«Romanorum principum et eorum quorum maxima in Italia imperia everunt»
Жывёлы падпарадкоўваюцца толькі сваім натуральным інстынктам; але чалавек, калі ён не адчуў ўплыву навукі і філасофіі, знаходзіцца ва ўладзе імпульсаў, якія горш, чым у дзікага звера. Няма звера больш лютага і небяспечнага, чым чалавек, ахоплены запалам славалюбства, прагнасці, гневу, зайздрасці, марнатраўнасці і юру.
Э.Д. Ратэрдамскі
З моманту Вялікіх геаграфічных адкрыццяў еўрапейская навуковая супольнасць уступіла ў эпоху пераасэнсавання мінулага і стала на шлях пошукаў новых трактовак і крытычнага стаўлення да сваёй гісторыі. Адным з навукоўцаў, які працаваў у такім напрамку, быў італьянскі гісторык Анофрыа Панвініё. У фондзе Цэнтра даследаванняў старадрукаў і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі захоўваецца першае прыжыццёвае выданне працы Анофрыа Панвініё «Romanorum principum et eorum quorum maxima in Italia imperia everunt» («Рымскія ўладары і тыя, чые буйныя ўладанні калі-небудзь знаходзіліся ў Італіі») 1558 г.
Нарадзіўшыся 23 лютага 1530 г. у Вероне Джакома Панвініё належыў да збяднелай дваранскай сям’і. Пасля смерці бацькі ва ўзросце адзінаццаці гадоў ён уступіў у ордэн Святога Аўгустына, дзе і прыняў імя Анофрыа пад якім стане шырока вядомым на радзіме. У 1549 г. Анофрыа Панвініё адправіўся вучыцца ў Рым пад апекаваннем кардынала Марцэла Чэрвіні (будучага Папы Рымскага Марцэла ІІ), дзе быў зачараваны прыгажосцю горада. Гэтая зачараванасць стане адной з прычынаў таго, што ён пачне вывучаць і апісваць тапаграфію, старажытную і сярэднявечную гісторыю, біяграфіі пісьменнікаў і генеалогію вялікіх папскіх сем’яў, якія жылі, паходзілі і дзейнічалі ў Рыме.
Атрымаўшы дыплом бакалаўра мастацтваў у 1553 г., Анофрыа Панвініё стаў навучаць паслушнікаў свайго ордэна ў Рыме і Фларэнцыі. У 1557 г. ён атрымаў ступень доктара багаслоўя. Варта адзначыць і тое, што ў гэты ж час ён адмовіўся ад прапановы стаць біскупам, але пагадзіўся на пасаду карэктара і рэдактара кніг Ватыканскай бібліятэкі. Менавіта працуючы ў Ватыкане, ён здолее стварыць шэраг сваіх найбуйных і галоўных твораў, прысвечаных гісторыі рымскай улады, арыстакратыі і царквы.
З сярэдзіны 1550-х гг. Анофрыа Панвініё прыняўся пісаць «De comitiis imperatoriis liber» («Кніга аб імператарскіх выбарах»). На напісанне гэтай кнігі паўплывала тое, што ў 1546 г. на Рымскім форуме былі раскапаны Капіталійскія фасты – мармуровыя пліты з пералікам консулаў, дыктатараў, цэнзараў і трыумфатараў Рымскай рэспублікі і пачатковага перыяду Рымскай імперыі, якія складаюцца з двух спісаў. Створаныя ў эпоху Актавіяна Аўгуста, гэтыя Консульскія і Трыумфальныя фасты сталі галоўнай крыніцай для напісання «Romanorum principum et eorum quorum maxima in Italia imperia everunt : libri IIII eiusdem De comitiis imperatoriis liber» («Рымскія ўладары і тыя, чые буйныя ўладанні калі-небудзь знаходзіліся ў Італіі : кніга ІІІІ той жа Кнігі аб імператарскіх выбарах»).
Упершыню «Romanorum principum et eorum quorum maxima in Italia imperia everunt» была выдадзена пры жыцці аўтара ў 1558 г. Базэльскай тыпаграфіяй Генрыха Петры. Сведчыць пра гэта як інфармацыя, змешчаная на тытульным аркушы («Basieale, per Henricum Petrum, Anno M. D. LVIII», «Базэль, у Генрыха Петры, год 1558»), так друкарскае клеймо самога выдаўца, на якім адлюстраваны сюжэт, згодна з якім са скалы, якая расколваецца з-за ўдару молата ў руцэ Божай, што спускаецца з аблокаў (маецца на ўвазе слова Божае і яго сіла), выбіваецца полымя. Дэвіз на клейме абвяшчае: «Cum. Caef. Maieft. gratia et priuilegio» («З вялікай важнасцю, падзякай і прывілегіяй»).
У дачыненні да атрыбуцыі самога твора, варта адзначыць, што тытульны аркуш змяшчае загаловак «Onuphrii Panuinij. Veronenfis. Fratris. Eremitae. Auguftiniani.» («Анофрыа Панвініё. Веронскі. Брат. Пустэльнік. Аўгустынец.»), сыходзячы з якога мы і даведваемся аб галоўных характарыстыках статусу аўтара.
Галоўная мэта твора – гэта «In quo uniuerfa Imperatorum eligendorum ratio, ab Augufto Caefare ufque ad Imperatorem Carolum v Auguftum faepius immurata, explicatur. Item Imperii Romani diuifio in Occidententale & Orientale, cum alterius excido, eiufque per Carolum Magnum & Othonem Auguftos reftitutio referuntur» («У якім тлумачыцца агульная сістэма абрання імператараў ад Аўгуста Цэзара да імператара Карла V Аўгуста. Сапраўды гэтак жа згадваецца падзел Рымскай імперыі на Заходнюю і Усходнюю з падзеннем другой і аднаўленнем кожнай Карлам Вялікім і Атонам Аўгустам»).
Асаблівасць дадзенага экзэмпляра кнігі з фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі заключаецца ў тым, што ён захоўваўся ў бібліятэцы Радзівілаў Нясвіжскай ардынацыі, пра што сведчыць экслібрыс на форзацы самаробнай вокладкі і штамп на адной са старонак.
Варта адзначыць, што кніга мае паўскураны пераплёт ХІХ ст., а сама вокладка ўяўляе сабой спрасаваныя лісты паперы з рукапісным тэкстам, абклееныя шэрай паперай у крапінку.
На тытульным аркушы таксама размешчаны ўладальніцкі атрамантавы надпіс, які часткова прачытаць можна наступным чынам: «Domus [...] Probationis Societtis JESU [Nesvisii?] ad S. Michaelem. Ex liberalitte. His ac Adm P. Jacobi Boles[lawii] [...] Canonici... Novogrod [...] Anno 1694». («Дом выпраўленя Таварыства Езуса [Нясвжскага?] да Святога Міхаіла. У вялікадушнасці. і г.д.»).
Друкарскі дом Генрыха Петры быў другой спробай працягнуць справу свайго бацькі, таму безумоўна ў вочы кідаецца досыць добрая якасць друку і мастацкага аздаблення разглядаемага выдання. Кніга змяшчае дзясятак ініцыялаў, 1 застаўку, каля 20 манаграмаў імператарскіх імёнаў, родаў, а таксама дзяржаўных дзеячоў рымскай гісторыі, звыш дзясятка генеалагічных табліц, якія раскрываюць паслядоўнасць і пераемнасць рымскіх інстытуцый, вялікую колькасць такіх элементаў як гербы і кароны.
Намагаючыся стварыць рэканструкцыю рымскай гісторыі, Анофрыа Панвініё выкарыстаў працы Марка Тэрэнцыя Варона «De gente populi Romani» («Аб паходжанні рымскага народа»), «De vita populi Romani» («Аб жыцці рымскага народа»), не проста аднаўляючы генеалогію палітычнай улады Рыма, але вымаляваў саму сістэму і эвалюцыю палітычнай культуры.
Больш падрабязна азнаёміцца з кнігай «Romanorum principum et eorum quorum maxima in Italia imperia everunt» 1558 г. можна ў Рэпазіторыі Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі.
Матэрыял падрыхтаваў культуролаг Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі Колас Р.А.
Выкарыстаныя крыніцы:
Бєрьозкіна Н., Стефановіч А. Вісник Львівського ун-ту. Серія книгозн. бібліот. та інф. технол. 2011. Вип. 6. С. 131–147.
Dazu Frank Hieronymus.1488 Petri / Schwabe 1988. Basel 1997, Band 1. S. 318–320.
Stefan Bauer. Onofrio Panvinio, in Dizionario biografico degli Italiani. 2014. Vol. 81. P. 36–39.