Exegi monumentum aere perennius: 115 год з дня нараджэння Заіра Азгура
Шпацыруючы па беларускай сталіцы, так ці інакш спыняешся ля вялікага ансамбля помніка народнаму паэту Якубу Коласу і ягоным героям, спыняешся ля помніка-абеліска на плошчы Перамогі, углядаешся ў рысы твараў савецкіх і нацыянальных дзеячоў на розных вуліцах розных гарадоў, а аўтар усіх гэтых манументальных аб’ектаў – Заір Азгур.
15 студзеня 1908 года ў вёсцы Маўчаны Сенненскага павета Магілёўскай губерніі нарадзіўся адзін з найвядомейшых савецкіх скульптараў-манументалістаў Заір Ісакавіч Азгур. З ранняга дзяцінства ён цікавіўся жывапісам і скульптурай. Першымі яго настаўнікамі былі разбяр па дрэве Юган Глек і ганчар Піліп Патапенка, якія навучылі Азгура ляпіць з гліны фігуркі людзей і звяроў і паказалі прыгажосць традыцыйнай беларускай глінянай цацкі. Пераломным момантам у жыцці скульптара стала вучоба ў студыі жывапісца і педагога Юдэля Пэна. Навучаўся Заір Азгур таксама і ў Марка Шагала, Міхаіла Керзіна. Потым рушыла ўслед вучоба ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме. Прафесійную адукацыю Заір Ісакавіч атрымліваў у Ленінградскім вышэйшым і Кіеўскім мастацкіх інстытутах, Тбіліскай акадэміі мастацтваў.
У 1924 годзе, калі Заір Азгур быў яшчэ студэнтам Віцебскага мастацкага тэхнікума, яму даверылі ляпіць з натуры бюст Якуба Коласа. Тады ён і сустрэўся ўпершыню з народным паэтам, пазнаёміўся з яго блізкімі. Паступова паміж імі ўсталяваліся даволі блізкія ўзаемаадносіны. Колас з сімпатыяй ставіўся да маладога скульптара, апекаваў яго, аказваў дапамогу, у тым ліку і фінансавую. Нейкі час Заір Азгур жыў у Якуба Коласа і ў Янкі Купалы. Сам скульптар узгадваў: “Шмат сардэчнасці і чалавечнасці было ў яго дачыненні да мяне. Я на працягу трох гадоў (1925-1927), калі вучыўся ў Ленінградзе, кожны месяц атрымліваў па 40 рублёў, якія высылалі мне з Мінска то дзядзька Саша, то Марыя Дзмітрыеўна, то сам Якуб Колас... Потым я даведаўся, што Канстанцін Міхайлавіч дапамагаў пачынаючым пісьменнікам і многім студэнтам, якія навучаюцца ва ўніверсітэце”.
1920-я гг. былі часам творчасці ў нацыянальным напрамку. Заір Ісакавіч ствараў шэраг скульптурных партрэтаў такіх беларускіх дзеячоў як Францыск Скарына, Васіль Цяпінскі, Змітрок Бядуля.
Разам з гэтым Азгур пачаў ствараць партрэты Фелікса Дзяржынскага, Аляксандра Мяснікова і Гракха Бабефа для Дома ўрада ў Мінску. Таксама ў 1930-я гады ім былі створаны серыі партрэтаў дзяржаўных, партыйных дзеячаў Рыгора Арджанікідзэ, Іосіфа Сталіна, Алены Стасавай, а таксама дзеячаў культуры Ларысы Аляксандраўскай, Якуба Коласа, Янкі Купалы. У 1938 годзе скульптар стварыў партрэты Карла Маркса, Фрыдрыха Энгельса і Уладзіміра Леніна.
Другая Сусветная вайна прымусіла пэраасэнсаваць не толькі чалавечыя каштоўнасці, але каштоўнасці і культурныя, мастацкія. Так у пасляваенныя гады Заір Азгур зноў вяртаецца да нацыянальных дзеячоў, ствараючы своеасаблівую галерэю партрэтаў Цёткі, Францішка Багушэвіча, Кандрата Крапівы, Паўлюка Багрыма.
Варта адзначыць, што практычна кожнага са сваіх герояў ён ведаў асабіста. Напрыклад, падчас сеансаў з народным паэтам Беларусі Якубам Коласам класік літаратуры ўвесь час жартаваў, весяліў Азгура анекдотамі і чытаў яму свае любімыя раздзелы з паэмы “Новая зямля”. А вядомы герой дзед Талаш хацеў, каб скульптар захаваў яго для гісторыі абавязкова на кані і з шашкай.
Многія творы майстра праслаўляюць наша мастацтва за межамі Беларусі. У Барадзіно пад Масквой знаходзіцца помнік-бюст палкаводцу Пятру Баграціёну. У Калькуце ўсталяваны велічны помнік Рабіндранату Тагору. Яго манументальныя скульптуры ёсць у Астрахані, Рыбінску, Махачкале, у розных краінах: Кітаі, Балгарыі, Індыі. Разам з гэтым, працы Заіра Азгура прадстаўлены ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, Малдаўскім мастацкім музеі, а таксама ў адмысловым Мемарыяльным музеі-майстэрні З. І. Азгура ў Мінску, дзе раней знаходзілася ягоная майстэрня і пра якую ён узгадваў: “Мяне ўзрадавала мая цяперашняя майстэрня. Тры гады таму я пачаў яе абжываць і зрабіў у ёй ужо 17 новых прац і адзін манументальны помнік (для гар. Гродна). У мяне ўзнікае адчуванне роднай хаты ў гэтай майстэрні… У мяне ёсць мара — у адведзены мне тэрмін працягваць актыўную творчую працу…”
Варта адзначыць, што ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі захоўваецца бюст Пятра Фёдаравіча Глебкі, зроблены Заірам Азгурам. Увогуле вядома пра тры скульптурныя партрэты Глебкі, якія выканаў Азгур. Першы – захоўваецца ў ЦНБ НАН Беларусі, другі, ідэнтычны, захоўваецца ў музеі акадэміка на яго малой радзіме, у аграгарадку Літвяны (Узденскі раён). Па сведчанні Ларысы Пятроўны Глебкі, гэты варыянт бюста экспанаваўся ў Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі. А трэці – надмагільны скульптурны партрэт Глебкі ў поўны рост – усталяваны на Усходніх могілках.
Заір Ісакавіч Азгур, жыццё якога прайшло ў трох эпохах – у Расійскай імперыі, Савецкай Беларусі і незалежнай Беларусі, рабіў скульптуры, партрэты і помнікі, помнікі іншым, – але менавіта яны увекавечылі ягоную памяць.