Выстава “Жыве паміж намі дудар наш…”
Да 215-й гадавіны з дня нараджэння Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча супрацоўнікі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі падрыхтавалі выставу “Жыве паміж намі дудар наш…”. Назвай выставы стаў радок верша Янкі Купалы “Памяці Вінцука Марцінкевіча” (1910).
Беларускага пісьменніка XIX стагоддзя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (4 лютага 1808 – 29 снежня 1884) лічаць адным з пачынальнікаў беларускай літаратуры новага часу. Яго творчасць з’яўляецца значным крокам наперад у развіцці і станаўленні беларускай рэалістычнай літаратуры і асабліва драматургіі канца першай – пачатку другой паловы XIX стагоддзя. В. Дунін-Марцінкевіч пачаў пісаць свае творы пасля трыццаці гадоў. Тым не менш ён паспеў стварыць і выдаць даволі значную колькасць мастацкіх твораў – факт надзвычай знамянальны, калі мець на ўвазе катэгарычную забарону ў тыя часы якога-б там ні было выдання кніг і часопісаў на беларускай мове (лацінкаю). Пасля ён перайшоў і на кірыліцу. Але гэта адбылося пазней. А першыя яго кнігі выходзілі толькі лацінкаю. Беларуская мова была афіцыйна непрызнаная, таму пісьменнік выдаваў змешаныя зборнікі – беларуска-польскія ці польска-беларускія.
У экспазіцыі выстаўкі прадстаўлена каля пяцідзесяці дакументаў, якія сістэматызаваны ў трох раздзелах.
Пачынаюць выставу прыжыццёвыя творы В. Дуніна-Марцінкевіча – “Сялянка”, “Гапон”, “Wieczernice i Obłąkany. Poezye”, “Цікавішся? – Прачытай!”, “Дудар беларускі, або Усяго патроху”, “Люцынка, або Шведы на Літве”. У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі захоўваюцца шэсць прыжыццёвых выданняў В.Дуніна-Марцінкевіча, якія выходзілі на працягу 1846–1861 гг.
Самы ранні твор – лібрэта музычна-драматычнай оперы “Сялянка” (ў двух актах) – пабачыў свет ў 1846 г., надрукаваны ў віленскай друкарні Адама Завадскага. Гэта, па сутнасці, першая беларуская опера: паны ў ёй гавораць па-польску, сяляне – па-беларуску. Пазней з’явілася іншая назва твора – “Ідылія”. Музыку да яе напісалі С. Манюшка і К. Крыжаноўскі з удзелам самога В. Дуніна-Марцінкевіча. У гэтым творы побач з драматычнымі дыялогамі і маналогамі шырока прадстаўлены арыі і дуэты, харавыя нумары, а таксама танцы. Аўтар высмейваў фанабэрыстасць шляхты, сляпое захапленне ўсім французскім і адначасова ствараў вобраз добрага пана, які праз каханне да сялянскай дзяўчыны (тая ў рэшце аказалася ўсё ж пераапранутай паненкай) палюбіў сялян і хацеў, каб і яны яго любілі. Сапраўдным героем твора з’яўляецца не пан, а селянін Навум Прыгаворка – войт (наглядаў за працай прыгонных). Дарэчы, яго вобраз пісьменнік выкарыстоўваў у якасці свайго псеўданіма.
Опера была пастаўлена ў пачатку 1852 г. у Мінску тэатрам В. Дуніна-Марцінкевіча, ролю Навума Прыгаворкі ў спектаклі выконваў сам аўтар. Створаны В. Дуніным-Марцінкевічам аматарскі тэатральны калектыў існаваў у 1840–50-я гг. Захапленне тэатрам прыйшло да Марцінкевіча вельмі рана, калі ён жыў у Пецярбургу і Вільні. Не прапускаў ён ніводнага спектакля і ў Мінску. Пад уплывам спектакляў рускіх і польскіх труп у яго нарадзілася думка стварыць свой беларускі тэатр. Тэатральная дзейнасць В. Дуніна-Марцінкевіча – гэта менавіта той падмурак, на якім склаўся пасля сучасны беларускі тэатр.
Экзэмпляр “Сялянкі”, які прадстаўлены на выставе, ўяўляе пераплеценыя разам у канвалют зборнікі В. Дуніна-Марцінкевіча “Цікавішся? – Прачытай!”, “Сялянку” і творы польскіх пісьменнікаў. Кніга некалі належыла Яну Жахоўскаму, аб чым сведчыць штамп яго бібліятэкі на тытульным лісце.
У 1850-я гг. В. Дунін-Марцінкевіч жыў пераважна ў Мінску. Менавіта ў гэты час выйшлі з друку паэтычныя зборнікі пісьменніка, у тым ліку “Гапон” (1855). 18 лютага 1855 г. віленскі цэнзар Павел Кукальнік, праглядзеўшы рукапіс, дазволіў друкаваць гэты твор. Трэба дадаць, што Кукальнік, які з’яўляўся цэнзарам Марцінкевічавых кніг, быў з уніятаў, спрыяў пісьменніку. Гэта з яго цэнзарскай ласкі пабачылі свет усе Марцінкевічавы кніжкі. “Гапон”, як і многія другія творы пісьменніка, выйшаў з кнігарні братоў Бэйлінаў (друк Ё. Дворца).
Наступнае прыжыццёвае выданне В. Дуніна-Марцінкевіча ў экспазіцыі выставы – зборнік “Дудар беларускі, або Усяго патроху” (1857). Кніжка мае прысвячэнне: “Высакародным беларусам у доказ глыбокай пашаны гэты нязначны твор ахвяруе аўтар”. У ёй змешчаны: вершаваная прадмова-зварот “Да пачцівых беларусаў”, зварот “Да Уладзіміра Сыракомлі”, вершаванае апавяданне на польскай мове “Літаратурныя клопаты”, беларускія творы “Шчароўскія дажынкі” (з тлумачэннямі) і “Верш Навума Прыгаворкі”, у якіх пісьменнік выразна акрэсліў сваю пазіцыю да беларускай мовы і беларускай культуры. Пісьменнік сцвярджае, што разумее тыя агромныя цяжкасці, якія мусіць пераадолець, але спадзяецца, што першы крок яго пісання па-беларуску знойдзе не толькі адабрэнне, але і наступных паслядоўнікаў. Зборнік “Дудар беларускі” завяршаў мінскі Марцінкевічаў творчы ўзлёт. Пасля выхаду гэтага зборніка яму не ўдалося выдаць у Мінску ніводнай кніжкі.
На форзацы экзэмпляра “Дудар беларускі”, які захоўваецца ў калекцыі П.Ф. Глебкі ЦНБ НАН Беларусі, ўладальніцкі надпіс пісьменніка, зроблены 27 лістапада 1947 г. На авантытуле запіс алоўкам, які сведчыць, што кніга некалі была набыта ў віленскага букініста 15 красавіка 1928 г. Таксама на тытуле кнігі штамп Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні.
Яшчэ адно прыжыццёвае выданне В. Дуніна-Марцінкевіча – паэма на польскай мове “Люцынка, або Шведы на Літве” (1861). Выдадзена Віленскай друкарняй А. Сыркіна. Свой твор В. Дунін-Марцінкевіч адрасуе беларускай шляхце. Рамантычная паэма працягвае тэму мужнасці, высакароднасці, самаахвярнасці старой шляхты, яе еднасці з народам. Пісьменнік захапляецца норавамі, побытам, ідэаламі старашляхецкіх часоў, якія служаць як бы дакорам шляхце сучаснай.
Марцінкевіч прысвяціў свой твор магілёўскаму губернскаму маршалку Стэфану Любамірскаму. З ім пісьменнік меў дружныя адносіны, ён паважаў маршалка за яго клопат аб людзях, а яшчэ за цікавасць да мінулага роднай зямлі, да яе гісторыі.
Сярод рарытэтаў яшчэ адна невялічкая кніжачка на польскай мове “Wiersze rozne : powinszowanie Wojta Nauma w dzien imienin panny W...S... / Wincenty Dunin-Marcinkiewicz” (Minsk : [s.n.], 1854). У ёй змешчаны верш В. Дуніна-Марцінкевіча “Powinszowanie Wojta Nauma. W dzien imienin panny W…S…” (1854). Як лічыў даследчык творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча Г.В. Кісялёў, гэта кніга самаробная. Яна сшыта кімсьці з трох лістоў (старонкі 73–76) вядомай кнігі Дуніна-Марцінкевіча “Гапон” і ўлічвацца ў бібліяграфіях як нейкае асобнае выданне не можа. Тым не меньш, гэты адбітак з уладальніцкай бібліятэкі вельможнай асобы, аб чым гаворыць вензель у якасці пячаткі, прастаўлены на вокладцы гэтага выдання. Штамп на тытуле сведчыць аб тым, што экзэмпляр некалі належыў Беларускаму музею імя Івана Луцкевіча ў Вільні.
У другім раздзеле выставы экспануецца друкаваная літаратурная спадчына пісьменніка 1907–2012 гг., у тым ліку пераклады яго твораў на беларускую, рускую, англійскую, нямецкую, іспанскую, балгарскую, польскую і іншыя мовы.
На паліцах самыя раннія выданні гэтага раздзела выставы – паэма “Гапон”, аповесці “Wieczarnicy”, “Ščeroūskije dažynki”, “Kupałła” і інш., якія выходзілі на працягу 1907–1910 гг. у друкарні К. Пянткоўскага (Пецярбург).
У зборніку “Дыяменты беларускага прыгожага пісьменства” (Кіеў, 1919) змешчаны абраныя творы В. Дуніна-Марцінкевіча і іншых беларускіх пісьменнікаў. На выставе прадстаўлены першы нумар анталогіі.
Экспануюцца выбраныя творы, творы 40–50-х гадоў мінулага стагоддзя, надрукаваныя ў Мінскім Дзяржаўным выдавецтве, Дзяржаўным Вучэбна-педагагічным выдавецтве Міністэрства асветы БССР. Сярод сучасных выданняў трэба вылучыць кнігу “Класіка: В. Дунін-Марцінкевіч. Пінская шляхта… Тарас на Парнасе” (Мінск, 2008 г.), прымеркаваную да 200-годдзя з дня нараджэння пісьменніка, і соты том выдання “Дунін-Марцінкевіч, В. Выбраныя творы” (2019 г.) кніжнага праекта “Беларускі кнігазбор”.
Завяршаюць экспазіцыю публікацыі літаратурных крытыкаў. Прадстаўлены даследаванні Г. Кісялёва, І. Навуменкі, С. Майхровіча, У. Содаля, Ф. Ястраба, Я. Янушкевіча і іншых літаратуразнаўцаў, якія распавядаюць пра жыццё і творчасць пісьменніка.
Запрашаем наведаць выставу ў чытальнай зале аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі (шосты паверх бібліятэкі)!
З прыжыццёвымі выданнямі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча можна азнаёміцца падчас прагляду відэаэкскурсіі па экспазіцыі выставы
Куратар выстаўкі – Алена Дзенісенка, навуковы супрацоўнік аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі
Тэл. для даведак + 375 17 373 40 13