Лекцыя «Сфера генеалогіі: асаблівасці генеалагічных даследаванняў»
25 студзеня ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбылася лекцыя на тэму «Сфера генеалогіі: асаблівасці генеалагічных даследаванняў».
У першым выступленні запланаванага курса лекцый кандыдат гістарычных навук і супрацоўнік ЦНБ НАН Беларусі Вадзім Валер’евіч Урублеўскі распавёў пра сутнасць паняцця “генеалогія” ў навуковым і публічным дыскурсах, прычыны абуджэння родавай памяці беларусаў, розныя віды спасціжэння родавай гісторыі, стымулюючыя фактары да распачынання пошукаў, асноўныя памылкі на старце генеалагічнага пошуку, калектыўныя стэрэатыпы аб родавым паходжанні, аб’ектыўныя перашкоды на старце пошуку.
Лектарам адзначана, якія вынікі дае даследаванне радаводу на індывідуальным і калектыўным узроўнях, акрэслена паслядоўнасць этапаў генеалагічнага даследавання. Ахарактарызаваны асноўныя асаблівасці правядзення архіўнага пошуку ў Беларусі ў адміністрацыйна-тэрытарыяльным і дакументальна-відавым разрэзах.
Прадэманстраваны вынікі Гродзенскага абласнога конкурсу даследчыцкіх праектаў “Мае карані” з выявамі радаводных дрэў, які праходзіў на базе Гродзенскага дзяржаўнага абласнога Палацу творчасці дзяцей моладзі ў 2022 г.
Лекцыі па генеалогіі мяркуецца праводзіць на базе ЦНБ НАН Беларусі штомесяц.