Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Пн - Пт: 8:45 - 20:00

Круглы стол “Спадчына беларускага паэта-лацініста Міколы Гусоўскага”

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы і Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа запрашаюць вас прыняць удзел у круглым стале “Спадчына беларускага паэта-лацініста Міколы Гусоўскага”, які адбудзецца 28 верасня 2023 года ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі (Мінск, вул. Сурганава, д. 15).


Круглы стол “Спадчына беларускага паэта-лацініста Міколы Гусоўскага”

У 2023 годзе адзначаецца пяцісотгадовы юбілей знакамітай паэмы Міколы Гусоўскага (каля 1480 – пасля 1533) “Песня пра постаць, дзікасць зубра і паляванне на яго”. Мікола Гусоўскі – адзін з найбольш выдатных паэтаў-лаціністаў Беларусі эпохі Адраджэння. Ён служыў пры двары біскупа плоцкага Эразма Вітэлія і менавіта па яго просьбе для Папы Рымскага Льва Х стварыў сваю знакамітую паэму, якая была напісана ў 1521 г., дапрацоўвалася ў 1522 г., а ў 1523 была апублікавана ў Кракаве з прадмовай, адрасаванай каралеве Боне.

“Песня пра зубра” – першы ў гісторыі беларускай літаратуры высокапаэтычны і патрыятычны твор пра прыроду Беларусі, мінуўшчыну краіны, пра заняткі, звычаі, побыт, светапогляд нашых продкаў. У паэме аўтар уздымае вечныя і актуальныя тэмы жыцця і смерці, вайны і міру, чалавека і Радзімы, асобы і гісторыі і раскрывае іх з гуманістычных пазіцый. З асаблівым майстэрствам, надзвычай вобразна і маляўніча пададзены сцэны палявання на зубра і яго паводзіны, поўныя эмацыйнай глыбіні і драматычнага напружання.

Праблемнае поле Круглага стала

  • Эпоха Адраджэння – універсальная з’ява еўрапейскай культуры.
  • Мікола Гусоўскі і ўмацаванне нацыянальнай ідэнтычнасці.
  • “Песня пра зубра” – помнік літаратуры Беларусі эпохі Адраджэння.
  • Спадчына Міколы Гусоўскага ў айчынных і замежных літаратуразнаўчых даследаваннях.
  • Пераклады твораў Міколы Гусоўскага на беларускую мову.

Мовы Круглага стала: беларуская і іншыя славянскія. 

Рэгламент выступлення: да 10 хвілін.

Заяўкі прымаюцца да 11 верасня 2023 г. на электронную пошту: husouski2023@yandex.by

Форма ўдзелу: вочная. Праезд, харчаванне і пражыванне – за кошт удзельнікаў Круглага стала.

Па выніках Круглага стала плануецца выданне зборніка матэрыялаў. Выступоўцам неабходна прадставіць надрукаваны тэкст даклада і яго электронную версію. Матэрыялы дасылаюцца не пазней за 2 кастрычніка 2023 г.

Інфармацыйны ліст і патрабаванні да афармлення дакладаў

Праграма круглага стала

топ-услуги
Платежные системы Беларуси