Выстава “Часопісу “Полымя” – 100 гадоў”
У чытальнай зале рэдкіх кніг і рукапісаў падрыхтавана выстава “Часопісу “Полымя” – 100 гадоў”, прысвечаная юбілею найстарэйшага беларускага выдання літаратурна-мастацкай і грамадска-палітычнай накіраванасці.
Увазе наведвальнікаў прапануюцца рэдкія дакументы з архіва часопіса “Полымя”, што захоўваецца у рукапісным фонде аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў. Матэрыялы рэдакцыі журнала былі атрыманы Цэнтральнай навуковай бібліятэкай НАН Беларусі (на той час ЦНБ АН БССР) ад Інстытута літаратуры АН БССР ў студзені 1983 г.
Экспазіцыя складаецца з трох раздзелаў.
У раздзеле пад назвай “З апублікаванага” экспануюцца творчыя рукапісы 1940–1950 гг. як вядомых беларускіх пісьменнікаў Я. Коласа, М. Танка, І. Шамякіна П. Глебкі, М. Лужаніна і іншых, так і тыя, што належалі маладым літаратурным пачаткоўцам, зрабіўшым свае першыя крокі ў вялікую літаратуру, сярод якіх быў і У. Караткевіч.
Раздзел “З неапублікаванага” ўключае пераклады, празаічныя і паэтычныя творы, па розных прычынах не змешчаныя на старонках часопіса. Да некаторых з іх зроблены рэдактарскія заўвагі кшталту: “Дадзена вусная кансультацыя”.
У раздзеле “З рэдакцыйнай перапіскі” змешчаны асобныя пісьмы аўтараў у рэдакцыю “Полымя”, адказы на іх, а таксама “Дакладная запіска” галоўнага рэдактара часопіса “Полымя” М. Танка аб рабоце літаратурна-мастацкіх арганізацый і часопісаў “Полымя” і “Беларусь” (1948 г.).
Завяршаюць экспазіцыю асобныя нумары часопіса “Полымя” з фонду аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў.
Запрашаем наведаць выставу!
З экспазіцыяй можна азнаёміцца да 23 снежня.