Круглы стол «Акадэмік Сцяпан Міхайлавіч Некрашэвіч і яго час»
5 мая ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прайшоў круглы стол «Акадэмік Сцяпан Міхайлавіч Некрашэвіч і яго час: да 140-годдзя з дня нараджэння». У рамках круглага стала былі абмеркаваны не толькі навуковыя дасягненні і здабыткі С.М. Некрашэвіча, але і акрэслены пытанні далейшага вывучэння ўнёска вучонага ў станаўленне акадэмічнай навукі Беларусі.
Работа круглага стала пачалося з даклада загадчыка кафедры гісторыі Расіі гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдата гістарычных навук, прафесара Алега Антановіча Яноўскага «С.М. Некрашэвіч – адзін з герояў пяцітомніка “Інтэлектуальная эліта Беларусі”». У выступе прафесара Яноўскага была акрэслена роля Сцяпана Міхайлавіча ў фарміраванні вышэйшай адукацыі ў Беларусі, былі раскрыты розныя аспекты ягонай выкладчыцкай дзейнасці, а таксама падкрэслена роля і важнасць яго асобы пры фарміраванні вышэйшых навуковых і акадэмічных устаноў.
Вялікую зацікаўленасць выклікаў даклад загадчыцы Цэнтра гісторыі навукі і архіўнай справы, кандыдата гістарычных навук Марыны Уладзіміраўны Глеб «С.М. Некрашэвіч і Інбелкульт: акадэмізацыя беларускай навукі ў першай палове 1920-х гг.». Поле абмеркавання палягала ў наратыве напрамкаў дзейнасці створанай ў 1929 г. Акадэміі навук на базе Інбелкульта і асабсітых поглядах Некрашэвіча на працу і накірункі даследаванняў гэтых устаноў. Марына Уладзіміраўна, дзякуючы аналізу вялікага масіву крыніц, здолела прадставіць удзельнікам своеасаблівую «карціну бачання» Некрашэвічам акадэмічнай навукі ў Беларусі.
Загадчык Цэнтра даследаванняў старадрукаў і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук Кірыл Валер’евіч Сыцько выступіў з дакладам «Перапіска С.М. Некрашэвіча з акадэмікам Я.Ф. Карскім як крыніца па гісторыі навукі Беларусі 1920-х гг.». У гэтым дакладзе Кірыл Валер’евіч на падставе даследавання ліставання навукоўцаў здолеў прадставіць прамыя доказы сувязі С.М. Некрашэвіча і Я.Ф. Карскага як вучня і настаўніка. Распавёў цікавыя факты аб стасунках паміж імі, а таксама пра тое, як С.М. Некрашэвіч намагаўся «пераманіць» Я.Ф. Карскага выкладаць у Мінск.
У выступе навуковага супрацоўніка аддзела даследаванняў рукапісаў Цэнтра даследаванняў старадрукаў і рукапісаў Дзмітрыя Аляксандравіча Крэнта «“Ураджанні ад падарожжа ў Польшчу” С.М. Некрашэвіча як гістарычная крыніца» былі раскрытыя розныя акалічнасці асабістага ўспрыняцця Некрашэвічам польскай дзяржавы і Заходняй Беларусі ў прыватнасці. Дзмітрый Аляксандравіч распавёў пра асаблівасці мовы, гаворак, а таксама польскіх бібліятэк, кніжных збораў, якімі цікавіўся падчас вандроўкі Некрашэвіч.
Даклад студэнта бакалаўрыяту гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, культуролага аддзела маркетынгавых камунікацый Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі Радзівона Аляксандравіча Коласа «С.М. Некрашэвіч як даследчык дыялекталогіі беларускай мовы: погляды, канцэпцыі і ўнёсак у лінгвістыку» датычыўся раскрыцця прац С.М. Некрашэвіча ў рэчышчы збору этнаграфічнага матэрыялу і вывучэння асаблівасцяў мясцовых гаворак.
Вялікім падарункам для ўдзельнікаў круглага стаў быў выступ навуковага супрацоўніка аддзела кнігазнаўства Цэнтра даследаванняў старадрукаў і рукапісаў Вольгі Аляксандраўны Губанавай, прысвечаны тэме «Навуковая спадчына С.М. Некрашэвіча і гістарыяграфія пра яго ў фондах Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі». Падчас свайго выступу Вольга Аляксандраўна не толькі раскрыла асаблівасці прыжыццёвых выданняў, але і правяла грунтоўнае даследаванне публікацый, прысвечаных Сцяпану Міхайлавічу Некрашэвічу ад 1920-х гг. да сучаснасці.
Таксама для ўдзельнікаў круглага стала Вольгай Аляксандраўнай была падрыхтавана выстава «Акадэмік С.М. Некрашэвіч і яго навуковая спадчына».
На выставе можна было пабачыць прыжыццёвыя выданні манаграфій і артыкулаў акадэміка, сярод якіх добра вядомыя «Беларускі Лемантар» (1922), складзеныя сумесна з М. Байковым слоўнікі: «Беларуска-расейскі» (1925) і «Расейска-беларускі» (1928). Працы і артыкулы, прысвечаныя пытанням беларускага краязнаўства і дыялекталогіі: «Мовазнаўчая праца краязнаўчых арганізацый» (1926), «Програма для зьбіранья асаблівасьцяй беларускіх гаворак і гаворак, пераходных да суседніх моваў» (1927), «Да характарыстыкі беларускіх гаворак Парыцкага раёну» (1929) і інш.
Акрамя таго, увазе наведвальнікаў былі прадстаўлены артыкулы вядомых навукоўцаў, якія займаліся даследваннем лёса і дзейнасці Сцяпана Міхайлавіча, выданні, прысвечаныя гісторыі Інстытута беларускай культуры.
Такім чынам, круглы стол «Акадэмік Сцяпан Міхайлавіч Некрашэвіч і яго час: да 140-годдзя з дня нараджэння» здолеў аб’яднаць розных даследчыкаў з розных галін у памкненні ўзбагаціць айчынную навуку.