівон Колас, які распавёў, як біяграфія паэтаў уплывала на іх творчасць, а таксама як адрозніваць вершы Купалы ад вершаў Коласа па стылістыцы, тэматыцы і рытміцы.
Варта адзначыць, што пасля гэтага вучні паспяхова склалі ўрыўкі з вершаў класікаў і адгадалі іх аўтарства.
Таксама выразна чыталі верш Купалы “А хто там ідзе” на польскай, чэшскай, славацкай і балгарскай мовах, слухалі яго таксама па-нямецку і па-французску. Заўзята пагулялі ў “Кракадзіла”, адгадваючы творы Якуба Коласа.
Вядучая мерапрыемства Вольга Панасіна актыўна супрацоўнічала з вучнямі, выклікаючы цікавую і нават гарачую барацьбу каманд паміж сабой у квізе. Дзеці вельмі добра паказалі сваю эрудыцыю, цудоўныя ды глыбокія веды па творчасці класікаў літаратуры, паспяхова выконвалі ўсе заданні арганізатараў.
Усе ўдзельнікі квіза атрымалі прэзенты, а найбольш актыўныя – падарункі ад бібліятэкі.
Адміністрацыі гімназіі была перададзена спецыяльная падзяка ад кіраўніцтва ЦНБ НАН Беларусі за актыўны ўдзел у мерапрыемствах бібліятэкі вучняў, з якімі мы пазнаёміліся падчас правядзення Фестываю навукі і за кароткі час арганізавалі шмат пазнавальных праграм.
Такім чынам, праходзячы ва ўтульнай і сяброўскай атмасферы, інтэрактыўная сустрэча выклікала актыўны ўдзел і вялікую зацікаўленасць, а таксама пакінула прыемныя ўражанні ў нашых юных гасцей і арганізараў.