Выстава “Ахвярую сваім “Я”…” да 130-годдзя з наражэння М. Гарэцкага
18 лютага споўнілася 130 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага (1893–1937).
З гэтай нагоды ў ЦНБ НАН Беларусі падрыхтавана выстава пад назвай “Ахвярую сваім “Я”…”
“Ахвярую сваім “Я” ва ймя святога ўсім нам Адраджэння” – напісаў калісьці Максім Гарэцкі. Гэтае выказванне як нельга лепш раскрывае асноўны пабуджальны матыў яго дзейнасці. Сапраўды, чым бы ні займаўся Гарэцкі, ён заўсёды падаваў яскравы прыклад самаахвярнага служэння бацькаўшчыне і яе нацыянальнаму адраджэнню.
На выставе можна ўбачыць як выданні кніг пісьменніка, так і дакументы з яго асабістага архіва.
Сярод кніг пераважаюць выданні, якія пабачылі свет пры жыцці аўтара. Так, наведвальнік можа пабачыць першую кнігу пісьменніка – зборнік апавяданняў “Рунь”, выдадзены ў 1914 г. ў віленскай друкарні Марціна Кухты. Акрамя таго, увазе гасцей прапануюцца выданне аповесці “Дзве душы” (1919), кніга “На імперыялістычнай вайне” (1926), надрукаваныя ў 1920-я гг. зборнікі павяданняў “Ціхія песні”, “Досвіткі”, п’еса “Жартаўлівы Пісарэвіч”.
Належнае месца ў экспазіцыі займаюць выданні лексікаграфічных прац М. Гарэцкага. Сярод іх – “Руска-беларускі слоўнік”(1918), які Максім Гарэцкі складаў разам з братам Гаўрылам (на тытульным аркушы экспанаванага асобніка захаваўся аўтограф М. Гарэцкага), “Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнічак”, “Практычны беларуска-расійскі слоўнік”, складдзены ў сааўтарстве з вядомым мовазнаўцам Міколам Байковым.
Літаратуразнаўчая спадчына юбіляра таксама не засталася па-за ўвагай арганізатараў выставы. У экспазіцыі знайшлося месца розным выданням ягонай “Гісторыі беларускай літаратуры”, а таксама складзенай ім “Хрэстаматыі беларускай літаратуры” і кнізе “Маладняк за пяць гадоў: 1923–1928”.
Акрамя таго, на выставе выкарыстаны архіўныя дакументы. У большасці яны належаць да асабістага архіва самога пісьменніка, які захоўваецца ў ЦНБ НАН Беларусі (фотаздымкі, копіі ягоных рукапісаў, дакументаў. якія адносяцца да розных перыядаў біяграфіі М. Гарэцкага, і інш.). Шэраг фотаздымкаў і некаторыя іншыя экспанаты выставы захоўваюцца ў архіве Янкі Шутовіча – заходнебеларускага культурнага дзеяча, які шмат зрабіў для таго, каб да шырокага кола чытачоў у пасляваенныя гады вярнуліся творы рэпрэсаванага ў сталінскі час пісьменніка.
З выставай можна пазнаеміцца ў чытальнай зале рэдкіх кніг і рукапісаў (пакой 601, 6-ы паверх).