Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Пн - Пт: 8:45 - 20:00

Язэп Драздовіч: Прозай да тайнаў сусвету

Мы працягваем знаёміць нашых чытачоў з літаратурнай спадчынай Язэпа Драздовіча, якая захоўваецца ў Цэнтры даследаванняў старадрукаў і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі.

На пачатку 1910-х гг. Язэп Драздовіч стаў актыўна ўлівацца ў беларускі нацыянальны рух. Ён супрацоўнічаў з газетай «Наша Ніва», куды спачатку дасылаў свае малюнкі, а пасля і допісы пра клопаты хлебаробаў-землякоў.

У 1919 г., пасля стварэння БССР, Драздовіч пераехаў у Мінск, дзе працаваў у Беларускім літаратурна-выдавецкім аддзеле пры Камісарыяце асветы БССР. Тут жа ён арганізаваў культурна-асветніцкае таварыства «Заранка», якое адкрывала школы, аматарскі тэатр, бібліятэку; выкладаў малюнак у беларускай гімназіі і жаночай прагімназіі, супрацоўнічаў з літаратурнымі выдавецтвамі як ілюстратар.

У гэты мінскі перыяд Драздовіч стварыў серыю ўнікальных малюнкаў гістарычных раёнаў места – Замчышча, Верхняга Рынка, Татарскага прадмесця. Даследаваў рэчышча Нямігі, праводзіў раскопкі ў Заслаўі, Свіры. Таксама прыклаў намаганні да напісання прозы.

Першым празаічным творам Язэпа Драздовіча стала аповесць, напісаная ў 1919 г. «Нявольніцы кволага сэрца».

Рукапіс «Нявольніцы кволага сэрца» уяўляе сабой самаробны сшытак кніжнага фармату з шэрай нелінаванай паперы і складаецца з 9 аркушаў. Запісы зроблены чарніламі, простым і каляровымі (сінім і чырвоным) алоўкамі. На вокладцы зафіксавана не толькі назва, год напісання, але і аўтарскае вызначэнне жанру – эскізы (паводле ўстаялай канстатацыі – апавяданне), што кардынальным чынам мяняе ракурс асэнсавання тэксту як «незавершанага». Само афармленне твора ў адмысловы сшытак не ў апошнюю чаргу сведчыць на карысць яго прадуманасці і падвядзення пэўнай рысы ў аўтарскіх планах.

Мастацка-графічная аформленасць тэксту не можа не выклікаць тыпалагічныя паралелі з паэтыкай еўрапейскага экспрэсіянізму. Шэрая аснова паперы, кідкія каляровыя праўкі, нават пашкоджанасць сшытка (скразная дзірка ў большасці аркушаў) – усё працуе на візуалізацыю і адпаведнае ўспрыманне твора. Асобныя тэкставыя фрагменты хоць і закрэслены, але іх адметная вылучанасць, паліхромнасць прыцягвае ўвагу, і ў агульным корпусе тэксту яны ствараюць свайго роду другі, факультатыўны план аповеду і адметнай псіхалагічнай нівеліроўкі.

Вобраз галоўнай гераіні створаны выключна праз эмоцыі, сканцэтраваныя ў рэпліках. Лагічным было б чакаць ад Язэпа Драздовіча, удзельніка нацыянальных праектаў у Вільні пачатку ХХ стагоддзя, працягу традыцый беларускай літаратуры нашаніўскага перыяду. Але перад намі прынцыпова адрозны тып гераіні – маладой асобы, якая рыхтавалася стаць «свецкай дамай». Падманутая кавалерам, яна знаходзіцца на стадыі экзістэнцыяльнага надлому псіхікі, містычнага ўнутранага разладу, раздвоенасці (дуалізму), што прысутнічае ў назве, вобразным і кампазіцыйным рашэнні твора.

Язэп Драздовіч: Прозай да тайнаў сусвету

Арганічным працягам распрацоўкі гістарычнай тэмы, прадстаўленай Драздовічам у візуальнай форме, стала яго вербальная інтэрпрэтацыя гісторыі Беларусі. Менавіта ў слове Драздовіч планаваў стварыць «шырокае гістарычнае палатно». У 1921–1922 гадах ён працаваў над гістарычна-бытавым раманам «Гарадольская пушча», які так і не быў дапісаны.

Дзеянне «Гарадольскай пушчы» адбываецца ў двух часавых планах: падчас Першай сусветнай вайны і ў часы княжання Вітаўта і Ягайлы. Працаўнікі ваеннага шпіталя – доктар Анімовіч, «вечнавясёлы вусач» санітар Радзька, аптэкар Парфумовіч, фельчар Гультаевіч, што па волі лёсу размяшчаюць свой шпіталь недалёка ад старажытнай валатоўкі, становяцца сведкамі загадкавага абраду, які праводзіць вясковы кніжнік Ягамосць Лявон: «Навокал таго зялёнага кургану (каторым мы ўжо раней былі зацікаўлены) звенавым сузвеннем, пакленчыўшы на каленях, усе як адзін апранутыя ў снежна-белыя вопраткі, босыя і без шапак, сівагаловыя нейкія дзяды. Яны стаялі так супакойна, што як быццам былі не жывыя гэтага свету людзі, а выхадцы з векавечнай вечнасці або разьбярскія творы з белага мармуру. З грудзей іхных стройным ціхім харавым тактам вырываліся з невыяўнымі падгукамі слоў жалобныя гукі модлаў і расплываліся навокал, як быццам нейкае далёка-далёкае баравое гугнавае рэха». Таямінічую атмасферу відовішча, надаючы яму звышнатуральны характар, падкрэсліваюць выказванні санітара Радзькі, які на свае вочы бачыў, як «зямля застагнала», «пачалі падымацца магільныя пліты», з-пад пліт падняліся, а потым «павыходзілі белыя дзяды-чараўнікі на чале з высокім дзедам». У рэальнасці ж містыка знайшла даволі рацыянальнае тлумачэнне: Радзька – жартаваў, а магічнае дзеянне ўяўляла сабой не што іншае, як святкаванне Радаўніцы.

Вартымі ўвагі з’яўляюцца і апавяданні «У вар’яцкім доме» ды «Вар’ят без вар’яцтва».

Такім чынам, проза Язэпа Драздовіча ахапіла шырокі пласт сацыяльных праблемаў ад нацыянальнага адраджэння да пераасэнсавання гісторыка-культурнага вопыту.

Па матэрыялах Міколы Труса «Першы празаічны твор Язэпа Драздовіча, які чакаў публікацыі больш за стагоддзе» і Маргарыты Пятуховай «Гісторыя Беларусі ў інтэрпрэтацыі Язэпа Драздовіча: на матэрыяле рамана Язэпа Драздовіча “Гарадольская пушча”».

топ-услуги
Платежные системы Беларуси