Рэспубліканская дыктоўка да Дня роднай мовы 2023
Штогод 21 лютага па ініцыятыве ЮНЭСКА адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.
І сёлета ў азнаменаванне гэтай падзеі ўсіх жадаючых запрасілі прыняць удзел у рэспубліканскай дыктоўцы, прысвечанай Году міру і стварэння.
Агульнарэспубліканская дыктоўка ўжо не першы раз праводзіцца па ініцыятыве філіяла “Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа” Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Інфармацыйна яе падтрымліваюць канал “Культура” Беларускага радыё і Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі.
У інфармацыйна-выставачным цэнтры бібліятэкі за парты селі чытачы, навукоўцы-мовазнаўцы і нават журналісты, а да анлайн-дыктоўкі далучыліся не толькі жыхары Беларусі, – у лінгвістычным спаборніцтве змаглі паўдзельнічаць жадаючыя з Італіі, Германіі, Чарнагорыі, Сербіі, Грузіі і іншых краін.
Да ўдзельнікаў акцыі з прывітальнымі словамі звярнуўся Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі У.Р. Гусакоў.
Павіншаваў прысутных са святам роднай мовы дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа І.Л. Капылоў.
Для напісання быў абраны тэкст пад назвай “Беларусь — краіна-мара!”. Адначасова мілагучныя словы пра хараство прыроды, гісторыю нашай краіны і тую веліч, якой дасягнула Беларусь, загучалі для больш чым 2000 чалавек.
Па заканчэнні дыктоўкі быў зроблены лінгвістычны аналіз. Яе ўдзельнікі праверылі вынікі напісання і абмеркавалі ўласныя памылкі.
Кожны атрымаў імянны сертыфікат. А лепшым знаўцам беларускай мовы прэзентавалі тлумачальныя слоўнікі.
Правядзенне агульнарэспубліканскай дыктоўкі – гэта не толькі магчымасць усім ахвочым праверыць узровень сваёй пісьменнасці, але і праявіць салідарнасць, прадэманстраваць сваю любоў і павагу да беларускай мовы, адчуць смак і энергію беларускага слова.
Шчыра дзякуем усім, хто далучыўся і падтрымаў добрую ініцыятыву!