Вечарына памяці Сержа Мінскевіча
8 снежня інфармацыйна-выставачны цэнтр Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ледзь мог змясціць гасцей, якія прыйшлі на вечарыну памяці беларускага пісьменніка, перакладчыка, драматурга, літаратуразнаўца, кандыдата філалагічных навук, кампазітара, барда Сержа Мінскевіча.
Серж (Сяргей Леанідавіч) Мінскевіч доўгі час працаваў у Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. І рабіў ён гэта шчыра і апантана, бо любіў усім сэрцам беларускую літаратуру, культуру, музыку і творчасць ва ўсіх яе праявах. Гасцямі вечарыны сталі былыя калегі, вядомыя беларускія літаратуразнаўцы, паэты, пісьменнікі, гісторыкі, блізкія сябры і людзі, якія ведалі Сержа як навукоўца, пісьменніка, спевака, заядлага футбаліста і проста добрага чалавека з прамяністай усмешкай.
Цёплыя пранікнённыя словы і ўспаміны сяброў і калег, а яшчэ бясконцая вераніца людзей, якія ўсё ішлі і ішлі на вечарыну – гэтыя абставіны гавораць самі за сябе, сведчаць пра тое, якое месца ў жыцці людзей займаў Серж Мінскевіч.
Ініцыятарам сустрэчы выступіў Мікола Уладзіміравіч Мікуліч, пісьменнік, літаратуразнаўца, загадчык аддзела узаемасувязей літаратур Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы, які вельмі шчыльна працаваў з Сяргеем Леанідавічам Мінскевічам і быў яго блізкім сябрам. Яго лірычны ўступ задаў душэўны настрой усяму мерапрыемству.
Цёплыя, пранікнёныя словы гасцей ліліся як бесперапынны струмень… Кожны з прысутных хацеў падзяліцца сваімі успамінамі, сказаць хоць некалькі слоў.
Так, вядомы беларускі паэт Леанід Дранько-Майсюк зазначыў, што такія людзі, як Серж Мінскевіч, робяць свет цудоўным і ясным.
Ігар Шаладонаў, кандыдат філалагічных навук, успамінаў сябра як таленавітага і жыццярадаснага чалавека, які ўсіх вакол сябе зараджаў пазітывам, светам невычэрпнай жыццёвай энергіяй усіх, хто быў побач. Ён прыгадаў, як працуючы настаўнікам у школе, запрашаў Сержа на ўрокі, як дзеці “кайфавалі” ад гэтых сустрэч і не маглі дачакацца наступнай.
Сваімі ўспамінамі пра Сержа падзяліліся Анатоль Трафімчык, Вячаслаў Корбут, Аксана Спрынчан, Таццяна Баранчук, Міхась Башура, Андрэй Дудко, Вера Бурлак і шматмнога хто яшчэ... Амаль усім прысутным было што сказаць пра свайго сябрука і калегу. У гэты вечар гучалі вершы Сержука і прысвечаныя яму паэтычныя радкі.
І музыка таксама гучала ў зале. Серж Мінскевіч займаўся бардаўскай песняй, рок-музыкай. Быў музыкам, спеваком, аўтарам песень у рок-гурце «Жах». Пісаў электронную музыку.
Да мерапрыемства была падрыхтавана выстава «Серж Мінскевіч – навуковец, паэт, перакладчык, пісьменнік для дарослых і дзяцей» якая пазнаёміла з яго шматграннай творчасцю, літаратурнай і навуковай.
Вершы, апавяданні, аповесці, у тым ліку фантастыка і фэнтэзі, казкі, мініяцюры Сержа Мінскевіча даўно знайшлі сваіх чытачоў, дарослых і маленькіх. Дарэчы, кніга для дзяцей «Прыгоды Какоса-Маракоса», выдавалася ўжо тры разы, гэта адна з рэдкіх беларускіх кніжак-маляванак.
Навуковая дзейнасць была прадстаўлена літаратуразнаўчымі артыкуламі, у якіх даследуецца творчасць А. Міцкевіча і пераклады яго твораў, В. Дуніна-Марцінкевіча, М. Багдановіча, У. Караткевіча. Адзін з раздзелаў выставы быў прысвечаны перакладчыцкай працы С. Мінскевіча. Як вядома, ён пераклаў паэмы «Дзяды» А. Міцкевіча, «Міндоўг, кароль літоўскі» Ю. Славацкага, а таксама творы З. Герберта, Б. П. Шэлі і інш.
З асноўнымі публікацыямі С. Мінскевіча можна азнаёміцца ў буклеце.