Выданне Рэнэ Дэкарта “Discours sur la methode” 1637 г.
Цяжка прыгадаць такога ж мысляра, які б прадвызначаў лёс развіцця філасофскай думкі, як гэта зрабіў Рэнэ Дэкарт. Сусветна вядомая постаць гэтага матэматыка, фізіка і філософа аб’ядноўвае шматлікія навуковыя супольнасці ўсіх кантынентаў у прагнасці спасціжэння вышынь ягоных думак у рэчышчы рацыяналістычнай традыцыі, выкладзенай у ананімным трактаце “Развагі аб метадзе” (фр. “Discours sur la methode”) 1637 г.
Фонд рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі захоўвае першае прыжыццёвае выданне дадзенай працы Рэнэ Дэкарта, якая адзначае 385-годдзе з моманту публікацыі.
Варта адзначыць гістарычны кантэкст, які абумовіў акалічнасці стварэння трактата. На пачатку XVII ст. каталіцкая царква ўсё яшчэ спрабавала дэманстраваць сваю ўладу і аўтарытэт у пытаннях светаўспрыняцця і адлюстравання карціны свету. Але грамадства працягвала рухацца наперад і ў ім паступова фарміравалася не рэлігійнае светаўяўленне, а навуковае. Каб захаваць сваю ўладу, царкоўныя дзеячы праводзілі шэраг паказальных судовых працэсаў супраць дзеячоў навукі. Так у 1633 г. у Рыме адбыўся інквізіцыйны суд над Галілеа Галілеям, які абвінавачваў яго ў падтрымцы геліацэнтрычнай сістэмы Мікалая Каперніка (у 1616 г. яна была прызнана ерытычным вучэннем). Па выніках суда Галілей быў пакараны хатнім арыштам, які цягнуўся да самой ягонай смерці.
Падобныя з’явы паспрыялі таму, што напісаны ў тым жа 1633 г. “Трактат пра свет і святло”, Дэкарт вырашыў не публікаваць, каб не выклікаць на сябе пакарання з боку царквы і ўладаў. Некалькі год Рэнэ Дэкарт пераапрацоўваў яго, змяняў структуру і пашыраў праблемнае поле, пасля чаго выйшаў вядомы твор “Развагі аб метадзе”.
Апублікаваная ў Лейдэнскай тыпаграфіі Яна Мэйра ў 1637 г. “з прывілегіяй” (лац. “Auec priuilege”), кніга стала пераломнай працай, якая адзначыла пераход ад філасофіі Рэнэсанса (антрапацэнтрызм і гуманізм) да філасофіі Новага часу (вопыт і рацыяналізм). “Развагі аб метадзе” былі надрукаваны з падзагалоўкам “Каб правільна кіравацца сваім розумам і шукаць праўду ў навуках” (фр. “pour bien conduire sa raison, et chercher la verité dans les sciences”), што засяроджвала асноўную мэту дадзенай працы Дэкарта менавіта на абгрунтаванні рацыяналізму і навукова-метадалагічнага аналізу. Разам з гэтай працай Рэнэ Дэкарт дадаў яшчэ некалькі сваіх твораў: “Дыоптрыка”, “Мэтэоры” і “Геаметрыя” (фр. “La Dioptrique”, “Les Météores” et “La Géométrie”). Таксама аўтар адзначыў, што тры апошнія часткі кнігі з’яўляюцца “выпрабаваннем гэтага метада” (фр. “lui font des effais de cete methode”). Друкарскае клеймо Яна Мэйра з відарысам селяніна-грабара/землякопа змяшчае дэвіз “Рабі і спадзявайся” (лац. “Fac et sper”), што вельмі пасуе настрою самога Дэкарта, які ў гэты ж час сумняваўся ў неабходнасці публікацыі падобнай працы і палохаўся ціска ўлады і царквы.
Варта адзначыць, што твор быў надрукаваны ананімна. Сам Рэнэ Дэкарт прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы кнігі да выдання. Ён выказаў жаданне друкаваць яе “вельмі прыгожымі літарамі і вельмі прыгожай паперай” (фр. “en fort beaux caractères et de fort beau papier”) і па-французску, не гледзячы на тое, што лацінская мова была больш прыдатнай і папулярнай для навуковых тэкстаў. Такім чынам Дэкарт хацеў супрацьстаяць схаластычнай традыцыі і звярнуцца да больш шырокай аўдыторыі, няўжо навукоўцы і тэолагі. Ён хацеў, “каб яго разумелі жанчыны і дзеці” (фр. “être compris des femmes et des enfants”).
Экзэмпляр ЦНБ НАН Беларусі мае арыгінальную галандскую пергаментную вокладку, шматлікія падкрэсліванні ў тэксце кнігі з вылучэннем найбольш цікавых і галоўных аспектаў філасофскай канцэпцыі Дэкарта, а таксама з два дзясяткі навуковых відарысаў і схемаў.
З самага пачатку “Развагі аб метадзе” не прывабілі да сябе шматлікай увагі еўрапейскай навуковай аўдыторыі у адрозненні ад трох эсэ “Дыоптрыка”, “Мэтэоры” і “Геаметрыя”, якія выклікалі вялікую зацікаўленасць у чытачоў і атрымалі станоўчыя водгукі. Паступова папулярнасць эсе адступіць на задні план, даючы права першанства менавіта “Развагам аб метадзе”. Уплыў іх будзе настолькі вялікі і значны, што яны стануць лёсавызначальнымі для далейшага развіцця еўрапейскай філасофскай думкі. Менавіта ў гэтай кнізе прагучыць сусветна вядомае “Я думаю, а значыць я існую” (фр. “Je pense, donc je suis” ці ў лацінскім выданні 1644 г. “Cogito ergo sum”).
Наступныя часткі “Разваг аб метадзе”: “Дыоптрыка”, “Мэтэоры” і “Геаметрыя” раскрываюць практычнае прымяненне філасофскага метада рацыянальнага спасціжэння свету, выкладзенага Рэнэ Дэкартам. Яны мелі для развіцця навукі вялікае значэнне і прыцягнулі галоўную ўвагу да сябе пасля публікацыі ў 1637 г. асноўнага тэксту працы. Раскрыццё прыроды святла, законаў оптыкі, дэманстраванне новых поглядаў на паходжанне метэораў, нябёсных целаў, меркаванні аб крывых, аб прасторы – усе гэтыя думкі выклікалі дыскурс у навуковым ассяроддзі Еўропы Новага часу, падштурхоўваючы далейшае дыхтоўнае і глыбокае развіццё навукі ў плыні новага метаду – рацыяналізму.
Нягледзячы на папулярнасць прац Дэкарта, наступнае выданне “Разваг аб метадзе” па-французску выйшла толькі праз дваццаць год (у 1657 г.). У 1685 г. кароль Францыі Людовік XIV палічыў твор згубным і забараніў яго распаўсюджванне, але папулярнасць Дэкарта была ўжо несупынная.